У 4 гады Юстына Карпіловіч ужо выступала на сцэне з бацькам, вядомым бардам Змітром Бартосікам. У 12 гадоў — пачала ўласны творчы шлях. Зараз Юстыне пятнаццаць, і яна ўжо мае за плячыма ўласны студыйны альбом. Жыве ў Польшчы, навучаецца ў ліцэі, піша песні і актыўна выступае з імі ў розных гарадах. Пра свой самы яркі ўспамін, звязаны з творчасцю, падлеткавыя праблемы, натхненне і планы на будучыню Юстына распавяла ў інтэрв’ю для Budzma.org.
— Юстына, ты расказвала, што навучылася спяваць раней, чым гаварыць. Ці звязаны твой першы ўспамін з творчасцю?
— Я не ведаю, ці ёсць у мяне самы першы. Калі мы жывем у свеце, дзе шмат чаго можна запісаць на камеру, а мая мама вельмі шмат чаго рабіла, ты ўжо часамі не ведаеш, ці гэта ўспамін твой рэальны з дзяцінства, ці гэта ты памятаеш па відосіку, які табе паказалі.
Але, напрыклад, вось такі фанфакт: я, калі мне было тры гады, цалкам вывучыла гэту «муху-цакатуху», увесь тэкст, які там быў, на беларускай мове. Я з садочка вельмі шмат прыносіла нейкіх вершыкаў, сядала і ўсё, пачынала канцэрт у пяць гадоў. Я там спявала. Ёсць нейкі вельмі смешны відосік, дзе я спяваю «сядзіць камар на дубоч-ку-у, на зелёненькім лісточ-ку-у...» Вось так і спявала! Гэта забаўна. Але я не памятаю, які мой першы ўспамін, і ці звязаны ён з музыкай.
У мяне ўспамін звычайна такіх нейкіх негатыўных падзей. Як, напрыклад, на мяне вельмі моцна накрычала настаўніца ў першым класе. Дагэтуль у мяне аж дрыжыкі, таму што там была такая непрыемная сітуацыя.
Хаця ў маім жыцці не так шмат траўм, шчыра. Мне падаецца, мне вельмі шанцуе. Я вельмі ўдзячна, што мне шанцуе. Але я пастаянна чакаю нейкага падвоху ад жыцця. Мне здаецца, што вось-вось — і маё шанцаванне скончыцца раз і назаўжды. Я чатыры разы трапіла ў добры клас, напрыклад. І заўсёды я трапляла да нейкіх файных людзей, якія адно аднаго паважалі. І так не толькі з класам, з рознымі рэчамі. І мне здаецца, што вось-вось — і фартуна закончыцца.
У мяне рэальна такое адчуванне 24/7, што проста апошняя кропля нечага добрага — і ўсё, далей жыццё ў цемры. Я не здзіўлюся, калі так будзе.
— А што цябе натхняла, нейкія асабістыя гісторыі, ці можа, іншыя выканаўцы?
— Мяне натхнялі вельмі моцна ўласныя эмоцыі, калі нешта пражываеш.
Напрыклад, была гісторыя, я напісала песню на расейскай мове (у мяне іх не так шмат, але ёсць таксама на расейскай мове). Яна была напісаная пасля таго, як я прачытала твор «Ася». Па расейскай літаратуры мы праходзілі. І ён мяне так зачапіў, што я пасля таго, як яго прачытала, напісала цэлую песню, такую ледзь не баладу на тры хвіліны. Я нават думала паказаць настаўніцы пасля, але ўсё ж такі не асмелілася.
Проста нейкая ідэя, эмоцыя, пасля дадаецца, не ведаю, нейкая атмасфера.
— А граць і спяваць недзе навучалася, з кімсьці займалася, ці ўсяму навучылася сама?
— Сям’я падтрымлівала. Часам мама дапамагала, давала проста парады. То-бок за мяне, вядома, ніхто нічога б не прыдумаў, але нейкія парады, калі вось ёй падаецца, што «А можа гэта акорд тут, напрыклад, быў бы лепш?» — «Ну да, можа быць». Напрыклад, так.
