Яўген Зубовіч: Стварыць класічны гістарычны раман!

У траўні свет пабачыў першы беларускамоўны раман пра “крывавы патоп”. Сярэдзіна XVII стагоддзя, Багдан Хмяльніцкі падаўся пад “высокую руку” маскоўскага цара, спадзяваючыся так захаваць сваю дзяржаву. Масква абвяшчае вайну Рэчы Паспалітай, прагнучы разам з Украінай далучыць і Вялікае Княства. Цар Аляксей Міхайлавіч пачаў пошукі “беларускага Хмяльніцкага”.

Яўген Зубовіч

“Беларускі палкоўнік” — раман пра вернасць і здраду вайскоўцаў, мужнасць змагання і бесчалавечнасць вайны, каханне і маральны выбар кожнага героя.

Аўтар твора — малады краязнаўца з Чавусаў, які, атрымаўшы эканамічную адукацыю, возіць захапляльныя экскурсіі па Беларусі і папулярызуе нацыянальную гісторыю.

Гутарым з Яўгенам Зубовічам

 

— Адкуль узнікла ідэя напісаць пра падзеі XVII стагоддзя на Магілёўшчыне? Вялікае Княства  Літоўскае, войны, змаганне, здрады…

— Ідэя кнігі з’явілася больш за 10 гадоў таму, я тады працаваў у архівах, збіраў матэрыял па гісторыі Чавусаў і нечакана для сябе адкрыў такое, што да канца нават не мог зразумець. Так я пазнаёміўся з маім героем — палкоўнікам Канстанцінам Паклонскім, які вельмі здзівіў мяне тады і, па шчырасці, працягвае здзіўляць дасёння. Толькі ўявіце сабе: афіцэр войска ВКЛ пераходзіць на бок Масквы, шчыра думаючы, што гэтым уратуе сваю краіну. А маскоўскі цар дае яму права набіраць войска на Магілёўшчыне. Узнікае нечуваная раней для нашай гісторыі з’ява — Беларускі полк.

Ды і ўвогуле, беларускае XVII стагоддзе такое драматычнае, у ім пераплялося шмат насычаных гістарычных працэсаў, неадназначных падзеяў. Усё гэта дае надзвычай цікавыя сюжэты для рамана.

Ну і сама гістарычная асоба беларускага палкоўніка Паклонскага ў нашай гісторыі выглядае неадназначна. Многія адразу даюць яму адмоўную ацэнку, але калі бліжэй з ім знаёмішся, разумееш, што не ўсё было так проста. Усплываюць новыя факты, якія ствараюць іншы вобраз Канстанціна Паклонскага, які раней не з’яўляўся ў літаратуры.

Некаторыя кажуць пра занадта хрысціянскі вобраз Паклонскага ў кнізе. Але людзі часта пераносяць сучаснае жыццё на тагачасныя падзеі. Хоць калі пачытаеш гістарычную літаратуру, то зразумееш, што ў XVII стагоддзі наогул не было людзей сярод беларускай шляхты, якія б заяўлялі, што не вераць у Бога.  У тыя часы вера ўспрымалася як натуральная рэч, якая заўсёды была з чалавекам. Безумоўна, людзі верылі па-рознаму, і акурат гэтыя моманты я таксама пастараўся адлюстраваць побач з асноўнай канвой рамана.

 

— У чым асноўны канфлікт кнігі?

— Асноўны канфлікт сюжэту ў тым, што шляхціц Канстанцін Паклонскі, рэальная гістарычныя асоба, малады дастаткова чалавек, жаўнер, у пэўны час заблытаўся, каго лічыць ворагам сваёй Радзімы. Гэта гісторыя пра тое, як чалавек можа трапляць пад розныя ўплывы. Спачатку ён сам пагаджаецца прывесці ворага на сваю зямлю, але з часам бачыць сваю памылку. І вяртаецца, як ён сам пісаў у сваіх лістах, да мілай залатой Айчыны.

Канечне, у кнізе ёсць і каханне, і гістарычныя падзеі, якія праходзяць на фоне асноўнага сюжэту. Думаю, людзі, якія будуць чытаць раман, убачаць шмат паралеляў з сучасным жыццём і нават сучаснымі палітычнымі падзеямі. Калі я пачынаў пісаць раман, я не ведаў, што так можа адбывацца і сёння. Але чытаючы пра падзеі трохсотгадовай даўніны, мы можам рабіць высновы і для сённяшняга дня.

 

— Якое пасланне вы закладаеце ў кнігу?

— Пасланне любові да Айчыны. Я стараўся паказаць таксама рэчаіснасць таго часу, стварыць яе своеасаблівую энцыклапедыю. Не магу сказаць, што гэта на 100% энцыклапедыя, бо гэта мастацкі твор. Але, мне падаецца, створаны дастаткова дакладны антураж эпохі. Як у свой час наша шляхта казала: “Бог, Гонар, Айчына”, — такое пасланне і ёсць у гэтым творы.

