Глебу 23. Ён паспеў павучыцца ў БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і ў БДУІР. Потым нейкі час займаўся рэпетытарствам ў адукацыйным цэнтры Яўгена Лівянта “100 балаў”. Цяпер ва ўласным цэнтры “Інжынерыум” трэніруе каманды па робататэхніцы, выкладае матэматыку і фізіку.
Летась каманда Глеба заняла 4 месца на Сусветнай алімпіядзе робатаў у Катары, крыху не даехаўшы да медалёў. Як высветлілася, гэта было першае сур’ёзнае спаборніцтва ў хлопцаў. Мы для праекту “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!” сустрэліся з Глебам, паразмаўлялі пра робатаў і дзяцей, якія прыходзяць іх будаваць, паразважалі над праблемамі сучаснай сістэмы адукацыі і магчымымі спосабамі іх вырашэння. А яшчэ пра тое, што выратуе беларускую мову, і чаму так няпроста быць тут патрыётам.
На факультэце прыкладной матэматыкі я правучыўся 2 гады. Потым узяў акадэмічны адпачынак, каб паразважаць, а ці патрэбна мне гэта і што далей я буду рабіць. Ісці ў IT— сферу, як планавала на ФПМ большасць студэнтаў, я не хацеў. Год я папрацаваў на 3 ці 4 розных працах, вярнуўся, адбыў яшчэ год і кінуў ужо канчаткова. Перапаступіў у БДУІР, там была тая ж сітуацыя. Але выкладчыкі крыху больш набліжаныя да рэальнасці, і я быў бы гатовы вучыцца, калі б не ўзнік канфлікт з выкладчыкам хіміі. Карацей, пакуль з ВНУ ў мяне не склалася. Але я збіраюся неяк аднавіць атрыманне вышэйшай адукацыі. Патрэбны толькі час.
Уся гэтая гісторыя з робататэхнікай пачалася са з’яўленнем робатаў EV3 і магчымасцю іх набыць. Мне патэлефанаваў мой настаўнік, Яўген Лівянт, і спытаў, ці ведаю я, што такое LEGA-робаты і як з імі можна працаваць. “Не, — адказваю, — не ведаю”. Ён кажа: “І ніхто не ведае. Давай набудзем, навучымся і будзем праводзіць заняткі!” Купілі першыя шэсць робатаў, набралі дзяцей… Хутка стала зразумела, што, каб не гублялася матывацыя, было развіццё і выхад для зробленага, неабходныя спаборніцтвы. Так пачалася трэнерская праца. У 2014 годзе мы арганізавалі першую вялікую падзею — Мінскі турнір па робататэхніцы. А ужо ў 2015 годзе занялі 4 месца на Сусветнай Алімпіядзе робатаў.
Даведка: На сённяшні дзень у свеце існуе каля 20 міжнародных спаборніцтваў па LEGO-робататэхніцы. Самыя прэстыжныя з іх — World Robot Olimpiad (Сусветная алімпіяда робатаў) і First Lego League. FLL праводзяць амерыканцы, а Алімпіяду робатаў — азіяты. На сённяшні дзень беларускія каманды ўдзельнічаюць у WRO. Прыкладна за год да спаборніцтваў выходзіць новае заданне, і дзеці адразу пачынаюць рыхтавацца. Гэта вельмі падобна да алімпіядаў па фізіцы і матэматыцы, толькі расцягнута на год. Перад камандамі ставіцца задача, якую няпроста зрабіць нават даросламу інжынеру. Усё дастаткова рэгламентавана, шмат правілаў і абмежаванняў па робатах, але пакідаецца вялікі патэнцыял для творчасці і інтэлектуальнай працы. За месяц-два да міжнароднага фіналу праводзіцца беларускі адборачны этап, дзе выбіраюць адну-дзве найлепшыя каманды, якія і едуць на алімпіяду. Штогод ён праводзіцца ў розных краінах: летась — у Катары, сёлета ў Індыі, а праз год — у Коста-Рыцы.
