Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні (Літва) пачынае кампанію па наборы новых студэнтаў. Цягам вясны 2011 года адбудзецца цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія дазволяць будучым студэнтам ЕГУ бліжэй пазнаёміцца з еўрапейскай сістэмай адукацыі і адзіным беларускім універсітэтам у Еўрапейскім Саюзе.
Дакументы прымаюцца на дзённыя і завочныя бакалаўрскія праграмы, а таксама на дыстанцыйныя курсы і магістратуру. У гэтым навучальным годзе для студэнтаў першага курса будзе павялічаная колькасць стыпендый, ільготаў па аплаце і іншых бонусаў, што не толькі дазволіць даць студэнтам якасную еўрапейскую адукацыю, але і створыць больш спрыяльныя ўмовы аплаты, а то і ўвогуле вызваліць ад яе (трэцяя частка студэнтаў ЕГУ вучыцца бясплатна).
Сёлета Еўраейскі гуманітарны ўніверсітэт падрыхтаваў пералік важных дат для тых, хто паступае ў ЕГУ.
Для абітурыентаў і іх бацькоў будуць арганізаваныя два Дні адчыненых дзвярэй. 25 – 27 сакавіка наведвальнікі ЕГУ атрымаюць унікальны шанец пазнаёміцца бліжэй не толькі з універсітэтам, але і з жыццём у Літве. Абітурыенты і іх бацькі змогуць наведаць навучальны корпус ЕГУ і заняткі цяперашніх студэнтаў, пагутарыць з выкладчыкамі, кіраўніцтвам і студэнтамі, а таксама здаць некаторыя ўступныя экзамены. Яшчэ адзін Дзень адчыненых дзвярэй пройдзе 16 красавіка.
Акрамя таго, для абітурыентаў ЕГУ агранізаваны конкурс творчых працаў пад назвай “Інтэлектуальны марафон”, удзел у якім дае бонусы падчас паступлення ва ўніверсітэт. Таксама Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт запрашае школьнікаў з Беларусі на бясплатны дыстанцыйны курс пад назвай “Дэмакратыя і правы чалавека: дыялог культур”, распрацаваны як альтэрнатыва беларускаму курсу “Грамадазнаўства”.
Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі і адказаў на шматлікія пытанні запрашаем вас наведаць афіцыйны сайт студэнцкай супольнасці ЕГУ: https://students.ehu.lt .
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт – гэта беларускі ўніверсітэт, які быў адчынены ў Мінску ў 1992 годзе і аднавіў працу ў Вільні (Літва) ў 2005 годзе. На цяперашні момант ва ўніверсітэце на дзённых і завочных праграмах навучаюцца больш за 2000 студэнтаў, большасць з якіх – беларусы. Студэнты атрымліваюць якасную сучасную гуманітарную адукацыю па найбольш запатрабаваных на еўрапейскім рынку працы спецыяльнасцях.
Дыплом ЕГУ – гэта дыплом еўрапейскага ўзору, які прызнаецца ва ўсіх краінах Еўрасаюза і краінах Паўночнай Амерыкі.