Беларуска, этнограф і пісьменьніца Аліна Высоцкая сабрала і сыстэматызавала 2153 аўтэнтычныя запісы пра сны беларусаў. Яна выдала кнігу «Беларускі народны соньнік», піша Радыё Свабода.
Кніга «Беларускі народны соньнік» аўтарства Аліны Высоцкай выйшла ў выдавецтве «Гутэнбэрг». Матэрыял зьбіраўся доўгія гады, большая яго частка — запісы з палявых экспэдыцый у Беларусі. Гэта тлумачэньні сноў, апісаньне варажбы, перасьцярогі і парады, спосабы «закладаньня» на сон.
Аліна Высоцкая
Сны — люстэрка рэчаіснасьці, часта несправядлівай і жахлівай
Працу над соньнікам Аліна пачала яшчэ ў 2008 годзе, калі вучылася ў Полацку і езьдзіла ў этнаграфічныя экспэдыцыі. Потым яна трапіла ў асьпірантуру Акадэміі навук, але ў 2018 годзе пераехала ў ЗША. Менавіта там Аліна скончыла працу над соньнікам і падрыхтавала кнігу.
"Калектыў выдавецтва — гэта беларусы, і яны любяць сваю справу, у іх добра ўсё атрымалася. Шкада, канечне, што продажы ў Беларусі не такія шырокія, як хацелася б. Я спадзяюся, што кніга знаходзіць свайго чытача, бо беларусаў многа па сьвеце, і кніга трапляе да іх пры жаданьні«,— кажа этнографка.
«Беларускі народны соньнік»
У «Соньнік» уключаныя матэрыялы, сабраныя ва ўсіх абласьцях Беларусі, у многіх раёнах. Этнографка расказала Свабодзе, адкуль бярэ пачатак тлумачэньне сноў і што спрадвеку ў ім не зьмяняецца.
Калі Аліна Высоцкая пачынала пісаць кнігу, то выкарыстоўвала такія клішэ, як, напрыклад, «мудрасьць нашых продкаў».
«Але дзесяць гадоў таму я думала: «Ну якая гэта мудрасьць? Ладна, у казках — там хвальба працавітасьці, сяброўства, подзьвігі. Казкі мудрыя, яны „мы за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага“. У снах жа сюжэты часта вельмі жахлівыя. Напрыклад, няхрышчаныя дзеці, якія памерлі і ізаляваныя ад астатніх і плачуць па цёмных кутах. Якая тут справядлівасьць, якая тут мудрасьць? — разважае этнографка. — Прайшоў час, і мне гэта не падаецца вельмі дзіўным. Бо, я думаю, гэта люстэрка рэчаіснасьці. Сапраўды, сьвет вельмі неідэальны і несправядлівы».
Аліна зазначыла, што кніга мае адну частку — забаўляльную, другая ж частка — «цяжкая, філязофская».
У літоўцаў, латышоў убачыць у сьне рыбу — таксама да цяжарнасьці
У працэсе працы этнографка зьвярталася да досьведу нашых суседзяў — літоўцаў, палякаў, латышоў, расейцаў і ўкраінцаў. Дасьледчыца прыйшла да высновы, што беларусы ў пляне сымболікі сноў добра ўпісваюцца ў агульнаэўрапейскую карціну. Нашы суседзі — палякі, украінцы, расейцы — маюць навуковыя працы пра сны, у Беларусі амаль не было ніякіх тэарэтычных матэрыялаў. Этнографка кажа, што ў беларусаў з суседзямі па мапе мэханізмы інтэрпрэтацыі сноў працуюць падобна. Але досьвед суседзяў яна выкарыстала, толькі каб знайсьці падабенства ці адрозьненьне. Аліна лічыць: «У нас атрымаўся цалкам свой, клясны соньнік».
Дасьледчыца прыводзіць прыклад: убачыць у сьне рыбу — да цяжарнасьці. І гэта ня толькі беларускае тлумачэньне такога сну.
