Гады два таму пасля звычайнага працоўнага дня я спяшаўся ў шапік “Белсаюздруку”, каб набыць свежы кастрычніцкі нумар часопіса “Полымя” з новым раманам Юрыя Станкевіча.
Выхад гэтага твора шырока анансаваўся ў сацыяльных сетках і СМІ, таму абмінуць яго, нават каб і хацеў, было немажліва. Тым больш калі з’яўляешся даўнім аматарам творчасці гэтага пісьменніка. За адзін вечар я праглынуў тэкст на 50 старонак і, як многія іншыя чытачы, задаўся пытаннем: а чаму такі кароткі твор аўтар вырашыў назваць раманам? Адказ на гэтае пытанне я атрымаў толькі цяпер, калі трапіў на прэзентацыю кнігі Юрыя Станкевіча “Паўночны вецер для спелых пладоў”, якая адбылася 3 лютага ў кнігарні “Галіяфы”.
Юры Станкевіч – асоба непублічная, таму ўжо сам факт яго з’яўлення ў беларускай сталіцы на літаратурнай імпрэзе можна лічыць цудам. Добрая нагода выбрацца ў горад, сустрэцца са старымі знаёмымі і паразмаўляць з жывым класікам беларускай літаратуры. Інтрыга, ці з’явіцца аўтар на прэзентацыі ўласнай кнігі, захоўвалася да апошняга. І ён з’явіўся – высокі, апрануты ў джынсы, кашулю і вайсковы бушлат. Прыкладна такім запомніўся мне Станкевіч пасля нашай першай сустрэчы. Жыўцом я бачыў яго толькі двойчы: першы раз – калі вучыўся ў апошніх класах школы, другі – на прэзентацыі.
Імпрэза пачалася з таго, што аўтар распавёў, як з’явіўся на свет раман “Паўночны вецер для спелых пладоў”, а таксама пра іншыя творы, якія ўвайшлі ў кнігу. Аказваецца, Станкевіч паспрачаўся з мастаком Алесем Пушкіным наконт таго, ці зможа ён напісаць пра каханне.
Затым слова ўзяў крытык Леанід Галубовіч, прамова якога была прысвечаная творчаму шляху Станкевіча. Акрамя цёплых словаў ён зачытаў таксама сваё эсэ пра Станкевіча, якое мусіла выйсці некалі ў аўтарскай калонцы “Абрысы курсіву” ў ЛіМе, але з незразумелых (дакладней было б напісаць “са зразумелых”) прычынах так і не пабачыла свету. Першыя два эсэ ў ёй былі прысвечаныя Алесю Разанаву і Андрэю Федарэнку, трэцім мусіў быць Юры Станкевіч. Яго самы вядомы і скандальны раман “Любіць ноч — права пацукоў” шаноўны крытык назваў “эталонам літаратурнага плёну”.
Слухаючы Леаніда Галубовіча, я ўвесь час вяртаўся ў думках у далёкія часы, калі пачалося маё знаёмства з творчасцю Юрыя Станкевіча. Першы прачытаны твор – ужо згаданы раман “Любіць ноч – права пацукоў”. Памятаю, наколькі моцна мяне ўразіла атмасфера тэксту – нібыта Станкевіч узяў у якасці правобраза Ангарскую, на якой я вырас. Гэта істотна адрознівалася ад таго, што прымушалі чытаць у школе. Адкуль я мог ведаць, што ён жыве ў Барысаве?
Неўзабаве на сядзібе ТБМ я ўпершыню ўбачыў здаровага крэпкага дзядзьку ў камуфляжы, які і аказаўся аўтарам гэтага твора. Перагаварылі. Пэўна, тады і зарадзілася мая вера ў беларускую літаратуру. Ніколі да гэтага не думаў, што беларускія пісьменнікі могуць выглядаць так. Поўная вонкавая адпаведнасць героям сваіх кніг. Не ведаю, як для каго, але для мяне гэта вельмі важна.
Проза Станкевіча жорсткая, часам непрыемная, непрымальная, але праўдзівая. У сваіх творах ён уздымае надзвычай важныя пытанні, як для асобных людзей, так і для цэлых народаў. Можа быць, менавіта таму ад першапачатковага рукапісу рамана “Паўночны вецер для спелых пладоў” са 100 старонак у часопісным варыянце засталося толькі 50? Па словах самога аўтара, з тэксту прыбралі акурат ўсё самае “жывое”.
Раман “Паўночны вецер для спелых пладоў” – гэта пакручастая і небанальная гісторыя кахання студэнта Ігната Мазура, які заблытаўся ва ўласных пачуццях і вымушаны разрывацца паміж дзвюма дзяўчатамі. І ўся гэтая санта-барбара замяшаная на фоне савецкай застойнай эпохі, з яе “стабільнасцю” і “ўпэўненасцю” ў заўтрашнім дні. Чытаючы старонку за старонкай, пачынаеш вяртацца і ў свае студэнцкія гады. Другі курс, дзеўкі, сябры, залікі, пераздачы, няздзейсненыя мары. Гэта быў пераломны 2006 год. І зноў чытаеш нібыта пра сябе…
Аповесць “Песня пра Леніна” – такі сабе працяг рамана, хоць галоўнага героя ў ёй завуць ужо Мартынам Кайрам. Малады чалавек працуе журналістам у правінцыйнай газеце і мроіць збегчы ў адну з краін Скандынавіі. Ён ненавідзіць рэчаіснасць, у якой вымушаны жыць. І вось тут добра выяўленая асноўная фішачка Юрыя Станкевіча: познесавецкую эпоху ён апісвае не выключна чорнымі ці белымі фарбамі, як цяпер модна рабіць, а шэрымі, то бок ніякімі. Шэры колер – вось сапраўднае адлюстраванне брэжнеўскага застою. Усе ўсё выдатна разумеюць, усе адно аднаму хлусяць, але ніхто не хоча нешта змяніць. Нават ва ўласным жыцці. Быццам бы ўсё насамрэч добра. І толькі Мартын Кайра робіць смелыя крокі, за якія яму давядзецца дорага заплаціць. Як у фільмах Балабанава. А хіба ў жыцці бывае іначай? Гэта суворая проза жыцця, а не ружовыя соплі.
Уразіў пісьменнік і яшчэ адным. Ніколі б не падумаў, што ён запомніць мяне і, падпісваючы кнігу, згадае пра нашу першую сустрэчу, якая адбылася шмат гадоў таму. Асабіста для мяне добрая памяць – знак таго, што чалавек піша дакладна, а напісанаму можна верыць.
Канстанцін Касяк