Гэты чалавек стаіць у адным шэрагу з Міцкевічам, Чачотам, Адынцом і Занам. Усё часцей творцу згадваюць у СМІ і падчас культурных мерапрыемстваў. Ушаноўваюць памяць паэта і ў родных яму мясцінах. Але ў жыццяпісе Юліяна Корсака застаецца яшчэ шмат недакладнасцей. Галоўныя з іх нам удалося нарэшце выправіць, піша Зміцер Юркевіч у «Культура і мастацтва».
Карані
Род Корсакаў-Савічаў герба «Ліс» адносіцца да самых старых беларускіх шляхецкіх фамілій. Вядома, што адзін з першых продкаў Юліяна валодаў Уздой яшчэ ў 1440-х. Род быў моцны, разгалінаваны і сваяцтвам звязаны са знакамітымі сем’ямі — з Вайніловічамі, Манюшкамі, Тышкевічамі, Маджарскімі ды іншымі. Акрамя Юліяна, у гэтай фаміліі быў яшчэ адзін паэт — Раймунд Корсак (дзядзька першаму). А адным з самых вядомых прадстаўнікоў Корсакаў стаў Самуэль, пасол на сейм 1773–1775 гадоў, паплечнік Тадэвуша Рэйтана. Бацька паэта Ян з 1783-га быў каралеўскім дваранінам, а пазней некаторы час — межавым суддзёй Слонімскага павета. Маці ж яго, Караліна, паходзіла з Ордаў, але сваячкай слыннага мастака Напалеона Орды не з’яўлялася, бо належала да іншага адгалінавання роду.
Партрэт Юліяна Корсака. Валенцій Ваньковіч, 1830
Ажаніліся Ян Корсак і Караліна Орда каля 1805 года. Маладыя пасяліліся ў фальварачку Страла, які разам з блізкай Жукоўшчынай здаўна належаў Корсакам. Абедзве мясціны знаходзяцца блізу горада Дзятлава. Выгляд сядзібкі ў Страле, пабудаванай на пачатку ХІХ стагоддзя бацькам творцы, вядомы з акварэлі Напалеона Орды (1871) і пазнейшай літаграфіі. Ці захавалася там што-небудзь, мы абавязкова распавядзём пасля новай краязнаўчай вандроўкі.
Мяняем час і прастору
Пытанні аб малой радзіме і даце нараджэння Корсака доўгі час хвалявалі біёграфаў. Мы нарэшце знайшлі адказы. З ХІХ стагоддзя сцвярджалася, што Юліян Корсак прыйшоў на свет у Слоніме 13 лютага 1806-га або 1807-га. Але з адшуканай намі метрыкі хрышчэння паэта адназначна вынікае, што ён нарадзіўся 25 лютага (13 лютага па старым стылі) 1806 года і ў той самы дзень быў ахрышчаны адной вадой. Дапоўнілі ж хрышчэнне ялеем 11 чэрвеня (2 чэрвеня). А самае галоўнае — месцам нараджэння, чаго і належала чакаць, аказалася бацькоўская сядзіба ў Страле. Гэта, як падаецца, значна павышае статус маёнтка, бо раней Стралу лічылі месцам, дзе Юліян Корсак проста «жыў некаторы час».
Дарэчы, паэт — не адзінае дзіця ў сям’і. За ім, як удалося высветліць, з’явіліся Аляксандр Пётр (1807), Марыяна Францыска (1808), Эмілія (?), Юзэфа (1811), Схаластыка Канстанцыя (1816). Праўда, да 1830 года ў жывых засталіся толькі Юліян, Эмілія і Канстанцыя.
Універсітэты
У належны час Юліян адправіўся ў школу. Вось толькі пытанне: у якую? На будынку колішняй базыльянскай школы ў Барунах вісіць памятная шыльда з імёнамі славутых навучэнцаў — пісьменнікаў Ігната Ходзькі, Антона Эдварда Адынца і Юліяна Корсака. Але Адынец пазнаёміўся з Корсакам толькі ў 1822-м, стаў яго найлепшым сябрам і ніколі, расказваючы ва ўспамінах пра Юліяна, не згадваў Баруны. Біёграфы Корсака, відаць, не памыляюцца: ён вучыўся ў знакамітым Шчучынскім піярскім калегіуме. Далей быў факультэт літаратуры і вызваленых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, куды Корсак паступіў у 1822-м, а не ў 1823-м. Адынец сцвярджае, што ўвосень 1822 года ўжо чуў пра паэта Корсака, які чытаў на нейкім студэнцкім пасяджэнні пераклады твораў старажытнарымскага аўтара Гарацыя.