«На першы погляд выглядае незразумела, але нават Літва, Латвія — у іх таксама працуе гэтае тлумачэньне, і там дасьледчыкі зьвярталі ўвагу, што ў латыскай мове ёсьць моўнае падабенства ў назьве эмбрыёна і рыб», — зьвяртае ўвагу аўтарка кнігі.
Фотаздымак з этнаграфічных экспэдыцый у Расонскі і Бешанковіцкі раён, зробленыя Алінай Высоцкай у час жыцьця ў Беларусі, да 2018 году
Аліна Высоцкая расказвае, што падабенства эмбрыёна да рыбы падкрэсьліваецца ў самых розных культурах. Ёсьць сюжэты ў казках народаў сьвету, калі героя глытае нейкая марская пачвара і потым вяртае ў гэты сьвет. Гэта алюзія на тое, што герой памірае і нараджаецца ў нейкай новай якасьці. У Бібліі ёсьць падобны сюжэт, калі прарок Ёна атрымаў ад Бога наказ ісьці прапаведаваць, але ён не хацеў, і яго праглынула рыба-кіт. Потым ён каецца, памірае ў сваім былым усьведамленьні і нараджаецца больш веруючым з гатоўнасьцю ісьці прапаведаваць.
Чытайце таксама: «Калі ўва сне ўсерашся — разбагацееш!» Выйшаў беларускі народны соннік
Убачыць у сьне нябожчыка — практычна заўсёды дрэнны знак
У беларусаў самае «лёгкае» тлумачэньне, калі сьніцца нябожчык, — гэта на зьмену надвор’я. Этнографка кажа, што ў прынцыпе ўбачыць у сьне нябожчыка — дрэнны знак.
«Калі я падпісвала чытачам соньнік, то раней пісала: „Добрых, салодкіх сноў“. Але атрымлівала водгукі, што пакуль людзі чытаюць соньнік, у іх няма сну ад страшных гісторый, апісаных там. Сапраўды, напэўна, самы часты сюжэт, які ёсьць у соньніку, — пра сустрэчы з памерлымі, пра той сьвет», — тлумачыць Аліна.
Калі ты пабачыў памерлага чалавека ў сьне — ты маеш судакрананьне зь іншым сьветам. Этнографка кажа, што ёсьць пэўныя правілы паводзінаў, і людзі вельмі добра інтуітыўна іх разумеюць і прытрымліваюцца. Гэта такія правілы, як — не кранацца нябожчыкаў, не сядаць зь імі есьці. Калі ж у сьне чалавек сеў зь імі есьці за адным сталом — то, паводле тлумачэньня сноў, для яго гэта вельмі дрэнны знак.
Аліна зьвяртае ўвагу, што ўсё, што кажа і робіць у сьне нябожчык, вельмі важна, да кожнай дэталі трэба прыглядацца, і нават зьнешні выгляд памерлага чалавека можа мець нейкае тлумачэньне. Калі ён выглядае шчасьлівым, у добрым стане, то гэта заспакаяльны знак. Сон ь нябожчыкам можа выступаць часткай разьвітаньня і часткай пасьмяротнай біяграфіі. Такі сон патрабуецца, каб пацьвердзіць, што ўсё добра, блізкія па ягонай сьмерці ўсё зрабілі правільна.
Калі чалавек сьніць нябожчыка, які «ў вельмі дрэнным стане, скажам, у вадзе, у абадраным адзеньні, ці ён маўклівы, ці выконвае цяжкую невыносную працу, ён не выказвае эмоцый, не размаўляе, мае недахоп у ежы», — гэта сыгнал нешта зрабіць.
«Хтосьці ідзе ў царкву, хтосьці ідзе на могілкі, бо нешта там павалілася ці ня зроблена, і гэта выпраўляецца. Ці калі чалавек забыўся пра памінкі, нябожчык яму нагадае ў сьне. З аповедаў людзей выяўляецца, што зносіны чалавека з тым сьветам — інтэрактыўныя: „стымул-рэакцыя“, — тлумачыць этнографка. — Лічу, што як бы ні было страшна, але гэта клясны паказчык моцных псыхалягічных сямейных сувязяў у беларусаў нават у параўнаньні зь іншымі народамі. У нас моцная сувязь з продкамі, яна носіць фундамэнтальны характар».
