Юлій Таўбін свой талент уклаў у беларускую культуру, хоць нарадзіўся, між іншым, у Астрагожску Варонежскай губерні, у сям’і аптэкара, 110 гадоў таму, піша «Звязда». І каб у 1921 г. не пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, не мелі б мы ў сваёй гісторыі выдатнага паэта, якога ўспамінаюць незаслужана мала.
«Мой палісад засыпаў пухкі снег...»
Пачнём з чарговага звароту да фонду крытыка Лукі Бэндэ, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Як вядома, «аглабельны крытык» Лука Бэндэ збіраў рукапісы рэпрэсіраваных пісьменнікаў. Ёсць там і рукапіс, на якім напісана: «Ю. А. Таўбін. Лірыка. Эпас. Выбраныя вершы 1928 — 32 г.». На ім штамп ад 23 лістапада 1932 года «Падпісана ў друк». Захаваўся бланк за № А1232 да рукапісу, адрасаваны друкарні. Там значыцца, што Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі накіроўвае да друку зборнік «Лірыка-эпас» аўтара Юлія Таўбіна аб’ёмам 128 старонак, накладам 2000 асобнікаў.
Яшчэ адзін рукапіс Таўбіна ў архіве Бэндэ — зборнік перакладаў Генрыха Гейнэ.
Абодва рукапісы так і не сталіся кнігамі.
На фотаздымку, які выяўляе юнага Юлія (Юдэля) Таўбіна, — задумлівы малады чалавек з пышным чубам, пульхнымі вуснамі і мройным позіркам цёмных вачэй... Як пісаў Сяргей Грахоўскі, «Сярод пісьменнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала».
У Мсціслаўлі, дзе Таўбін вучыўся ў школе, потым у педтэхнікуме, ён знайшоў сапраўдных аднадумцаў, якія стварылі літаратурную групу «Мсціслаўцы». Туды ўваходзілі разам з ім Аркадзь Куляшоў і Змітрок Астапенка.
Сяргей Грахоўскі так успамінаў пра пачатак іх творчага шляху:
«Мы пасябравалі, не ведаючы адзін аднаго. У Мсціславе жыў Юлі Таўбін, у Мінску — Алесь Розна, у Глуску — я. Часопіс «Беларускі піянер» часта друкаваў нашы вершы з тытулам «піянер» перад прозвішчам. Рэдагаваў часопіс Алесь Якімовіч і кожнаму паведаміў адрас сваіх найбольш сталых карэспандэнтаў. Адразу паляцелі пісьмы ў Мсціслаў, у Мінск і ў Глуск.
Пра што мы толькі не марылі тады, пра што не пісалі адзін аднаму. У кожным лісце былі вершы. Многія з іх друкаваліся, а некаторыя ўвайшлі ў пасмяротныя выданні Юлія Таўбіна. Вось ужо сорак чатыры гады памяць беражэ яго радкі, напісаныя ў пару дзяцінства.
Мой палісад засыпаў пухкі снег,
Даўно-даўно асыпалісь жасміны,
Раяцца часта ў думках у мяне
Урыўкі ўжо забытых успамінаў».
«Гавораць, што жыць лірыкам, магчыма, цяжэй за іншых...»
Таўбін робіцца чальцом літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а ў 1927-м яго выключаюць разам са Змітраком Астапенкам, Петрусём Броўкам і Кастусём Губарэвічам. У кожнай творчай арганізацыі свае «непажаданыя».
Калі ў 1929-м Мсціслаўскі педтэхнікум зачыняюць, Таўбін у ліку тройкі «мсціслаўцаў» адпраўляецца ў Мінск, паступае на літаратурны факультэт педінстытута і нават уступае ў БелАПП — Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Дзіўны выбар — бо пралетарскія паэты змагаліся з «буржуазным фармалізмам», варта было паэту прыдумаць незвычайны вобраз — аглабельная крытыка напагатоў... А ў Таўбіна паэзія цалкам упісваецца ў еўрапейскі кантэкст з усімі яе сімвалізмамі:
«Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.
Вагон прарываецца рыбай праз нерат,
Бярозы галлём быццам б’юцца аб шыбы.
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.
...З маленства з нас кожны
злучаны выракам
Плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй за іншых...»
БелАПП варагаваў з «Маладняком», так што пераход туды Таўбіна выглядае стратэгічным крокам. Грахоўскі ўспамінае пра Таўбіна тых часоў:
«Ён тады разам з Астапенкам і Куляшовым жыў у прыватным пакойчыку на вуліцы Розы Люксембург. Тры мсціслаўцы былі амаль неразлучныя. У тыя гады вуліца Люксембург была своеасаблівым беларускім Парнасам: там кватаравалі Пятро Глебка, Таўбін, Астапенка, Куляшоў, Сяргей Дарожны, Віктар Казлоўскі, Лужанін і цэлая чарада маладзейшых паэтаў наймала пакойчыкі і катушкі ў мінскіх чыгуначнікаў і рамеснікаў за пераездам».
Зразумела, вершы Таўбіна не маглі быць па-за ўвагай аглабельных крытыкаў кшталту Кучара і Бэндэ. Юлія абвінавачвалі найбольш у «псыхокапанні». А крытык Кабакоў напісаў у рэцэнзіі на першы зборнік Таўбіна «Агні», што той, па-першае, даў эпіграфам да сваёй кніжкі «вытрымку з заядлага беларускага контррэволюцыянера паэта Ул. Дубоўкі... Па-другое, ва ўсёй кніжцы мы не знайшлі ніводнага слова, дзе гаварылася б аб партыі, аб рабочым класе, які будуе сацыялізм...
Якімі б трывожнымі ні рабіліся абставіны жыцця, паэты былі маладыя, натхнёныя і, як і іх калегі ва ўсе часы, марылі пра вечнае і шукалі багемнага асяродка. Напрыклад, Таўбін, сціплы інтэлектуальны юнак, увайшоў у ТАВІЗ — Таварыства аматараў выпіць і закусіць. Гэта, вядома, суполка жартоўная, сяброўская — не толькі выпівалі-закусвалі, але чыталі вершы, горача дыскутавалі... Зноў звернемся да ўспамінаў Грахоўскага: «Мы пайшлі да Мікуліча. Мінулі драўляны мост праз Свіслач. Увесь раён за ракою быў драўляны. Толькі што адбушавала паводка, і прырэчныя домікі стаялі без вокан і платоў. Па дарозе Таўбін купіў ладны пакунак цукерак „Мішка“. Мы імі ласаваліся па дарозе і пакуль ён чытаў паэму. У Барысаў пакойчык пад самым дахам вяла цёмная лесвіца. Канапка, стол і паліца з кнігамі — вось і ўся мэбля.
Юлі, падкурчыўшы ногі, сеў на канапку і, пагойдваючыся ў такт рытму, пачаў чытаць:
На шалік зор,
Змяніўшы хмар башлык,
Нясуць дазор
Вясна і маладзік.
Паэма мяне ўсхвалявала экзотыкай нябачных крымскіх пейзажаў, дасведчанасцю аўтара, звонкім рытмам, дакладнасцю радка і страфы. Таўбін быў, бадай, самы начытаны і эрудзіраваны сярод тагачасных маладых паэтаў. І ён, як і Розна, вывучаў нямецкую і англійскую мовы, зарубежных паэтаў чытаў у арыгінале і перакладаў без падрадкоўнікаў. Пры ім я станавіўся скаваны, саромеючыся свайго вясковага, правінцыяльнага прымітывізму».
«І от — Цюмень. Замоўк зацяты у той сібірскае цішы»
Таўбіна арыштавалі ў канцы лютага 1933-га. Як сведчыла дачка Аркадзя Куляшова Валянціна, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку». Даследчык творчасці Таўбіна Віктар Жыбуль заўважае: «На пачатку 1933 г. Юлі Таўбін яшчэ здолеў падаць голас са старонкі «ЛіМ’а», распавёўшы пра свае творчыя планы: «У 1933 годзе хачу дапісаць даўно пачатую вершаваную аповесць «Доктар Батурын». Хачу напісаць некалькі вершаў, што даўно ў мяне наспяваюць. Выйдзе кніга «Лірыка. Эпас». Буду перакладаць ангельскіх і нямецкіх паэтаў».
Аповесць засталася недапісаная, кніга не выйшла... Таўбіна саслалі ў Цюмень, дзе ён працаваў у тэатры загадчыкам літаратурнай часткі. Паэт Змітрок Віталін, аднакурснік Юлія, прысвяціў яму верш, які пачынаецца радком «Яго саслалі да Цюмені...»:
«І от — Цюмень. Замоўк зацяты
У той сібірскае цішы.
І хоць няма на вокнах кратаў —
Палеглі краты на душы...
Не чуючы жывога слова
Радзімы-матухны сваёй,
Пачаў пісаць на рускай мове —
Дзівосных думак сумны строй».