Калісьці ў музычнай школе хадзіла на заняткі кампазіцыі, але са сваімі песнямі гэта ўвогуле не дапамагло, хутчэй нават наадварот. Бо, ну, мне не падабалася, калі нехта ўвогуле спрабуе ўмяшацца ў тое, што я раблю.
Я вельмі з насцярогай стаўлюся да любой крытыкі. У сэнсе, проста гэта крыху балюча ўспрымаю для сябе заўсёды. Вакалу навучалася, народным спевам. А так, што са сваімі песнямі, то маё, у прынцыпе.
— Можа, ёсць штосьці, з чаго б ты раіла пачаць знаёмства з тваёй музыкай?
— Гэта альбом (на жаль, зараз ён выдалены з пляцовак, але я яго вярну, ён зараз ёсць на ютубе цалкам). Ён называецца «Як тут апынуўся», гэта радок з адной песні. Гэта пакуль што адзіныя песні, які запісаны студыйна. Большасці песень увогуле пакуль нідзе няма. Некаторыя ёсць ў інстаграме таксама, але не студыйна, а вось менавіта так, як я іх запісала дзесьці на відэа. Таму, я думаю, файна было б, каб людзі паслухалі менавіта гэты студыйны альбом. А пасля буду абавязкова рабіць яшчэ.
— Які творчы ці звязаны з творчасцю момант для цябе самы яркі?
— З творчасцю... Мне чамусьці зараз у галаву прыйшоў вельмі файны канцэрт, які мы рабілі ў школцы на Падляшшы, у Гайнаўцы.
Мы прыехалі ў ліцэй, там рабілі канцэрт. Не ведаю, чаму гэта менавіта прыйшло мне ў галаву, але мяне там вельмі цёпла ўспрынялі, менавіта палякі. Я спявала ўвесь час па-беларуску, проста пасля на польскай мове я агучыла, што ў мяне ёсць альбом, можаце паслухаць. І яны вельмі цёпла адрэагавалі. Мы пасля абняліся з некаторымі з іх, гэта было для мяне так шчыра. І пасля гэтага сталі на мяне падпісвацца, у мяне там было плюс 20 чалавек дакладна за дзень, за два, гэта было вельмі прыемна. Вельмі цёплая такая была сустрэча.
— А наогул пераезд і жыццё ў іншай краіне ўплывае на тваю творчасць?
— Я думаю, так. Пачынаеш турбавацца пра нейкія іншыя рэчы, пачынаюць цікавіць нейкія іншыя тэмы. Ці пачынаеш глядзець на менталітэт іншага народа і нешта думаеш, хочацца нешта яшчэ напісаць, расказаць. Аналізуеш шмат чаго таксама. Я думаю, уплывае. Але я пазітыўна гляджу на свой пераезд. Адзінае, што часам не хапае сваёй прасторы, пакоя свайго няма. Але мне тут трапляюцца ў асноўным вельмі добрыя і файныя людзі.
— Ці сутыкалася ты з нейкімі праблемамі як маладая творца? Як знаходзіцца іх рашэнне?
— Ну, калі мы разбіраем менавіта момант самога напісання песень, то праблем амаль няма. У сэнсе, што проста паступова расту, асвойваю нейкія новыя танальнасці і проста паступова разбіраюся амаль без негатыву.
А вось што рабіць з гэтым далей? Зараз ёсць такая праблема, што я дастаткова маладая, я не магу, напрыклад, сама цалкам арганізаваць канцэрт, альбо проста не ведаю як, і я вельмі шмат чаго яшчэ баюся. Зараз проста складана, бо я не ведаю, што рабіць з гэтай творчасцю. Яна ёсць, але што з ёй рабіць, я не маю паняцця
А рашэнне, мне здаецца, так, як бы, 50 на 50, хтосьці дзесьці дапаможа, дзесьці я сама... Вядома, не бывае, што чалавек цалкам сам робіць. Усё роўна праз кагосьці, праз штосьці, ты выходзіш на нейкіх людзей, на нейкія імпрэзы. Тут запросяць дзесьці выступіць, там... Я думаю, як-небудзь разбяруся, паступова, без трагедый.
— Ці здараецца, што ты думаеш: «А навошта гэта ўсё?». Як ты спраўляешся з такімі момантамі?
— У мяне рэдка бывае, што я думаю «навошта?». У мяне ёсць такое ўсведамленне, што тое, што я раблю, гэта сапраўды дастаткова добры прадукт, што было б цікава паслухаць.