Фотаздымак з этнаграфічных экспэдыцый у Расонскі і Бешанковіцкі раён, зробленыя Алінай Высоцкай у час жыцьця ў Беларусі, да 2018 году
«Выходзіць замуж — да сьмерці, насіць чорнае — таксама дрэнны знак»
Дасьледчыца цытуе адзін са сноў, запісаных этнографамі ў палявых экспэдыцыях.
«Іду на Зарэчча, там нашы магілкі, і адна жанчына, якая нядаўна памерла, мне з-за куста: «Ідзі сюды». Я давай прасіцца: «Цёця Ніна, не чапайце мяне, у мяне малое дзіця». «Цікава, што дзяўчына вельмі добра інтуітыўна разумее, што да чаго, яна добра арыентуецца і разумее, што ня варта заходзіць на могілкі — паселішча мёртвых. Таму яна нават спрабуе дамовіцца, апэлюе да такога самага моцнага пачуцьця, што малому дзіцяці трэба маці. Яна нібы дамаўляецца з тым сьветам», — тлумачыць аўтарка кнігі.
Паводле Аліны, дрэнны знак для чалавека — бачыць у снах людзей у чорным ці белым адзеньні, выходзіць замуж.
Гэта, па словах Аліны, часты вобраз ня толькі ў беларускіх соньніках, але і ў сусьветных. Бо, зноў жа як з паглынаньнем марской пачварай, гэта фэномэн ініцыяцыі. Дзяўчына, напрыклад выходзіць замуж — гэта значыць, што яна як бы памірае ў статусе дзяўчыны і нараджаецца ў статусе замужняй жанчыны.
Дрэнна бачыць у сьне і царкву.
«Таму што чалавек сустракаецца з царквой у самыя важныя моманты жыцьця — пры нараджэньні, вясельлі, пры пахаваньні, таму так гэты вобраз і счытваецца, як нядобры знак», — кажа Аліна.
Фотаздымак з этнаграфічных экспэдыцый у Расонскі і Бешанковіцкі раён, зробленыя Алінай Высоцкай у час жыцьця ў Беларусі, да 2018 году
Прадухіліць наступствы дрэнных сноў? Ніводная магічная практыка ня дасьць 100% выніку
У соньніку ёсьць невялікі разьдзел пра перасьцярогі, табу і парады. Апісаныя некаторыя магічныя практыкі, якія дапамагаюць прадухіліць магчымыя нэгатыўныя наступствы сну. Такіх практык няшмат. Напрыклад, ёсьць моўная формула «Куды ноч, туды і сон», — гэта частка комплекснага магічнага рытуалу. У ім задзейнічанае слова: «Ты кажаш, прагаварыў — яно становіцца рэальнасьцю, ты „адаслаў“ сон».
«Можна дадаваць і рытуальныя дзеяньні: паглядзець у вакно, бо вакно — гэта такі партал, які адпраўляе дрэнную зьяву некуды. Яшчэ пайсьці, ні з кім не размаўляць і абмыцца вадой, бо вада — касьмічная субстанцыя, яна можа забіраць хваробу, але можа і даваць хваробу. Але ніводная з гэтых практык, наколькі я зразумела, не дае 100% выніку, і ўсе гэта базуецца на веры ў чалавечы лёс», — тлумачыць аўтарка кнігі.
Дасьледчыца кажа, што сучасны чалавек сам кіруе жыцьцём, сам робіць сваю гісторыю. У чалавека традыцыйнага па-іншаму: ён жыве, зьмяняе сваё жыцьцё, дае лепшае дзецям, але ёсьць яшчэ лёс, які часта можа перакрэсьліць усе твае намаганьні. Лёс можа быць як справядлівы, так і несправядлівы.
«У чалавека яшчэ доўга будзе патрэба, каб у сьвеце было месца незвычайнаму. Мы яшчэ пранясём гэтую патрэбу з сабой на доўгія гады», — перакананая этнографка.