Топ-10 беларусаў, якім няма помніка ў Мінску. А варта паставіць! Бо без іх не было б самой Беларусі (і нас з вамі)

25 сакавіка адзначаецца Дзень Волі, калі была абвешчана першая беларуская дзяржава — БНР. Пасля яе з’явілася БССР. Пра тых, без каго Беларусі б цяпер не было, а мы ўсе былі б не беларусамі (калі б увогуле нарадзіліся), піша citydog.io.

Бываюць вырашальныя перыяды, калі хада гісторыі нібыта паскараецца і грамадства атрымлівае вынік таго, што папярэднія падзеі рыхтавалі некалькі дзесяцігоддзяў ці нават стагоддзяў.

Такім перыядам для беларусаў былі 1917–1920 гады. У выніку вялікай вайны імперыя, якая больш як сто гадоў трымала Беларусь у кіпцюрах, пачала разлазіцца. І беларусы зрабілі якасны скачок — ад фальклорнай «народнасці» да дзяржаўнай нацыі. Пры нашых стартавых пазіцыях і падзеленасці паводле рэлігіі гэта было вялікае шанцаванне. Нагадаем вам пра тых, хто зрабіў гэта магчымым.

Францішак Багушэвіч (1840–1900)

Francišak Bahuševič

За што трэба паставіць помнік. Мы ведаем яго са школьнай праграмы як паэта, які пісаў пра сялян. Спадар Францішак памёр за два дзесяцігоддзі да абвяшчэння незалежнасці, але без яго наступных падзей не было б. Бо ў прадмовах да сваіх паэтычных кніжачак Багушэвіч сфармуляваў тое, што вырасла ў беларускую нацыянальную ідэю. За праставатай падачай стаіць добра прадуманая канцэпцыя. У якасці каштоўнасці, якая яднае ўсю нацыю, Багушэвіч выбраў не рэлігію (як было ў суседзяў), а мову. Беларус, нават калі гаворыць па-польску ці па-руску, беларускую будзе разумець, разважаў ён.

Ён вызначыў, што такое Беларусь: гэта там, дзе разумеюць па-беларуску.

У маладосці Багушэвіч, як увесь край, удзельнічаў у паўстанні Каліноўскага, быў паранены. Пасля шмат гадоў хаваўся ва Украіне. Там атрымаў спецыяльнасць юрыста, вярнуўся ў Вільню, калі ўсё сціхла, працаваў адвакатам.

Яго зборнікі беларускіх вершаў — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» — друкаваліся лацінскім шрыфтам у Кракаве, на тэрыторыі Аўстра-Венгерскай імперыі. На падкантрольных Расіі тэрыторыях беларускі друк быў забаронены, як і любы іншы, апроч рускага. Беларускія, літоўскія кнігі друкавалі ў Прусіі, Аўстрыі і таемна пераносілі праз мяжу.

Дзе ставіць помнік. Багушэвічу стаіць помнік у Смаргоні, у парку, як лакальнаму паэту. Гэта не адлюстроўвае яго маштаб. Багушэвіч варты помніка ў сталіцы, прынамсі на плошчы Багушэвіча.

Браты Луцкевічы і Уласаў

Braty Luckievičy i Ulasaŭ

За што трэба паставіць помнік. Мінчане Іван і Антон Луцкевічы ды іх сябар Аляксандр Уласаў (на фота справа) паспелі зрабіць за дзесяцярых: заснавалі першую беларускую палітычную партыю — Грамаду, першыя рэгулярныя беларускія газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва», першы гістарычны музей.

Іван Луцкевіч (1881–1919) быў крыэйтарам і фандрайзерам. Антон Луцкевіч (1884–1942) — інтэлектуал, менеджар і палітык. Аляксандр Уласаў (1874–1941) — першы наш прафесійны рэдактар і аўтар самых дасціпных ды смешных беларускіх успамінаў.

Сваім аўтарытэтам Луцкевічы ў сакавіку 1918 года дабіліся стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі і абвяшчэння яе незалежнасці.

Дзе ставіць помнік. На месцы дома Луцкевічаў у Купалаўскім скверы ляжыць камень. Гэтага замала. Помнік айцам незалежнасці павінен быць на плошчы Незалежнасці.

Браніслаў Тарашкевіч (1892–1938)

Branislaŭ Taraškievič

За што трэба паставіць помнік. Ён быў многа кім — палітыкам, публіцыстам, перакладчыкам, але найбольшай яго працай з адлегласці часу бачыцца «Беларуская граматыка для школ».

У беларускай мове пасля нават з’явілася слова «тарашкевіца» для пазначэння той першай граматыкі «з мяккімі знакамі». Яна ж, нягледзячы на ўсе пазнейшыя русіфікатарскія змены, ляжыць у аснове і сённяшняй беларускай граматыкі.