На жаль, на WRO як на спартыўнай Алімпіядзе: калі гэта не першыя 3 месцы, то нічога не атрымліваеш. На чацвёртым месцы ты такі ж, як і той, хто заняў 88-е. Але гэта быў першы вялікі і спантанны поспех беларускай каманды. Я дагэтуль не ведаю, як мы там апынуліся. Згодна са статыстыкай, у катэгорыі, дзе мы сталі чацвёртымі, удзельнічала 6029 каманд. Гэта ўлічваючы ўсе адборачныя этапы. Вядома ж, у фінале, дзе праходзілі асноўныя падзеі, іх было значна менш: усяго 88 каманд, якія прадстаўлялі больш за 50 краінаў свету. Так што чацвёртае месца — гэта годны вынік.
У гэтым годзе ў Індыю паедуць 2 мае каманды. Адны з іх — тыя ж хлопцы, што занялі 4 месца. На іх цяпер вялікая адказнасць ва ўсіх сэнсах.
Традыцыйна ў нашай катэгорыі ўсіх перамагае Малайзія. У тым годзе яны нічога не ўзялі, але ў папярэднія гады атрымлівалі па некалькі камплектаў медалёў. Нехта з расійскай зборнай сказаў, што ў іх адбылася змена пакаленняў.
Азіяты ўсіх перамагаюць: Ганконг, Тайвань, Японія… Рускія добра ўдзельнічаюць. Але ж у іх гэта на дзяржпадтрымцы. Адсюль высокі ўзровень канкурэнцыі, магчымасць выставіць шмат каманд і дазволіць сабе нестандартныя рызыкоўныя рашэнні. А ў нас кожны хоча паехаць, таму ўсе рашэнні больш-менш аднолькавыя, класічныя.
— Што вам прынесла выдатнае выступленне каманды на Алімпіядзе?
— Павагу. Усё. У нас дастаткова вялікая канкурэнцыя ў горадзе ў галіне адукацыйнай робататэхнікі. Некаторыя, праўда, цяпер прыходзяць займацца персанальна да мяне. Але ж на гэтым бонусы скончыліся.
Пра сімвалізм і надзеі
Адукацыйная робататэхніка, якой я займаюся і вучу дзяцей, вылучаецца ў вялікай ступені сімвалізмам і не мае ніякага практычнага прызначэння. Нельга ўзяць “Лега” і пабудаваць робата, які пастаянна, якасна і карысна будзе вам дома, напрыклад, рабіць каву. Але патэнцыял у адукацыйнай робататэхнікі вялікі. Магчыма, аднойчы хтосьці з гэтых дзяцей зробіць нешта значнае, калі вырасце. Большасць жа з іх прыходзіць проста на “пагуляцца”.
Найстарэйшым тыпам спаборніцтваў у робататэхніцы з’яўляецца робасумо: 2 робаты шукаюць адзін аднаго, выконваюць розныя складаныя манеўры, спрабуюць выпіхнуць праціўніка і не выехаць за межы рынга. Пультаў няма, усё дзейнічае аўтаномна — гэта самае галоўнае правіла. Прычым аўтаномным гэта павінна быць ужо ў 10-гадовых дзяцей. Існуюць спаборніцтвы і з пультамі, але я і мае калегі ў Беларусі прасоўваюць менавіта аўтаномны рух: і праграмаваць складаней, і цікавей атрымліваецца, і больш адпавядае канцэпцыі робататэхнікі.
Яшчэ ў Мінску ёсць вельмі моцная каманда па робафутболе. У тым годзе яна ўпершыню ездзіла на Сусветную алімпіяду робатаў, добра выступіла. Арганізатары спаборніцтваў паставілі перад сабой мэту да 2050 года стварыць каманду андроідных робатаў, якія будуць гуляць супраць зборнай свету і здолеюць яе перамагчы. Кожны год яны праводзяць спаборніцтвы, і кожны год нешта новае з’яўляецца. Раней поле было рознакаляровым, каб робат мог па колеры арыентавацца ў прасторы, цяпер гэта зялёны газон. Пачыналі на полі 2х1 метр, цяпер — амаль 2.5х2 метры. З кожным годам яны эвалюцыянуюць, а заданні робяцца ўсё больш складанымі і цікавымі.
Яшчэ ёсць робабоўлінг. Ну і гэтак далей…
У мяне цяпер 60 дзяцей. Выдатныя вучні ёсць у кожнага з выкладчыкаў, але я зусім не ўпэўнены, што на выхадзе яны будуць ствараць робатаў. У нашай краіне гэта не развіта. У найгоршым выпадку пойдуць у ЕPАМ, у найлепшым — паступяць у ВНУ куды-небудзь у Еўропу ці Маскву.
Пра школу і бацькоў
Не так шмат часу прайшло пасля таго, як я скончыў школу. Мне пашанцавала: я вучыўся ў 1-й гімназіі ў выдатных настаўнікаў. Таму для мяне праблемы ў сістэме адукацыі доўгі час не было.
Цяпер я выкладаю як рэпетытар матэматыку і фізіку. Сёлета прыходзяць вельмі слабыя дзеці. Гэта факт. Трапляюцца такія, хто не ўмее складаць ці раскрываць дужкі, не ведае табліцу множання. Гэта, удакладню, 8-9 клас. А мая калега, якая вядзе рускую мову, кожны год занатоўвае новыя рэкорды непісьменнасці. Нядаўні рэкорд — літара “я”, напісаная не ў той бок ва ўсіх словах. Напісана вучнем 10 класа, які нарадзіўся ў Беларусі і з нараджэння размаўляў па-руску. Ці быў яшчэ хлопец-дзевяцікласнік, які, паглядзеўшы на дошку на літару “Й” у слове “йод”, спытаўся: “А што за рысачка над літарай “и?” Такія выпадкі вельмі ўражваюць.
Маё персанальнае меркаванне: асноўная праблема — у сямейным выхаванні і стаўленні бацькоў да заняткаў з дзецьмі. Мне часцяком хочацца выйсці да бацькоў і сказаць: “Я нічога не магу зрабіць. Вазьміце лічыльнікі і палічыце з вашым дзіцем. Бо ён не разумее, што лічба 56 — гэта шмат, а 3 — не. А 356 — гэта вельмі шмат”.
Так што на пытанне “А ці трэба бацькам займацца з дзецьмі?” у мяне ёсць толькі адзін адказ: абавязкова. Базавыя веды павінныя быць закладзеныя ў раннім узросце. Калі гэтых ведаў няма, вучань пачынае адставаць і не можа нічога вывучаць паглыблена і сур’ёзна. І пачынае тануць, як у багне. І пасля кідае вывучаць прадмет толькі таму, што базавых ведаў няма. Бо любяць дзеці займацца часцей за ўсё тым, што ў іх лепш атрымліваецца. Галоўная задача бацькоў — растлумачыць, што навучанне — гэта важна. Аргумент дзіцяці “мне гэта не патрэбна” ці “нецікава” да 9-11 класса не прымаецца, бо ў гэтым узросце дзеці аб’ектыўна не могуць выбраць, што ім насамрэч падабаецца, а што — не.
За маёй адукацыяй сачылі досыць пільна. Мы з маці пастаянна займаліся адукацыйнымі гульнямі, чыталі кнігі, нешта адкрывалі. І з урокамі яна дапамагалі, і тлумачыла складаныя рэчы простай мовай… Гледзячы на дзяцей, якія прыходзяць да мяне, я разумею, што цяпер гэта не ў кожнай сям’і.
Бліжэй да 8 класа дзеці пачынаюць збольшага разумець, што ім падабаецца. Нават так: што ім дакладна не падабаецца і чаму вось гэты, гэты і той прадметы цягнуць бессэнсоўна. Таму ў старэйшых класах гэтыя прадметы можна ці выключаць, ці мінімізаваць.
