З. Вайцюшкевіч: “Мая пазіцыя: рабіць платныя канцэрты па аграгарадках – амаральна”.

Зміцер Вайцюшкевіч даў шэраг канцэртаў па аграгарадках “Капачы” Мсціслаўльскага раёну Магілёўскай вобласці, “Станіславова” Дубровенскага раёну Віцебскай вобласці і ў горадзе Мсціслаўль Магілёўскай вобласці 4–6 верасня.

Публіка ў большай сваёй частцы падзялялася на старых і маладых, нешта “сярэдняга па ўзросце”, як сказаў сам спявак, было вельмі мала.

Пра існаванне такога артыста як Зміцер Вайцюшкевіч публіка даведалася ўпершыню.

Моладзь пасмейвался з беларускай мовы артыста і асабліва з выказвання Змітра: “Пры канцы канцэрту вы будзеце спяваць са мною разам”. Але гэта не простыя словы на вецер: харызма, энэргетыка і талент спевака сапраўды працуе з неверагоднай сілай, і пры канцы канцэртаў заля сапраўды падпявала ўжо не на “смяшной”, а на роднай беларускай мове.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Мая пазіцыя: рабіць платныя канцэрты для людзей з аграгарадкоў, для людзей, якія жывуць у цяжкім матэрыяльным і сацыяльным становішчы, – гэта проста амаральна. Я ніколі не прадаю свае альбомы на такіх канцэртах.”

Асаблівым поспехам карысталіся песні “Галодны воўк” і “Суседка”. Сапраўды, народныя тэмы – пра ежу і гісторыю сельскай жанчыны – клаліся на сэрца слухачам. Лао Цзы казаў: “Хочаш вечнай улады – зрабі, каб страўнікі народа заўжды былі сытымі, а галовы пустымі”. І вось дзякуючы менавіта такім беларускім артыстам, як Зміцер Вайцюшкевіч, галовы беларусаў ніколі не будуць у такім стане. Нягледзячы на першапачатковае ўспрыняцце моладдзю беларускага артыста, пасля канцэртаў залі проста станавіліся ў чэргі, каб атрымаць аўтограф Змітра Вайцюшкевіча.

Жывы інтарэс выклікалі плакаты і паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і прайшлі канцэрты Змітра Вайцюшкевіча.

Фота з архіву.

Тэгі: