Выдатны абед ці вячэра як дома, так і на свежым паветры — юшка са шчупакоў з ячнымі крупамі. Такая страва можа быць адразу першым і другім, насычаны булён парадуе смакам, а кавалкі рыбы і гародніны натоляць голад і падымуць настрой.
Самая папулярная рыба ў нашых продкаў — шчупак
Рыбная лоўля ў нашых продкаў вядомая яшчэ з часоў мезаліту — перыяду паміж палеалітам і неалітам з варыянтамі датавання ад 15 да 6 тысяч год да нашай эры. Беларускія археолагі выявілі з дапамогай раскопак, што самай папулярнай рыбай быў шчупак. Згодна іх даследаванням, няма ніводнага вывучанага паселішча ці гарадзішча, дзе не былі б знойдзеныя косткі шчупакоў.
Продкі сучасных беларусаў актыўна займаліся рыбнай лоўляй, асабліва калі паселішча было паблізу ракі. У такіх гарадах археолагі масава выяўлялі прылады для рыбалкі. Добры прыклад — Гродна — горад над Нёманам. У адноўленай экспазіцыі Старога замка ў Гродне прадстаўлена шмат прыладаў для рыбнай лоўлі, знойдзеных у часы раскопак — кручкі, грузілы ад сетак, часта з рыбных костак рабілі прылады для рамеснікаў: іголкі, шылы ці ўпрыгожванні.
У старажытныя часы шчупака гатавалі самым простым спосабам — варылі. Пазней у ваду для смаку пачалі дадаваць гародніну, спецыі. Такі суп пачалі варыць нават з сушанай рыбы. Такім чынам рэцэпт развіваўся і займеў адносныя стандарты прыгатавання стравы.
Як гатаваць юшку са шчупакоў?
Каб юшка атрымалася сытная, спатрэбяцца ячныя крупы, іх трэба замачыць вадой на ноч, каб потым крупы хутчэй зварыліся. Перад тым, як крупы варыць, іх трэба добра прамыць, каб вада была без муці. Прамытыя крупы варым у чыстай вадзе 20 хвілін, затым прамываем — крыху пазней будзем дадаваць у юшку.
Шчупакоў трэба пачысціць і разабраць. Галовы і хвасты адразаем — на іх будзем варыць булён. Таксама варта паадразаць плаўнікі, потым парэзаць шчупака на кавалкі.
У рондаль з вадой дадаем лаўровыя лісты, перац і каляндру, соль па смаку. Для водару дадамо некалькі цыбулін, іх трэба пачысціць і зрабіць надрэзы, каб цыбуля лепей выварылася. Не забываем пра галовы і хвасты шчупакоў. Пасля таго, як вада пачала кіпець, варым булён 40 хвілін.
Пакуль варыцца булён, нарэжам ашычшаную бульбу і моркву буйнымі кавалкамі. Праз 40 хвілін з булёну дастаем вывараныя цыбуліны і галовы і хвасты шчупака. У падрыхтаваны булён дадаем адвараную кашу і парэзаную гародніну. Праз 30 хвілін варкі закідваем кавалкі шчупакоў. Пакуль мяса шчупака гатуецца, парубім зеляніну і дадамо яе ў юшку. 10 хвілін у кіпні, і мяса шчупака будзе гатовае. Шчупак — рыба дыетычная, амаль без тлушчу, таму не зашкодзіць на фінішным этапе дадаць кавалак масла ў юшку. Масла зробіць смак стравы больш далікатным, і праз некалькі хвілін юшкай можна частаваць сваіх блізкіх і, канешне ж, сябе. Смачна есці!
Нам спатрэбіцца:
• Вада — 2,5 літры
• Крупы ячныя (пярлоўка) — 200 грамаў
• Шчупак — 450 грамаў
• Цыбуля — 150 грамаў
• Соль — 25 грамаў
• Лаўровыя лісты — 5 штук
• Перац і каляндра — па 20 гарошын
• Бульба — 250 грамаў
• Морква — 250 грамаў
• Масла сметанковае — 30 грамаў
• Пучок кропу і зялёнай цыбулі
АМ, budzma.org