Еўрапейцы і шматмоўнасць. Ці зацікавіць Еўропу беларуская мова?

Уявіце на хвіліну, што Беларусь увайшла ў Еўрасаюз. Ці ўзнікла б сярод еўрапейцаў цікавасць да беларускай мовы? Адказ на такое пытанне магло б даць адпаведнае даследаванне, якога, натуральна, пакуль не правялі. Увогуле, трэба адзначыць, што ў нас мала аб’ектыўнай інфармацыі пра стаўленне да беларускай мовы ў самой Беларусі. Рэгулярных сацыялагічных ды іншых даследаванняў на гэту тэму амаль не праводзіцца. Бадай, найбуйнейшым было апытанне 2009 года “Моўныя практыкі ў сучасным беларускім грамадстве: паміж нацыянальным сімвалам і сродкам камунікацыі” (“Новак”, “Будзьма”, БІСС) – заўважце, з таго часу прайшло пяць год.

Натуральна, вынікі сацыялагічных апытанак умоўныя. Па-першае, існуюць сацыяльна-псіхалагічныя даследаванні, якія паказваюць, што людзі далёка не заўжды паступаюць у адпаведнасці з уласнымі ўстаноўкамі. Яны могуць, напрыклад, цудоўна ставіцца да мовы, але не аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўную школу. Па-другое, колькі б сацыёлагі не казалі пра рэпрэзентатыўнасць выбаркі ў тысячу чалавек, падаецца, што знешняя валіднасць (магчымасць распаўсюдзіць вынікі дадзенага даследавання на ўсіх, хто з’яўляецца яго аб’ектам – напрыклад, усіх жыхароў краіны) такіх апытанняў далёкая ад ста працэнтаў. Далей, любое даследаванне ў прынцыпе не можа быць пазбаўленым метадалагічных хібаў. Нарэшце, устаноўкі і стаўленні мяняюцца.

Тым не менш, правядзенне рэгулярных даследаванняў грамадскай думкі магло б быць карысным для нашага таварыства. Але вернемся да еўрапейскай тэматыкі. У 2012 годзе ў краінах Еўрапейскага Саюза было праведзена даследаванне “Еўрапейцы і іх мовы”, якое дае ўскосны адказ на пытанне, пастаўленае ў пачатку артыкула. Гэта было адно з апытанняў Еўрабарометра – так называецца серыя даследаванняў, якія рэгулярна праводзяцца  па замове Еўракамісіі з 1973 года і закранаюць шырокае кола тэм.

Гэта даследаванне выяўляла, у прыватнасці, якія ў еўрапейцаў матчыны мовы, на якіх яшчэ мовах яны размаўляюць, чаму яны вучаць замежныя мовы, якія замежныя мовы лічаць найбольш карыснымі ды іншае. Вынікі даследавання былі параўнаны з вынікамі падобнага апытання 2005 года. У даследавнні прынялі ўдзел амаль 27 тысяч чалавек з усіх краін Еўрасаюза (акрамя Харватыі, якая ўвайшла ў яго ў 2013 годзе).

Разгледзім толькі некаторыя вынікі апытання. Самая распаўсюджаная матчына мова ў ЕС – нямецкая (16%), другое месца дзеляць англійская і італьянская (па 13%), затым ідзе французская (12%), іспанская і польская (па 8%). У Латвіі і Эстоніі найвялікшая ў ЕС колькасць людзей, якія матчынай мовай называюць не афіцыйную мову сваёй краіны, а іншую – рускую (71% і 80% адпаведна).

Агулам, адносіны да шматмоўнасці ў ЕС вельмі пазітыўныя. 88% лічаць, што вельмі карысна валодаць замежнай мовай, а 98% лічаць, што гэта вельмі карысна для іх дзяцей. 84% лічаць, што ўсе ў ЕС павінны валодаць больш чым адной мовай, 72% мяркуюць, што кожны павінен ведаць як мінімум дзве замежныя мовы.

З рэальным веданнем некалькі горош. Толькі троху больш за палову еўрапейцаў (54%) валодаюць, акрамя матчынай, яшчэ нейкімі мовамі на ўзроўні дастатковым для падтрымання размовы. 44% еўрапейцаў валодаюць замежнымі мовамі на ўзроўні, які дазваляе разумець навіны па радыё ці тэлебачанні і чытаць артыкулы ў газетах ды часопісах.

Пяць самых распаўсюджаных замежных моў, якімі валодаюць еўрапейцы на ўзроўні падтрымання размовы: англійская (38%), французская (12%), нямецкая (11%), іспанская (7%) і руская (5%). У параўнанні з 2005 годам працэнт носьбітаў рускай мовы скараціўся на 1 працэнт. У справаздачы па выніках апытання для кожнай краіны выводзілася тры найбольш распаўсюджаныя там нематчыны мовы. З мінарытарных і рэгіянальных моў (якіх у Еўропе налічваецца больш 60) туды патрапілі каталанская (11% у Іспаніі) і ірландская гэльская (22% у Ірландыі).