У мяне ёсць адчуванне, што я пішу файныя мелодыі, напрыклад, што гэта ўсё таксама развіваецца. Напрыклад, у мяне тэксты сталі ўжо больш прыгожыя. Вось, ведаеш, ёсць такія тэксты, напрыклад, калі чалавек усё проста ў твар піша. Тыпу, гэта не дрэнна, не добра, але я больш навучылася нейкімі вобразамі пісаць, так больш неяк... маскіраваць думку словамі. У мяне не адразу так атрымлівалася, і мне больш падабаюцца мае тэксты зараз, чым у 12 гадоў, калі я пачала іх пісаць.
Але сам факт, што я не разумею, што з гэтым рабіць далей?
Мне не заўсёды падабаецца маё вакальнае выкананне, напрыклад. Я разгублена сябе вельмі адчуваю. І сама сітуацыя гэтага пераезду вельмі разгубленая. Тут яшчэ настаўніка я згубіла па вакалу, і няма ўвогуле амаль нікога, хто б мог рэальна... ну, за цябе і так ніхто не зробіць, вядома...
Але я проста як быццам бы не гатова да канца пераняць пульт кіравання жыццём і проста жыць яго.
Бо неяк заўсёды раней было, што вось тут настаўнік нешта зробіць, табе скажа, як трэба, тут бацькі, тут яшчэ нешта. А тут ты вось сам у сябе ёсць і робіш, што хочаш. А я не ведаю, што я хачу робіць! І як гэта рабіць.
Але калі такія моманты наплываюць, напэўна, іх проста трэба перачакаць, бо пасля ўсё роўна здараецца нешта, што цябе крыху вяртае ў працоўны рэжым. Вось ты тыдзень паплакаў, пасля хтось напісаў: «О, давай ты выступіш» — «А, ну, давай». І ты такі: «Ну, окей, я зноў выступаю, усё добра, жыццё працягваецца.» Але гэта так усё рандомна, заўсёды нестабільна, ты ніколі не ведаеш, што і калі. І гэта, напэўна, вельмі крута, бо ты ніколі не ведаеш, што чакаць ад жыцця.
Гэта вельмі цікавае жыццё тады, калі ты сапраўды не ведаеш. Бо я не зайздрошчу людзям, у якіх ёсць такая сталая праца, дзе яны кожны дзень робяць адно і тое ж, шчыра, не зайздрошчу. Проста таму што я б так не хацела. Калі людзям гэта пасуе, вельмі добра, я вельмі за іх рада, але я б так не хацела жыць.
Але, хоць гэта і цікава, часамі цяжка, калі ты сапраўды не ведаеш, што адбываецца, што будзе адбывацца, і а-а-а!
Трэба проста перачакаць гэты момант і дачакацца нейкай новай падзеі. Так і спраўляюся.
— Што б ты сказала пра сябе, як бы ты сябе прадставіла — хто ты?
— Я? Я беларускі падлетак. У пошуках. У пошуках сябе. Не, гэта вельмі банальна. Калі ў рандомны момант жыцця ты ўспамінаеш усё пра свае жыццё, а калі трэба нешта ўспомніць, ты такі «хто я?..» Нейкі меланхалічны творца. Мне шмат кажуць, што мае песні дастаткова сур’ёзныя для майго ўзросту. Можа быць. Я такі нейкі песімістычны падлетак беларускі.
— З чаго яшчэ акром музыкі складаецца тваё жыццё?
— Я зараз вучуся на гуманітарным профілі. Таму на ўроках пазнаю культуру, нейкія рэчы, якія мне таксама цікавыя. Я думаю, калі б я ішла ва ўніверсітэт, гэта, магчыма, быў бы нейкі кірунак, звязаны з такімі навукамі, як філасофія. Нешта такое мяне цікавіць таксама. Ну, вучоба, музыка, асабліва больш нічога такога.
— Ты зараз вучышся ў школе, так?
— У ліцэі. Тыпу «high school». Вышэйшая школа.
Той самы момант, калі можна злавіць вайб «american school life».
— І што ты думаеш пра школьнае жыццё і навучанне тут ў параўнанні з Беларуссю?
