15, 16 і 17 кастрычніка ў Варшаве на сцэне Драматычнага тэатру (Warszawa, Scena Przodownik Teatru Dramatycznego) пройдуць прэм’ерныя спэктаклі паводле п’есы Юлі Цімафеевай «Экстрэмісты».
Юля Цімафеева. Архіўнае фота
«Радыё Свабода» пагаварыла з аўтаркай пра драматургічны дэбют, шлях п’есы на сцэну, прататыпы галоўных герояў і іх «экстрэмісцкую» гісторыю.
— Вы пачыналі як перакладчыца з ангельскай. Потым зьявіліся вершы. Пасьля пратэставага беларускага 2020-га шырока ў сьвеце стаў вядомы ваш «Менскі дзёньнік». Чытачы падсьвядома чакалі, што вынікам ягонага посьпеху з-пад пяра паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай будуць новыя творы ў жанры дакумэнтальнай прозы. Але нечакана атрымалі п’есу. Наколькі для вас самой рашэньне заняцца драматургіяй было раптоўным? І як і з чаго яно ўзьнікла?
— Мне заўжды цікава спрабаваць штосьці новае, вучыцца, адкрываць, намацваць уласныя межы. Гэтая п’еса не была б магчымай, калі б у самым пачатку 2023 году я не атрымала запрашэньне ўзяць удзел у міжнародным праекце «Пакуль гісторыя піша сябе» («While History Writes Itself»), які быў арганізаваны ў Бэрліне ў Maxim Gorki Theater.
«Экстрэмісты» пісаліся цягам мінулага году ў межах гэтага праекту, у якім таксама ўдзельнічалі аўтары і аўтаркі з Грузіі, Малдовы, Сэрбіі, Харватыі і Ўкраіны. І я была адзінай, хто ня меў папярэдняга драматургічнага досьведу, таму камунікацыя з калегамі і іх падтрымка былі вельмі важнай часткай супрацы асабіста для мяне. У канцы кастрычніка 2023 году ў Maxim Gorki Theater адбыліся сцэнічныя чыткі створаных намі п’ес у перакладзе на нямецкую мову. Маю п’есу пераклала Ціна Вюншман.
— Вашу п’есу ставяць у Варшаве «Купалаўцы». Вы перадалі ім для сцэнічнага ўвасабленьня ўжо напісаную п’есу, ці мо яны яе адмыслова вам замовілі?
— Для пастаноўкі я перадала ўжо гатовую п’есу. Дарэчы, «Купалаўцы» (праўда, у крыху іншым складзе) яшчэ раней спрычыніліся да тэатральнай чыткі «Экстрэмістаў». Яе рэжысэрам выступіў Павел Пасіні, і адбылося гэта сёлета ў чэрвені, калі я прыяжджала на люблінскі фэстываль Inne Brzmienia прэзэнтаваць сваю новую польскамоўную паэтычную кнігу, якая выйшала ў мясцовым выдавецтве Warsztaty Kultury.
Падчас чыткі разам з купалаўцамі я і сама апынулася на сцэне і грала гераіню, якую ў многім «сьпісала зь сябе». Вельмі незвычайны для мяне досьвед, бо я ўдзельнічала ў аматарскіх сцэнках толькі ў дзяцінстве...
Для новай пастаноўкі ўжо ў выглядзе паўнавартаснага спэктаклю я, натуральна, адрэдагавала свой тэкст з улікам дзьвюх папярэдніх чытак. Але Аляксандар Гарцуеў як рэжысэр, магчыма, перастварыў мой тэкст на свой розум. Я ня ўдзельнічала ў рэпэтыцыях, таму не магу пра гэта ведаць. Але разумею, што прачытаньне тэксту можа быць вельмі розным. І я заінтрыгаваная вынікам.
— Спэктакль «Купалаўцаў» анансаваны пад назвай «Экстрэмісты». Вы ад пачатку так назвалі п’есу? Ці назва, адназначная і дакладная, а мо нават рэзка актуалізаваная, зьявілася ўжо ў ходзе падрыхтоўкі спэктаклю?
— Не, п’еса ад пачатку называлася «Экстрэмісты». Дарэчы, падчас працы над ёй мне вельмі дапамагаў парадамі мой муж, пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, і гэта менавіта ён прапанаваў назваць тэкст такім чынам. Для мяне ў назьве прысутнічае горкая іронія. Галоўныя героі п’есы — маладая пара, арыштаваная ўладамі за тое, што выконвалі песьні падчас пратэстаў. Музыка ва ўяўленьні ўладаў была іхным злачынствам, іхным экстрэмізмам, а гітары, дуды і бубны — самымі натуральнымі прыладамі злачынства.
Я таксама хацела б нагадаць, што ад пачатку п’еса пісалася для замежнай публікі, ня надта абазнанай у беларускай палітычнай сытуацыі. І, вядома, слова «Extremisten» для нямецкага вуха гучыць іначай, чым «Экстрэмісты» для беларускага. За ім хаваюцца іншыя кантэксты. Аднак для беларускай публікі мы вырашылі назву не мяняць.
— «Экстрэмісты» — менавіта гэтае слова стала таўром, якое ўлада ў Беларусі ставіць усім нязгодным зь яе нелегітымнымі формамі кіраваньня. Ці напісаныя пэрсанажы п’есы з рэальных асобаў сучаснай беларускай рэчаіснасьці? Ці гэта ўсё ж зборныя вобразы?
— Для працы над п’есай я размаўляла са сваім братам Пятром Марчанкам і ягонай жонкай Юліяй, якія адседзелі паўтара года ў беларускіх СІЗА і калёніях у так званай «справе гурту Irdorath». Таму іх гісторыі, іх маналёгі — у аснове твора. Але я не магу сказаць, што ён цалкам дакумэнтальны. Тут шмат паэзіі, якая характарызуе яшчэ адну гераіню п’есы, і, спадзяюся, будзе шмат музыкі.
Гэтым творам я хацела прыцягнуць больш увагі да палітычных зьняволеных, пра якіх вельмі мала пішуць цяпер на Захадзе, паказаць іх жыцьцё знутры. Але і расказаць гісторыю сваёй сям’і, асабістую гісторыю, якая толькі адна з тысяч.
— Прэм’ерныя паказы «Экстрэмістаў» анансаваныя на 15, 16 і 17 кастрычніка. Яны адбудуцца ў Варшаве на сцэне Драматычнага тэатру (Warszawa, Scena Przodownik Teatru Dramatycznego). У які з гэтых паказаў гледачы змогуць сустрэцца з аўтаркай п’есы і задаць ёй свае пытаньні?
— На жаль, у мяне самой не атрымаецца прыехаць з Гамбурга на прэм’еру ў Варшаву, і я вельмі спадзяюся, што пабачу спэктакль крыху пазьней. Але на самы першы паказ завітаюць Пятро і Юлія, прататыпы галоўных герояў, і, вядома, пытаньні можна будзе задаць рэжысэру і акторам.
Я вельмі цешуся і хвалююся з нагоды прэм’еры і шчыра зычу ўсім добрых уражаньняў!