Якую ролю ў мастацтве адыгрывае фантазія, задаецца пытаннем Звязда. Ці можа яна быць паўнавартаснай заменай жыццёвага досведу, дастатковым матэрыялам для таго, каб ствараць кнігі, карціны, кінастужкі? Адкуль увогуле бярэцца фантазія, ці ёсць нейкая рэальная аснова ў тых вобразаў, што прыходзяць да нас ва ўяўленні?
Што, калі ўсе пісьменнікі-фантасты, якія прадказалі ў сваіх кнігах тэхналагічныя навінкі, насамрэч мелі машыну часу і проста спісвалі тое, што бачылі, па меры свайго разумення? Што, калі акцёры насамрэч пражываюць па некалькі жыццяў дзякуючы нейкім невядомым нам тэхналогіям? Што, калі мастакі таксама пісалі абсалютна ўсё з натуры?
Неверагодныя знаходкі
У маленькай чорнай зале ў Музеі Заіра Азгура выстаўлены невялікі фотапраект з назвай «Новая зямля». Гэта разрэзаныя, праяўленыя і павялічаныя здымкі з плёнкі. Чорна-белыя, з кепскай дэталізацыяй, дзесьці напалову засвечаныя. На іх, калі прыгледзецца, можна ўбачыць нейкія экзатычныя, хаця і аддалена знаёмыя, пейзажы. Гэтыя знойдзеныя і адноўленыя паэтам і перакладчыкам Сержуком Мядзведзевым фотаздымкі — пацвярджэнне таго, што Язэп Драздовіч вандраваў у космас не толькі паводле метафарычных заяў у публіцыстычных артыкулах, але і насамрэч. Выявы на фотаздымках пацвярджаюць, што многія карціны з цыкла «Жыццё на Марсе» напісаны як сапраўдныя пейзажы. Прыглядаючыся, пазнаеш абстаноўку з «Вечара ў пустыні на Марсе», што выяўляе каменаломню, і з «Мармуровага палаца-галерэі ў экватарыяльнай краіне на Марсе», і з іншых палотнаў. Касмічныя візіты самага загадкавага беларускага мастака аказваюцца сапраўднымі вандроўкамі.
«Язэп Драздовіч заварожваў мяне здаўна. Як беларус, як мастак, як вынаходнік, як празорлівец, які шмат у чым апярэдзіў свой час. Як прарок, што, як і належыць прароку, не знаў прытулку ў сваёй айчыне і мусіў шукаць прыстанку ў чужых, незямных краях. Нямала папацягала яго жыццё па гэтых і іншых светах, але — на наша шчасце — спакой ён знайшоў тут, у роднай глебе, даўшы магчымасць нашчадкам дакрануцца да сваёй спадчыны.
І няхай з гэтай спадчыны знойдзена і сабрана ўжо даволі, у мяне не было сумневаў, што яшчэ шмат яго карцін, замалёвак і дываноў пыляцца недзе на гарышчах даўно закінутых хат і чакаюць свайго часу.
Урэшце летась я выправіўся ў вандроўку па тых мясцінах, дзе слынны мастак дажываў свой век, з надзеяй нечага адшукаць. Дзясяткі наведаных вёсак, сотні агледжаных хат — і вось яна, удача, вось ён, лёс: у вёсцы з назвай Мядзведзева, у паддашку адной з хат, мяне чакала старая, абношаная валіза, а ў ёй сапраўдны скарб — пацёртая фотастужка, зрэзаная з падрамніка карціна і стос нататак», — распавядае пра сваю знаходку Сяржук Мядзведзеў. Разам з фотастужкай і праяўленымі кадрамі ў экспазіцыі прадстаўлены прыклады нататак, аловачных замалёвак, на якіх — скафандр для доўгага знаходжання ў беспаветранай прасторы, схема касмічнага карабля і маршрут, траекторыя палёту паміж планетамі. Тут жа прадстаўлена і старая валіза з мяшэчкам чырвонага пяску і, вядома, знойдзеная карціна — цэнтр экспазіцыі. На ёй — багатая разнастайнасць пастэльных колераў, выява чагосьці накшталт лецішча, невялікі аднапавярховы дом з пляскатым дахам і шмат невядомых раслін вакол. Кампазіцыя сапраўды асацыіруецца з работамі Язэпа Драздовіча — нізкія расліны на першым плане ўводзяць углыб экспазіцыі, да больш буйных аб’ектаў. Цалкам магчыма, што знаходка — знойдзеная карціна Драздовіча. На гэта намякаюць і подпіс, і дата — 1932 год.
Сакрэты марсіянскіх падарожжаў
Але ўся экспазіцыя мак’юментарная.
Постмадэрнізм спарадзіў шмат цікавых форм для «пераразуменняў» і рэакцыйных дзеянняў у культуры. Адной з такіх з’яўляецца мак’юментары. Гэта жанравая разнавіднасць ігравога кіно, якое пабудавана са знешнімі прыкметамі дакументальнага. Мак’юментары з’явілася ў 1950-я і напачатку было рэакцыяй на хлуслівую камерцыйную тэледакументалістыку, што распаўсюдзілася ў той час. Першапачаткова гэта была сатырычная, парадыйная з’ява. Пазней прыкметы мак’юментары сталі выкарыстоўваць як прыём для здымак жанравых фільмаў, асабліва хорараў. Сам тэрмін быў абазначаны пазней за з’яву — прыкладна ў 1980-я.