— Тут можна таблічку складаць. Адрозненняў шмат, сапраўды. Я не ведаю, дзе мне падабаецца больш. Ва ўсім ёсць свае плюсы і мінусы.
Беларуская школа — гэта нейкае ўжо роднае месца. Трымалі там вельмі моцна людзі.
Шчыра скажу, у Польшчы ты адчуваеш сябе нашмат больш чалавекам, вольным чалавекам ва ўсім.
Што тычыцца адзення, выгляду. А я яшчэ трапіла ў такі ліцэй, максімальна талерантны. У нас там праходзіць людзі нетыповыя максімальна. Ты там можаш сустрэць каго заўгодна на калідоры. Нават не чакаючы, ты можаш, напрыклад, сустрэць нейкага гота, пасля яшчэ некага — карацей, усіх. У Беларусі, канешне, такога не магло быць, нават уявіць сабе такое цяжка. Што, можна надзець жоўты світар? Шок!
Мне падабаецца, што больш вольнага часу, але тут жа вынікае мінус. Бо ў Беларусі табе вельмі лёгка, калі цябе ставяць у гэты пастаянны рэжым працы, табе задаюць нейкі шаблон, па якім ты проста кіруешся, табе рабіць тое, тое, тое, тое. А тут у цябе рэзка шмат вольнага часу, і ты не ведаеш, што з ім рабіць.
Ты не ўмееш сябе арганізаваць сам, ты настолькі прывык до таго, што цябе нехта строіць, што ты не ўмееш сам.
Мне падабаецца, што ў нашым ліцэі шмат магчымасцяў для развіцця. Ты можаш там арганізаваць канцэрт, калі хочаш, зрабіць нейкую акцыю, калі хочаш, паўдзельнічаць у валантарыяце. Адзінае, што я вельмі баюся пакуль што. Я яшчэ не настолькі публічная. Мне вельмі лёгка сябе публічна паводзіць на сцэне, але вельмі складана часам у жыцці. Я магу быць сацыяфобам, калі справа даходзіць да арганізацыі чаго-небудзь. Але я ў школе ўдзельнічаю ў тэатральным гуртку, і, нягледзячы на тое, што ў мяне мой беларускі акцэнт, я атрымала галоўную ролю. Гэта было вельмі прышпільна.
— Якія твае планы на будучыню?
— Напэўна, мне б хацелася пісаць на некалькіх мовах таксама. Напрыклад, зараз у мяне ёсць песня, якую я пачала самастойна перакладаць на польскую мову, у мяне ўжо атрымалася перакласці прыпеў.
Я лічу гэта сваім дасягненнем. Думаю, што калі я добра вывучу тую ж ангельскую, нямецкую, можна было б таксама дзесьці сваю творчасць пашыраць. Не таму, што я не хачу пісаць на беларускай. Гэта асноўная мова, на якой я ствараю музыку. Проста каб пашыраць свае, так сказаць, гарызонты і ўсё такое, было б файна на некалькіх мовах.
Ну, і паступаць, канешне, хацелася б, але я пакуль крыху ў сваім такім узросце, часамі песімістычна гляджу, часамі аптымістычна, але я шчыра не ведаю пакуль, чаго я хачу дакладна. Але будзе бачна.
— Ты хацела б звязаць сваё жыццё з музыкай? Бачыш ты сябе менавіта музыкай ці думаеш пра нейкую іншую прафесію?
— Так, вельмі б гэтага хацела. Проста пытанне пакуль што як. Але хачу, і я веру ў тое, што я гэта зраблю. На першым плане я бачу сябе як музыка, таму што гэта прынамсі тое, што ў мяне сапраўды атрымліваецца, што я сапраўды люблю.
Хацелася б проста яшчэ атрымаць нейкую вышэйшую адукацыю, але мяне чамусьці зусім не цягне да тых прафесій, якія зараз актуальныя. Мне ўжо некалькі разоў сказалі, што ўсё, што мяне цікавіць, неактуальнае ў сучасным свеце. Ну ё-маё, ну не стаць мне праграмістам, прабачце, ну што я з гэтым зраблю. Ці там, медыкам, хірургам. Можа, мне трэба было нарадзіцца ў XX стагоддзі, калі там ўсе гуманітарыі яшчэ былі патрэбныя камусьці. Бо адчуванне, што зараз, ты калі адвучыўся на нейкай прафесіі больш гуманітарнай, ты нейкі прафесар па мастацтве, адзінае, што ты можаш з гэтым рабіць, гэта здымаць блог пра мастацтва. Усё ўсё роўна будзе звязана з тэхнікай, з інтэрнэтам, з усім такім. Таму я не ведаю, якую я хачу прафесію. Гэта даволі смешна.