Так, Таўбін шмат перакладае і спрабуе ствараць на рускай мове, шле ў друк... Цудам захаваліся рукапісы яго паэм «Михайло» пра Ламаносава і «Осада» пра падзеі Грамадзянскай вайны. Але ссыльнаму надрукавацца было немагчыма. Як пісаў у тым жа вершы Змітрок Віталін,
«Прынёс у друк...
Спыталі: хто вы?
Ён адказаў, як мае быць.
— Ваш верш па думцы свежы, новы,
Ды вершы трэба вам забыць...
Смяюся з выдумкі жартоўнай
(А ці жартоўнай, як сказаць?)
Што вывучаў ангельску мову,
Каб цягу ў Альбіён задаць...
Сябры яго любілі:
— Юлька!
І ён умеў сяброў любіць.
А той, у Крамлі, пасмоктваў люльку
І думаў, як яго забіць».
Пачалася хваля паўторных арыштаў. 4 лістапада 1936 года Таўбіна арыштавалі зноў. Ён крыкнуў аднаму са знаёмых у мінскай турме: «Маё следства закончана. Абвінавачваннем служыць нарыс Кучара!» Вось узор з таго нарыса: «Творчасць Таўбіна, яго актыўнае ігнараванне нашай рэчаіснасці, захапленне буржуазнай прадажніцкай гнілой культурай, замкненне ў кола сваіх псіхалагічна хворых успрыманняў, рамантычнае эстэцтва — усё гэта вынікае з нянавісці яго, Таўбіна, да дыктатуры пралетарыяту, да нашага сацыялістычнага будаўніцтва».
«Ці не абрыдла безназоўнасць вам?»
Юлія Таўбіна расстралялі разам з дзясяткамі іншых літаратараў у ноч з 20 на 30 кастрычніка 1937 года. Яму было 26 гадоў. Пасля гэтага выйшла яшчэ некалькі яго перакладаў. У архіве захоўваецца ліст Абеля Ісакавіча Старцава, знакамітага расійскага перакладчыка, вучонага-амерыканіста, напісаны 10 ліпеня 1966 года. Ліст адрасаваны, як я зразумела, Станіславу Пятровічу Шушкевічу, які працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і, відаць, рыхтаваў творы Таўбіна да друку.
«Я ни разу не видел Таубина (о чем жалею): только лишь говорил однажды по телефону о работе, которую он выполнял по моей просьбе. Однако я отлично помню и о его ярком даровании поэта-переводчика и о его судьбе.
В Москве готовился к изданию роман ирландского писателя Шона О’Фаолэйна «Гнездо простых людей». Я писал предисловие к роману и следил за его переводом. В тексте романа были стихи, нелегкие для перевода; кто-то рекомендовал совершенно мне неизвестного Таубина, студента лит. ин-та. Я, без особой веры в успех, обратился к нему и был удивлен блеском полученных стихов... Переводчик одинаково свободно чувствовал себя и в сатирическом народном стихе и в лирической балладе и безошибочно передавал тональность подлинника.
О, как часто я вижу — опять и опять —
Детских дней моих тихий приют...
Этих дней и тебя, моя родина-мать,
Никогда мне года не вернут.
Солнце в море скрывалось,
и падала мгла,
И закат золотил корабли...
Я играл и резвился, под сенью лесной
У истоков родимого Ли.
Когда книга вышла, Таубин уже был арестован, и фамилия его не была названа. Пользуюсь случаем удостоверить, что перевод стихов принадлежит ему.
В дальнейшем я прочитал переводы Таубина из Хаусмана, Синга, Честертона и Мейсфилда, напечатанные в «Антологии новой английской поэзии», вышедшей ранее. Некоторые из них очень хороши. Не сомневаюсь, что как переводчик английской поэзии он занял бы место среди лучших ваших мастеров.
Я был очень рад, когда прочитал недавно в «Новом мире» прекрасные стихи Кулешова, посвященные памяти Таубина; я никогда не переставал жалеть о нем».
А вось радкі са згаданага верша Аркадзя Куляшова «Памяці паэтаў З. Астапенкі і Ю. Таўбіна»:
«Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?
Маўчыць нябыт каменных пліт
паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
Нядоўгім быў ваш век, як век падзёнак,
Мае сябры!.. Суровы сівер змёў
Са старту вас. Вы — кнігі без старонак,
Лісты без дрэў, дарогі без слядоў.
Нялёгка мне працягам быць тых самых
Няходжаных шляхоў, быць вартым тых
Спраў абарваных, кніг недапісаных,
Якім не ўзняцца з фінішаў сваіх».
Людміла Рублеўская, «Звязда»