20 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца пасяджэнне круглага стала «Адысея Язэпа Пушчы», прымеркаванае да юбілею беларускага пісьменніка, педагога Язэпа Пушчы (1902–1964).
Сёлета адзначаецца 120-годдзе аднаго з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша» Язэпа Пушчы (сапраўднае імя — Іосіф Паўлавіч Плашчынскі). Лідар авангардысцкага напрамку, аматар паэтычных эксперыментаў і эпатажнасці, ён уварваўся ў беларускую літаратуру 1920-х гадоў нечаканымі метафарамі і арыгінальнымі вобразамі, нязвыклымі вершаванымі рытмамі і асаблівай музычнасцю вершаў, што натхнялі кампазітараў.
Круглы стол «Адысея Язэпа Пушчы» прадугледжвае прэзентацыю вялікай віртуальнай экспазіцыі, створанай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з партнёрамі ў рамках праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця».
У мерапрыемстве прымуць удзел даследчыкі творчасці пісьменніка, спецыялісты архіваў, музеяў, бібліятэк, устаноў адукацыі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Навуковае пасяджэнне аздобіць творчае выступленне народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова».
Да юбілею пісьменніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) будзе арганізавана кніжна-ілюстрацыйная выстаўка «Вольны птах беларускіх нябёсаў», якую можна наведаць з 19 мая па 29 чэрвеня.
Пачатак пасяджэння круглага стала — 20 мая а 10-й гадзіне ў зале адукацыйных тэхналогій (пам. 346).