Тады ж Корсак з Адынцом і пазнаёміліся. Апошні, як старэйшы, увёў Юліяна ў літаратурную секцыю таварыства філарэтаў (малавядомы факт). З гэтага моманту сябрамі Корсака былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат і Аляксандр Ходзькі, Ігнат Дамейка і многія іншыя знакамітыя асобы.
Сядзіба Корсакаў у Страле на малюнку Напалеона Орды
У тым самым 1823-м у віленскіх газетах публікуюцца першыя творы Юліяна Корсака. Так ён становіцца на паэтычныя рэйкі, з якіх не сыходзіць ужо да канца жыцця. Корсак быў сведкам ад’езду Адама Міцкевіча ў Пецярбург у 1824 годзе. Потым Міцкевіч больш ніколі не ўбачыў родную зямлю. У 1826-м, пасля завяршэння вучобы, Корсак на два гады з’ехаў да старога бацькі і дапамагаў яму з гаспадаркай. У 1829-м паэт на год выправіўся ў Пецярбург, дзе працягнуў адукацыю, а вольны час бавіў разам з землякамі Адамам Міцкевічам, мастаком Юзафам Аляшкевічам і пісьменнікам Станіславам Мараўскім, аўтарам выдатных мемуараў. Юліян часта завітваў у салон знакамітай піяністкі Марыі Шыманоўскай (будучай цешчы Міцкевіча), якая высока цаніла паэзію і... нібыта нават паланэзы Корсака. Але напрыканцы красавіка творца пакінуў сталіцу Расійскай імперыі.
Новы Стары свет
Ціхамірную маладосць паэтарамантыка перарывае смерць бацькі. Ён сканаў 2 красавіка (тут і далей даты па новым стылі) 1830-га ў Страле ад колікаў і быў пахаваны ў мясцовай капліцы. На плечы 24-гадовага Юліяна лёг цяжар адказнасці за сям’ю. Пачалося сціплае фальварковае жыццё. У тым жа годзе хлопца абралі старшынёй Слонімскага павятовага межавога суда.
Нягледзячы на бездакорнае выкананне абавязкаў, Корсак не пайшоў яшчэ на адзін тэрмін, цалкам аддаўшыся паэзіі ды клопату аб прыгонных. У другой справе Юліян меў перад вачыма добрыя прыклады — сваякоў, дзядзькаў будучага знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі Дамініка і Казіміра, якія будавалі школы для дзяцей сялян, намагаліся палепшыць іх жыццё. Дарэчы, сам Манюшка пазней напісаў музыку да некаторых вершаў Корсака і ўключыў іх у зборнікі «Хатнія спеўнікі».
Сярод сяброў Юліян Корсак ажаніўся апошнім. Абранніцай стала сястра жонак Ігната Ходзькі і Антона Адынца — Юзэфа Мацкевіч, дачка судовага чыноўніка Крыштафа Мацкевіча і Тэклі з роду Лапацінскіх. Нарадзілася Юзэфа Мар’яна Пілагія ў Ганульскім Двары 11 сакавіка 1819 года. Калі яна была зусім яшчэ маленькай, Адынец вырашыў, што лепшай жонкі для сябра не знайсці. Так, шлюб Юліяна і Юзэфы справілі 8 лістапада 1840-га ў дамавой капліцы ў маёнтку Мацкевічаў Рускае Сяло (блізу Войстама). З нейкай прычыны дзяцей у Корсакаў не нарадзілася.
У 1846 годзе сканала ад гарачкі маці паэта. А ў 1855 годзе пайшоў з жыцця ў Навагрудку і сам Юліян. Цяжка хворы на сухоты, ён перабраўся ў арандаваны дом Міцкевічаў, які ўжо належаў іншым людзям. Смерць напаткала творцу 11 верасня. Побач быў яго сябар — знакаміты мастак Вінцэнт Дмухоўскі (рыхтуем пра яго асобную публікацыю).