Маёй задачай было стварыць класічны гістарычны раман. Асобы, якія ёсць у рамане, падзеі максімальна адпавядаюць рэчаіснасці. Я доўгі час вывучаў увесь гістарычны фон тых падзеяў, канкрэтных персон. Таму не магу сказаць, што гэтая кніга — фэнтэзі. Безумоўна, ёсць нейкі адсотак мастацкага вымыслу, але ўсё гэта звязана з патрэбамі сюжэта і не ўплывае на галоўную гістарычную лінію.

Канстанцін Паклонскі ў рамане выступае як зборны вобраз беларускай шляхты таго няпростага часу. Шляхты, якой даводзіцца рабіць выбар, на чыім баку ваяваць, каго падтрымліваць, якія каштоўнасці абараняць.

Усё атачэнне Паклонскага, яго сябры-вайскоцы, гетманы — таксама рэальныя гістарычныя асобы, рэальныя імёны, рэальныя прозвішчы таго часу. Хто ўведзены ў раман, дык гэта каханая Канстанціна Паклонскага. На сённяшні дзень мы не маем ніякіх сведчанняў пра асабістае жыццё палкоўніка. Але раман проста не можа абысціся без гісторыі кахання, таму ў ім з’яўляецца такі персанаж.

Думаю, многім будзе цікава даведацца, як складаюцца іх адносіны.

005

— У сучасным свеце не прынята ўжываць мову варожасці, распальваць варажнечу. Але калі чытаеш пра гістарычныя падзеі, у якіх войскі суседніх дзяржаў проста знішчаюць беларускія гарады, цяжка абысціся без эмоцый. Ці лёгка, вывучаючы беларускую гісторыю, не прасякнуцца нянавісцю да гістарычных агрэсараў?

— Я лічу, што найлепшы варыянт — калі суседзі, дзяржавы і народы, сябруюць паміж сабою. Нават калі ў гісторыі такое сяброўства не заўсёды было. Раман ствараўся, каб мы рабілі высновы з памылак, якія дапускалі кіраўнікі і ВКЛ, і Расіі, і Украіны. У рамане закранутыя некалькі краін, паказваюцца складаныя, супярэчлівыя сітуацыі, якія былі ў той час. Вывучаючы іх, мы можам рабіць высновы, каб не дапускаць такога ў будучыні. Каб максімальна выхоўваць сучасныя грамадствы ў павазе і любові адно да аднаго.

Ёсць такія паняцці, як “ваяўнічы дух”, “імперскі дух”. Тое, што можа адмоўна ўплываць на паводзіны народа ў той ці іншы перыяд гісторыі. Але Бог стварыў розныя народы — беларускі народ, рускі народ, украінскі народ — не для таго, каб яны ваявалі паміж сабою.

 

— Якія наогул перспектывы гістарычнага рамана ў Беларусі: ці можна нешта новае напісаць у нашай краіне пасля Караткевіча, Арлова і Рублеўскай?

— На дадзены момант у Беларусі вельмі мала людзей, якія займаюцца напісаннем вялікіх гістарычных твораў. Публіцыстыкі, канечне, значна болей. А вось мастацкіх твораў не так шмат. Таму перспектывы ў гэтай сферы вялізныя. Вельмі шмат тэмаў беларускай гісторыі мала адлюстраваныя ці наогул не адлюстраваныя ў мастацкай літаратуры.

Аўтары радзей звяртаюцца да гэтага жанру, бо гэта пэўны высілак. Трэба ахвяраваць час, трэба ахвяраваць рэсурсы, каб вывучыць гістарычныя падзеі. І ніхто не гарантуе, што твой твор будзе прыязна прыняты і будзе мець той уплыў, на які ты разлічваеш.

Таму ў нас вельмі не хапае твораў і аўтараў, якія паказваюць гістарычныя падзеі ў мастацкай літаратуры. Не толькі падзеі, дзе ўсё зразумела. А хутчэй тыя падзеі, дзе ёсць шмат і шмат пытанняў. Дзе ёсць неадназначнае стаўленне да пэўных з’яваў ці герояў.

 

— Раман заяўлены ў трох частках, але выйшла толькі першая. Астатнія ўжо напісаныя: ты ўжо ведаеш, чым скончыцца гісторыя?

— Безумоўна. Канец будзе натхняльны. Хоць, магчыма, я нешта яшчэ змяню. Заклікаю ўсіх набываць і чытаць раман.

Набыць “Беларускага палкоўніка” можна на Kniger.by, а таксама ў “Акадэмкнізе”, кнігарні “логвінаЎ” і крамах “Белкнігі”.

 

Яўген Зубовіч нарадзіўся ў Чавусах на Магілёўшчыне. Эканаміст паводле адукацыі, але ўсё сваё жыццё захапляецца гісторыяй. Працуе экскурсаводам і гідам-перакладчыкам у Мінску. Аўтар краязнаўчых кніг па гісторыі Магілёўшчыны.

Барыс Гарэцкі, фота аўтара

Глядзіце таксама:

Алесь Кіркевіч пра раман “Беларускі палкоўнік”