Калі я вучыўся ў старэйшай школе, у мяне была ружовая мара — я паступаю ў 10 клас, і мне прапаноўваюць выбраць 5 прадметаў, якія я буду вывучаць. Я прыходжу ў школу і выбіраю матэматыку, фізіку, англійскую мову, рускую мову і літаратуру. І свядома і аддана вывучаю толькі іх. Такая сістэма профільнай адукацыі мне падаецца вельмі добрай, але, на жаль, не ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер.
— А як ты ставішся да хатняй адукацыі?
— Я лічу, што ў школу трэба хадзіць усім. Калі не па веды, дык па сацыяльную камунікацыю з аднагодкамі і настаўнікамі. Вядома, гэта не тычыцца сітуацыі, калі дзеці не могуць наведваць школу па стане здароўя.
А калі мы гаворым пра 11 клас і пра падрыхтоўку да ЦТ, то ў школу сапраўды можна і не хадзіць. Там у гэты час іншае: першае каханне, танцы, гурткі па інтарэсах… Я, напрыклад, замест вучобы сустракаўся з дзяўчынай, якая сядзела са мной за адной партай. Жартую! Мне пашанцавала, у маёй гімназіі былі крутыя выкладчыкі па маіх любімых прадметах. А ўсё, чаго мне школа даць не магла, я дабіраў на занятках з рэпетытарамі.
І… пра настаўніцкія зарплаты
Адукацыя шчыльна завязаная на чалавечым фактары. І апроч добра прапісаных праграм, падручнікаў ёсць яшчэ ўзровень заработнай платы, ад якога залежыць прэстыж прафесіі і ўзровень складу выкладчыкаў. І я на 100 адсоткаў згодны з Яўгенам Лівянтам: можна доўга разбірацца, якую сістэму адукацыі будаваць, фінскую ці нямецкую, але найгалоўнейшае, што неабходна зрабіць, калі трэба павысіць узровень адукаванасці, — павялічыць выкладчыкам заработную плату. Прычым драматычна. Гэта прывядзе да павелічэння канкурэнцыі, яна ў сваю чаргу — да таго, што ў прафесіі застануцца найлепшыя. Я, напрыклад, не супраць пайсці ў школу і выкладаць матэматыку. Я гатовы напружыцца і за 45 хвілін паспрабаваць укласці ў галаву 30 дзяцей нейкія веды. Але цяпер не пайду. Нецікава.
Пра прызначэнне
Мне падабаецца выкладчыцкая дзейнасць: тут ёсць вялікае поле для самаўдасканалення і верхняя дасягальная мяжа.
Мяне ніколі не вабіла праца ў вялікай кампаніі, будаўніцтва кар’еры… Я цяжка падладжваюся пад іншых. А з дзецьмі працаваць люблю. Гэта адказна і вельмі важна. Можна быць сабою, то бок заставацца дзіцем самому. Я дазваляю сабе не падладжвацца пад асобных дзяцей: апроч мяне ў горадзе яшчэ шмат выкладчыкаў і трэнераў, не падабаюся — знайдзіце сабе іншага. Ну, і той узровень заработнай платы, які ёсць у мяне як у выкладчыка робататэхнікі, мяне задавальняе.
А калі перастане задавальняць, думаю, я змагу паспрабаваць сябе ў кампаніі кшталту таго ж ЕPАМ. Ці крыху меншай.
Што да выкладання матэматыкі… я б хацеў напісаць сістэму падрыхтоўкі для 6-9 класаў, аналагічную школьнай. І вось калі яна будзе добрая, я буду больш-менш задаволены сабой, і можна будзе рухацца далей.
