27 лютага 2015 года творчая група кампаніі “Будзьма беларусамі!” у складзе Андрэя і Сяргея (барда Мельнікава і пісьменніка Чыгрына) наведала шэраг сярэдніх навучальных установаў Слоніма і ваколіц з літаратурна-мастацкай праграмай у межах вышэйузгаданай кампаніі.
Раніцай “Будзьма” ўпершыню за сваю гісторыю правяла сваю літмастацкую сустрэчу ў элітарнай гімназіі горада Слонім. Сустрэча насіла характар разведкі, але бакі адно аднаму спадабаліся. Старшакласнікі і іх кіраўнікі разумеюць карысць ведання беларушчыны ў Беларусі, тым больш, што гісторыя Слоніма і ваколіц у гісторыі Беларусі займае немалое месца. У будынку гімназіі знаходзіцца ўнікальны музэй рэлігіі, экспанаты ў якім перададзеныя сваякамі гімназістаў і гімназістак, а вучыцца ў гэтай установе прэстыжна і перспектыўна.
Новадзевяткавіцкая вясковая САШ прымала “будзьмаўцаў” пасля двухгадовага перапынку. Тут вучацца дзеці некалькіх вёсак. І, трэба адзначыць, база тут для вучобы неблагая, а праз дарогу ад школы – напаўразбураны касцёл, які шчэ ёсць шанцы рэстаўраваць. Сустрэча прайшла ў жывой атмасферы.
Рахавіцкая школа, у адрозненне ад Новадзевяткаўскай не ў цэнтры, а на ўскраіне населенага пункта. І аніякіх храмаў у полі бачнасці не відаць. Але вучацца тут таксама дзеці з некалькіх вёсак і “Будзьма” тут таксама апынулася па двухгадовым перапынку. І тут інтарэс да сустрэчы быў. Як у вучняў з вучаніцамі, так і ў настаўнікаў з настаўніцамі.
Андрэй Мельнікаў
Тэгі: Слонімшчына