Мяркую, Корсака аддалі зямлі ў Навагрудку: або на гары Міндоўга, або на могілках блізу цяперашняга аўтавакзала. Пахаванне паэта не збераглося. Ад старажытнага дрэва Корсакаў была адсечана яшчэ адна галіна. А вось Юзэфа, жонка паэта, перажыла яго на паўстагоддзя і памерла ў Страле 25 красавіка 1908-га. Кабету пахавалі на могілках у Дзятлаве, праваруч ад капліцы. Помнік ацалеў, хоць і быў пашкоджаны вандаламі.
Спадчына
Давайце ўзважым унёсак Корсака ў нашу культурную спадчыну. Юліян дэбютаваў як паэт на старонках «Дзённіка Віленскага» ў 1823 годзе (уласны верш і пераклады з Гарацыя). З гэтым выданнем аўтар супрацоўнічаў да 1828-га. Пачынаючы з 1826-га, вершы і пераклады рэгулярна друкаваліся ў польскай і расійскай перыёдыцы (у «Дзённіку Варшаўскім» і «Штотыднёвіку Пецяр- бургскім»). Творы Корсака выйшлі ў некалькіх зборніках (1830, Пецярбург, прысвячэнне Антону Адынцу; 1836, Пецярбург, прысвячэнне Валерыі Корсак). Яшчэ ўбачылі свет два тамы «Новай паэзіі» (Вільня, 1840) — вершы, лісты, а таксама пераклады Байрана, Гётэ, Гарацыя, Мура, Піндара і Шылера. Майстар слова пераклаў «Рамэа і Джульету» Шэкспіра. Апошнія 10 гадоў жыцця Корсак ствараў польскамоўную версію «Боскай камедыі» Дантэ (выйшла толькі ў 1860-м). Увогуле, коль- касць напісанага і перакладзенага з французскай, нямецкай, англійскай ды італьянскай неверагодна вялікая.
На жаль, на беларускай мове цяпер даступныя толькі асобныя работы Юліяна Корсака. Але працэс усё ж ідзе, хоць і павольна. Спадзяёмся, неўзабаве можна будзе пачуць на музейных вечарынах вершы Корсака с музыкай Манюшкі.
Іканаграфія
На сёння мы ведаем дзве выявы Юліяна Корсака. Першая з іх — партрэт паэта-юнака, поўнага аптымізму і жыццёвай сілы. Гэтую карціну намаляваў у 1830-м наш знаны мастак Валенцій Ваньковіч, ураджэнец Міншчыны. Другая выява — бюст Корсака ў сталым узросце. Скульптура была створана ў 1855-м Янам Астроўскім, які паходзіў з Аршаншчыны. Астроўскі па-майстэрску рабіў партрэты, што здзіўлялі падабенствам да натуры. Дарэчы, жыццяпіс адмыслоўца ўпершыню прыведзены ў «К» (гл. №№ 42, 43, 2020, № 33, 2022).
Ушанаванне
Некалькі гадоў таму жыхары Дзятлава марылі пра ўшанаванне памяці славутага паэта. Былі прапановы ўсталяваць памятную шыльду ў Страле або ў Жукоўшчыне. Гучалі думкі і пра важнасць з’яўлення ў Дзятлаве алеі знакамітых землякоў, дзе б быў прадстаўлены і Юліян Корсак. Але да рэалізацыі ідэй тады не дайшло. Наперадзе, зусім хутка, чарговы юбілей — 220 гадоў з дня нараджэння майстра слова. Самы час змахнуць пыл са старых планаў. І тут хочацца падзяліцца меркаваннем.
У святле новых знаходак у Страле, як у сапраўдным месцы нараджэння творцы, добра было б усталяваць памятны камень. Гэта паспрыяе захаванню літаратурнай спадчыны і, безумоўна, развіццю турызму. А што да алеі славутых землякоў, то такая задума падыходзіць любому населенаму пункту. Напрыклад, даўно і выдатна яна ўвасоблена ў Глыбокім, на месцы гістарычнага рынку. Ці не праз такія знакі прывіваецца любоў да малой і вялікай радзімы?
Фота аўтара і з архіва