У беларускім сучасным мастацтве прыклады мак’юментары найчасцей сустракаюцца ў выглядзе кароткаметражных стужак на фестывалях незалежнага кіно. Найчасцей яно прымяняецца да кінаэксперыментаў, але ў астатніх відах мастацтва яго можна разглядаць як сінонім містыфікацыі.
Асноўная мэта мак’юментары — выклікаць сумненні, навучыць крытычна асэнсоўваць рэчаіснасць. Праект «Новая зямля» цікавы тым, што ў мак’юментарным эксперыменце выкарыстоўваецца менавіта фатаграфія.
«Мы прызвычаіліся безумоўна верыць фатаграфіі. Задуманая як адбітак рэальнасці, ад моманту з’яўлення фатаграфія замацавала за сабой статус дакумента, пасланца ісціны. З першых дзён існавання фатаграфія была і сродкам выказвання, і сацыяльным канструктарам — спосабам асвятліць і пацвердзіць, але і сказіць і зрынуць... Мак’юментары вучыць больш скептычна ставіцца да навакольных падзей, бачыць нестыкоўкі і, магчыма, знаходзіць новыя шляхі іх развіцця. Мастакі новага пакалення абнаўляюць сувязі фатаграфіі з рэальнасцю, ператвараючы фатаграфію ў прыгоду», — пазначае ў анонсе адна з куратараў праекта Алена Пратасевіч.
Выстаўка «Новая зямля» створана Сержуком Мядзведзевым пры ўдзеле мастачкі Лізы Лянкевіч. Фатаграфія ў ёй становіцца не проста мастацтвам фіксацыі рэчаіснасці або звужэннем вялікага працэсу ці падзеі ў адзін эмацыянальны ці інфармацыйны сюжэт — яна пераўтвараецца ў мастацтва яшчэ да характэрнага гуку затвора.
Мы прызвычаіліся да таго, што стварыць фэйк-фотаздымак можна з дапамогай мантажу. Але гэта выпадак, калі імітацыя ствараецца абсалютна мастацкімі метадамі. Для таго каб атрымаць праўдападобныя фотаздымкі, аўтар зрабіў міні-макеты, інсталяцыі, якія імітавалі пабудовы і ландшафт, падобныя да марсіянскіх, у тым ліку да сюжэтаў Драздовіча. Кожны фотаздымак падпісаны адмысловым кодам, у якім паўтараюцца літары ЯД і М. Гэта зроблена для ўзмацнення эфекту дакументальнасці. Мастацкая частка — нататкі і непасрэдна «знойдзенае» палатно — хутчэй за ўсё, работа паплечніцы містыфікатара, мастачкі Лізы Лянкевіч.
«Новая зямля» — першы мастацкі праект Мядзведзева, і ён трапіў на гэтую выставачную пляцоўку невыпадкова. У музеі Азгура ёсць такая практыка: унутранае журы прымае і разглядае заявы на экспанаванне ў зале, адмыслова адведзенай пад такія выстаўкі. Сяржук Мядзведзеў прадставіў супрацоўнікам музея праект яшчэ на этапе ідэі і сустрэў прыхільнасць. Пра гэта распавёў адзін з куратараў выстаўкі Уладзімір Парфянок. Ёсць вельмі важная, цэнтральная для музея Заіра Азгура тэма, якая часта ўплывае на тое, якія прапановы выбірае журы для рэалізацыі. Гэта тэма захавання памяці, адзначыў куратар. А праект прадстаўляе тэму памяці своеасабліва, звяртае ўвагу на асобу і творчасць мастака пры дапамозе містыфікацыі, таму праект «Новая зямля» і прыцягнуў увагу журы. Да таго ж вырашылі падтрымаць першы мастацкі праект аўтара. Так у мак’юментарнай выстаўкі з’явілася пляцоўка. «Гэта даволі папулярная ў свеце практыка, — распавёў Уладзімір Парфянок, — калі музеі адкрываюць свае архівы мастакам, дазваляюць працаваць з унутранымі матэрыяламі, шукаць і пераўтвараць. Вынікам такой працы часта становіцца нейкае новае паведамленне, містыфікацыі накшталт "выставак невядомага мастака" або "знойдзенай невядомай работы"». Такія праекты — нячастая з’ява ў беларускім мастацтве, але цалкам натуральная. Нам патрэбны міфы, уласныя героі, лічыць Уладзімір Парфянок, і нічога не застаецца, акрамя таго, як ствараць іх самастойна.
Мастацтва — гэта гульня. Нягледзячы на ўсе сур’ёзныя функцыі і значнасць у грамадскім жыцці, найпершая задача існавання мастацтва — надаць свету з усімі яго цяжкасцямі і выклікамі гульнявую форму, зрабіць падзеі, з’явы і пачуцці зразумелымі. Калі так разважаць, можна прыйсці да таго, што мастацтва — старажытны эвалюцыйны механізм для чалавецтва.