Паказальна, што ў нашых суседзяў з Літвы і Латвіі  ў азначаную тройку не трапляюць мовы іх суседзяў, акрамя Расіі. Напрыклад, для Літвы гэта руская, англійская і нямецкая мовы. У палякаў у тройку не трапілі ні чэская, ні славацкая, ні літоўская. Верагодна, у фантастычным выпадку ўступлення ў ЕС не варта чакаць істотнага павялічэння цікавасці да беларускай мовы нават сярод бліжэйшых суседзяў. Гаворка ідзе пра цікавасць да беларускай мовы больш-менш шырокіх колаў, бо некаторая цікавасць да яе маецца і зараз. Як распавядаў адзін знаёмы выкладчык з Варшаўскага ўніверсітэта, людзі жадаюць вывучаць беларускую, але цікавасць да яе залежыць ад таго, ці застанецца Беларусь незалежнай краінай.

Верагодна, пэўны імпульс беларускай мове быў бы нададзены, калі б яна стала афіцыйнай мовай ЕС. Праўда, не ўсе афіцыйныя мовы краін ЕС з’яўляюцца таксама і афіцыйнымі мовамі самога ЕС. Такіх выключэнняў два: люксембургская і турэцкая мовы (адна з афіцыйных моў Кіпра).

Замежныя мовы найчасцей выкарыстоўваюць у адпачынку за мяжой (50%), пры праглядзе фільмаў, відэа і слуханні радыё (37%), у інтэрнэце (36%), у размовах з сябрамі (35%), у рабочых размовах (27%), пры чытанні кніг і часопісаў (27%).

44% не вывучалі ніякай мовы ў апошні перад апытаннем час і не плануюць рабіць гэта ў бліжэйшы год, а 23% увогуле ніколі не вывучалі замежнай мовы. Усяго 7% еўрапейцаў пачало вывучаць якую-небудзь замежную мову ў апошнія два гады перад апытаннем, 8% збіраюцца зрабіць гэта на працягу года. 14% рабілі гэта на працягу апошніх двух год.

Зараз разгледзім тыя выгоды, якія еўрапейцы бачаць у вывучэнні замежных моў. Магчымсць працаваць за мяжой (61%), магчымасць выкарыстоўваць мову на працы (53%), выкарыстанне ў адпачынку за мяжой (47%), для атрымання лепшай працы ў сваёй краіне (45%), дзеля магчымасці вучыцца за мяжой (43%), каб разумець людзей іншай культуры (38%), для асабістага задавальнення (29%), для размоў з замежнікамі (29%), для інтэрнэту (14%). Спіс варыянтаў быў абмежаваны. Даволі дзіўна, што там не было варыянта “чытаць кнігі, глядзець фільмы на пэўнай мове”.

Такім чынам, калі мы жадаем, каб за мяжой расла цікавасць да мовы, трэба ў першую чаргу засяродзіцца на яе выкарыстанні ў эканамічнай сферы – пры ўмове наяўнасці дастаткова шырокіх эканамічных кантактаў Беларусі з краінамі ЕС. Улічваючы дамінаванне ў нас у гэтай сферы рускай мовы (яшчэ і даволі цікавай для еўрапейцаў), задача падаецца цяжкавырашальнай.

Найбольш карысныя мовы для асабістага развіцця, на думку еўрапейцаў, наступныя (трэба было назваць дзве найбольш карысныя мовы). Англійская (67%), нямецкая (17%), французская (16%), іспанская (14%), кітайская (6%), італьянская (5%), руская (4%).

Што ж можа пабудзіць еўрапейцаў вывучаць замежныя мовы? Бясплатныя заняткі (29%), каб за заняткі прыплочвалі (19%), магчымасць вывучаць мову за мяжой (18%), для кар’ернага росту (18%), навучанне са зручным раскладам (16%), каб потым з’явілася перспектыва паездак ці работы за мяжой (16%), добрыя курсы ў інтэрнэце (10%). У прынцыпе, варта падумаць над стварэннем новых інтэрнэт-курсаў беларускай мовы.

Самыя частыя перашкоды вывучэнню моў наступныя. Недахоп матывацыі (34%), недахоп часу (28%), недахоп сродкаў (25%), недахоп моўных здольнасцяў (19%), недахоп магчымасцяў размаўляць на мове з яе носьбітамі (16%).

Пераважная большасць рэспандэнтаў атрымоўвала веды замежных моў у школе (68%). Усяго 15% займаліся на моўных курсах па-за школай. Зноў жа, еўрапейцы лічаць школьнае навучанне найбольш эфектыўным спосабам вывучэння (48%). На другім месцы з вялікім адставаннем – вывучэнне непасрэдна ў краіне (9%).

Відавочна, што еўрапейцы ў асноўным цікавяцца найбольш распаўсюджанымі мовамі з вельмі вялікай колькасцю літаратуры на іх. Хаця выкарыстанне мовы ў адпачынку ці проста для задавальнення ўспрымаюцца як важныя выгоды ад вывучэння мовы, галоўны чыннік тут – выкарыстанне мовы на працы, асабліва за мяжой. Верагодна, што нават пры ўмове ўваходжання ў ЕС, беларуская мова не будзе там запатрабаванай. І ставіцца да гэтага трэба спакойна. Урэшце, у тройкі самых ужываных замежных моў у розных краінах ЕС не патрапілі ні, скажам, галандская мова, ні нават партугальская мова ў Іспаніі. З прыведзеных лічбаў можна зрабіць экзістэнцыяльную выснову: уся адказнасць за мову ляжыць толькі на нас.

 

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

tbm-mova.by