Я яшчэ не бачыў ніводнага падручніка матэматыкі, які б падышоў вучням 6-9 класаў у поўнай меры. У ідэале вучань з аднолькавай радасцю павінен адкрываць дома кнігу Толкіна, Марка Твэна і падручнік па матэматыцы. З аднолькавай лёгкасцю і радасцю назіраць за прыгодамі Більба Бэгінса і навукай раскрыцця дужак. Гэта простыя рэчы. А цяпер усе веды па школьных прадметах пераведзеныя ў катэгорыю ведаў найвышэйшых. Пра падручнік па біялогіі ходзяць легенды — так там усё мутна напісана. Тэорыю па матэматыцы цяжка чытаць нават мне: я мушу напружваць усе свае чакры, каб у ім разбірацца. Тэрміны складаныя, прапісана ўсё нелагічна. Школьныя веды павінныя заходзіць у галовы лёгка! Тады гэта будзе ў радасць, тады дзеці будуць любіць вучыцца! Напружанне павіннае быць ў галаве, а не ў вачах ці дупе.
…і тое, што натхняе
Я вялікі аматар фантастыкі. А як, вы думаеце, я тут апынуўся? Робаты — гэта ж ваў!
Самае любімае — Стругацкія. Калі я пра гэта кажу, праўда, звычайна старэйшае пакаленне глядзіць на мяне здзіўлена. Можна доўга спрачацца наконт таго, пра што яны пісалі, я знаходжу там нейкія свае сэнсы. Чытаю яшчэ Лема, Жалязнага, Хайнлайна…
Калі шчыра, то кожны, хто прыходзіць сюды, хоча робата персанальна для сябе. Нікога не цікавіць, што на заводзе “Мерседэс” працуюць у большасці робаты ці ў Японіі пабудавалі поўнасцю рабатызаваную паркоўку… А яшчэ ёсць разумны дом — персанальны робат, які вывучае твае жаданні, саманавучаецца. Не, кожны марыць пра штучны інтэлект, які зможа стаць памочнікам і сябрам. Ад гэтага мы вельмі далёкія яшчэ. Але хто ведае, можа, гадоў праз 30 такое і будзе.
— А ў цябе дома ёсць робат?
— Не, навошта. У мяне тут 12 адзінак. Я тут практычна жыву: вяду заняткі, трэнірую каманды…
Пра мову і патрыятызм. Проста
Галоўная праблема беларускай мовы ў тым, што яна нікому не патрэбная ў нашай штодзённай рэальнасці. Калі не кранаць духоўнага аспекту, то на пытанне “Навошта табе ведаць беларускую мову?” няма ніякага адказу. Сістэма двухмоўнасці ў дакументазвароце, якая дазваляе карыстацца рускай мовай, робіць беларускую непатрэбнай. І нават калі яе добра вучыць ў школе, пасля заканчэння няма ўмоў для яе выкарыстання.
Мне вельмі падабаецца ініцыятыва з беларускай мовай ў 90-я гады, калі вырашылі, што ўсе дакументы будуць па-беларуску. Толькі рэалізаваная яна была дрэнна. А гэта быў выдатны крок на шляху да адраджэння статусу беларускай мовы.
Калі б нешта такое яшчэ зрабілі, я б патрымаў. Без такіх ініцыятыў мова загіне. А мова — гэта тое, што выдзяляе нас сярод іншых, падкрэслівае нашу індывідуальнасць, непадобнасць да іншых народаў. І магчыма, з яе распаўсюджаннем зменіцца і стаўленне людзей да краіны, у якой яны жывуць.
Патрыятызм — гэта жаданне жыць у краіне і рабіць што-небудзь для яе. У гэтым плане я патрыёт. Але… Я і мае аднагодкі ў тым узросце, калі трэба ствараць сем’і, нараджаць дзяцей… Ну, і панеслася: кватэры, машыны… побыт, карацей. У Беларусі цяжка цягнуць на сабе побыт, сям’ю… Большасць маіх сяброў, якія жэняцца, займаюцца бізнесам у інтэрнэце ці за межамі краіны. Многія з іх — патрыёты, але ім трэба выжываць. У гэты момант патрыятызм пачынае барахліць.
Кацярына Петухова, фота – Ягор Войнаў, budzma.by