Што адчувае паэт, які жыве ў іншай краіне, але працягвае пісаць на сваёй мове? Як уплывае месца на змест, і што такое Беларусь з перспектывы Аўстрыі, Германіі ці нават Аўстраліі?
Юлія Цімафеева і выдавец Ігар Іваноў. Фота: budzma.org
Беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева адказала на гэтыя пытанні ў кулуарах Першага кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі . У Варшаве Юля ўдзельнічала ў дыскусіях, ладзіла літаратурныя чытанні, а самае галоўнае – сустрэлася са сваімі свежанадрукаванымі кніжкамі. Гэта “Менскі дзённік” і пераклад “Рэспублікі глухіх”, што выйшлі ў лонданскім Skaryna Press.
Гарады, краіны, кантыненты
– З аднаго боку, адчуваецца пэўная адарванасць ад свайго чытача і чытачкі. З іншага боку, жыццё ў далёкім замежжы дае нам магчымасць паглядзець на свет зусім з іншай перспектывы, і гэта страшна цікава. Мы жылі з Альгердам у Аўстрыі, жылі ў Нямеччыне, у самым правым яе горадзе. Мы былі ў Аўстраліі, дзе “блізка” – гэта Японія, а Беларусь – як маленькая пляма на мапе.
Я адчуваю абагачэнне майго светапогляду, майго матэрыялу.
З іншага боку, я не магу сказаць, што я пішу пра гарады, у якіх жыву. Я нават адчуваю пэўную віну перад тымі месцамі, дзе мы застаемся. Але ў маю паэзію ўсё больш і больш прасочваецца тэма эміграцыі, адарванасці.
Юлія Цімафеева
Інтымны дзённік
– Мой “Менскі дзённік” ад пачатку быў напісаны па-ангельску, на чужой мове. І менавіта гэтая чужая мова дала мне магчымасць гаварыць пра інтымную штодзённасць, якая была ў Менску ў 2020 годзе і ў Аўстрыі ў 2021.
Я пішу не толькі пра 2020 у Беларусі, а і пра пачатак нашага жыцця за мяжой і тое, што мы з Альгердам адчувалі. І магчыма, толькі на замежнай мове я і змагла б гэта зрабіць.
Мне падаецца, што Юля Цімафеева як гераіня ўласных твораў у паэзіі і дзенніках – гэта розныя асобы. Уласна, як і Альгерд Бахарэвіч – таксама крыху прыдуманы персанаж. Гэтыя героі, безумоўна, натхнёныя мной. У кнізе мы робім тое, што мы рабілі ў жыцці, але так ці інакш усё прайшло праз прызму замежнай мовы, а пасля пасля праз прызму перакладу на беларускую мову. Часткова я перапісвала, перастварала гэты дзённік, каб не зашкодзіць людзям у Беларусі, рэдагавала яго. То-бок гэта розныя “я” розных формаў творчасці.
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч
«Motherfield» і намінацыя на прэмію Дэрэка Уолката
Безумоўна, мне прыемна. Гэта адзнака амерыканскай творчай паэтычнай супольнасцю маёй кнігі, якая летась выйшла ў ЗША. Уручэнне прэміі будзе ў лістападзе. Я не спадзяюся, што я яе атрымаю, там будзе шмат вартых кніг.
Але мне вельмі прыемна, што маю паэзію чытаюць, перакладаюць, рэцэнзуюць, што да яе звяртаюцца, што яна нешта кажа.
І цікавая дэталь – гэтая кніга выйшла на дзвюх мовах – па-беларуску і па-ангельску.
Таму я вельмі ганаруся, што нясу нашую беларушчыну, нашую мову да амерыканскай публікі.
Паліна Часноўская, budzma.org