Я думаю, што я магла б быць псіхолагам, шчыра, але я не ведаю, ці я гатова сапраўды прысвяціць сябе гэтаму. Я думаю, што ў мяне ёсць такія задаткі, але я не ведаю, ці я іх выкарыстаю. Але як музыка я сябе бачу на першым плане ўсё роўна.
— З чаго складаецца твая беларускасць? Альбо як яна працягваецца?
— Па-першае, я заўсёды вучылася ў беларускамоўнай гімназіі. Не заўсёды размаўляла на беларускай мове. Не лічу, што гэта нешта, чаго трэба саромецца. Увогуле я свабодна карыстаюся і расейскай, і беларускай мовамі. Няма ў мяне праблемы, калі, напрыклад, камусьці зручней па-расейску.
Але я сапраўды проста вельмі люблю культуру. Я вельмі цесна была з ёй звязана, таму што я хадзіла на заняткі народнымі спевамі. Праз розныя песні з нейкімі традыцыямі ты знаёмішся, ты проста гэтым жывеш.
Я вельмі люблю народную творчасць, народныя інструменты, такое ўсё этнічнае. Мне падабаецца, напрыклад, у сваіх песнях устаўляць нейкі народны голас, рабіць такія штучкі ўсякія.
Я вельмі люблю ўсё, што звязана з нашай культурай. Я вельмі хацела больш пазнаць нейкіх звычаяў, традыцый. Можа быць, касцюмаў беларускіх. Я вельмі люблю атмасферу беларускай літаратуры, але, на жаль, няшмат чытаю. Як чалавек культуры я разумею, што гэта важна і што нельга на сваё забывацца, і што трэба гэта прасоўваць, працягваць.
Людзям трэба паказваць, што ёсць у нас таксама файныя і музыкі, і творцы.
Для мяне быць беларускай — гэта менавіта весці сваю творчасць на беларускай мове, нешта для краіны рабіць у творчым плане.
Беларускай карыстаюся яшчэ менш, таму што зараз у Польшчы жыву, часцей карыстаюся, напрыклад, у школе, польскай мовай ужо. Але ўсё роўна, мая творчасць — гэта заўсёды нешта звязанае з Беларуссю.
— Як думаеш, ты магла б нешта таксама параіць сваім калегам, маладым творцам, ці тым, хто толькі пачынае свой шлях? Можа, у цябе ёсць нейкі асабісты досвед, якім хацелася б падзяліцца.
— Мне здацца, файна проста сапраўды разумець, што калі гэта тое, што патрэбна табе, ты павінен старацца вельмі шмат у сябе верыць. Вельмі шмат ў сябе верыць і пастарацца не так самакрытычна ставіцца до сваіх памылак.
Шчыра, мне вельмі сорамна часта за свае канцэрты, на якія я запрашаю ўсіх сваіх знаёмых, а пасля мне падаецца, што, божа, на халеру я ўвогуле гэта рабіла, які сорам, які жах, можна я проста сатру ўсё, што было...
І я пастаянна жыву зараз з гэтым пачуццём сораму за тое, што я раблю, і я вельмі хачу, каб у іншых творцаў гэтага не было. Бо не трэба сябе асуджаць за штосьці. І варта разумець, што гэта толькі пачатак. Будзе лепш, будзе файна, і тое, што ты робіш не так добра, як хочаш, не значыць, што ты не павінен гэта рабіць і гэтым дзяліцца з людзьмі. То-бок, на любым этапе гэта можа камусьці спадабацца, калі нават для цябе гэты этап пасля будзе падавацца самым жахлівым.
Вікця Жытнік, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Музыка Антон Сіроцін: «Сваёй мэтай мы ставім зрабіць Беласток сталіцай беларускай культуры ў Польшчы. Спачатку.»