Дзе ставіць помнік. Браніслаў Тарашкевіч варты таго, каб яго іменем назваць універсітэт і як мінімум на яго тэрыторыі паставіць генію манумент.

Палута Бадунова (1885–1938)

Paluta Badunova

За што трэба паставіць помнік. Подпіс Палуты Бадуновай стаіць пад Актам 25 сакавіка 1918 года — у пачатку 20-га стагоддзя гэта быў надзвычай рэдкі выпадак. Больш за тое, яна была народнай сакратаркай па справах апекі (гэта значыць міністаркай сацыяльнай абароны). Мала ў якіх урадах таго часу жанчыны маглі быць міністрамі. Гэта паказвае, наколькі перадавым было мысленне айцоў беларускай незалежнасці.

Гэта гомельская настаўніца далучылася да беларускага руху ў Петраградзе падчас вучобы. Парадаксальна, але сталіца імперыі была таксама адным з найбольшых цэнтраў беларускага руху — там было многа беларускіх студэнтаў.

Лёс Бадуновай быў трагічны: вымушаная эміграцыя ў 1920-я падарвала яе здароўе. З нервовай хваробай яна, паверыўшы бальшавіцкай амністыі для нацыянальных дзеячаў, вярнулася ў БССР. У 1938-м яе расстралялі.

Дзе ставіць помнік. Нарадзілася Бадунова ў гомельскім прыгарадзе Навабеліца. Як мінімум там павінен стаяць помнік у гонар спадарыні Палуты. А ў Мінску вобраз Бадуновай можна было б увасобіць у раёне вуліцы Валадарскага, дзе дагэтуль стаіць будынак, у якім і абвесцілі пра стварэнне БНР.

Уладзімір Дубоўка (1901–1976)

Uladzimir Duboŭka

За што трэба паставіць помнік. Янка Купала падчас знаёмства з Дубоўкам сказаў: «Я — толькі Дзяржавін, ты — Пушкін». Мелася на ўвазе, што Дубоўка пераўзыдзе яго і ў таленце, і ў славе. Яшчэ Дубоўка прыдумаў шмат новых слоў (напрыклад, «адлюстраванне»), прыдумаў вобраз «Беларусь — мая шыпшына», быў смелым эксперыментатарам у паэзіі. І проста смелым: у 1920-я ён выйшаў з літаратурнай групоўкі «Маладняк», якая ставіла задачай «ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці», — і стварыў «Узвышша». Следам за ім туды пайшлі сур’ёзныя пісьменнікі, сярод якіх не было ніводнага камуніста.

Дубоўка ў 1927 годзе сказаў, што «Узвышша» будзе прызнаваць кіраўніцтва камуністычнай партыі толькі «ў магчымым для сябе кірунку і формах». Гэта значыць, не будзе скакаць пад дудку бальшавікоў. Бальшавікі яму гэтага не даравалі. Агулам у высылках і турмах Дубоўка, арыштаваны ў 1931-м, правёў 26 гадоў.

Дзе ставіць помнік. Помнікам Дубоўку можна было б ушанаваць дзясяткі рэпрэсаваных пісьменнікаў яго пакалення. Яны былі абуджаны да творчасці беларускай незалежнасцю. Таму лагічна паставіць помнік насупраць галоўнага офіса КДБ.

Эдвард Вайніловіч (1847–1928)

Edvard Vajnilovič

За што трэба паставіць помнік. Эдвард Вайніловіч быў адным з нефармальных лідараў беларускай шляхты канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Усё сваё жыццё ён спрыяў кансалідацыі і ўзбагачэнню беларусаў. Заснаваў першы камерцыйны банк і крэдытнае таварыства. Узначальваў таварыства беларускіх землеўласнікаў. Данаціў на незалежную беларускую прэсу і кнігавыданне.

Яго жыццё было поўнае і прыгод, і трагедый: ён, сын шляхціца-абшарніка са старажытнага баярскага роду Вялікага Княства Літоўскага, па-амерыканску паступіў ва ўніверсітэт на тэхнічную спецыяльнасць, працаваў рабочым на нямецкай чыгунцы. Ён памятаў паўстанне Каліноўскага — і меў нетыповы на яго погляд. Ён за сваё жыццё сустракаўся, бадай, з усімі больш ці менш значнымі дзеячамі — ад Беларусі да Варшавы і Санкт-Пецярбурга.

Вайніловіч галасаваў — насуперак большасці, якая хацела далучэння да Польшчы, — за незалежнасць Беларусі падчас з’езда краёвага дваранства ў Мінску (1917). Разам з Раманам Скірмунтам ён увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі (1918).

Дзе трэба паставіць помнік. Спадар Эдвард перажыў сваіх дзяцей — і збудаваў у іх памяць цудоўны касцёл Святых Сымона і Алены ў цэнтры Мінска. Пасля прыходу бальшавікоў Вайніловіч жыў у эміграцыі. У 2010-я яго парэшткі перазахавалі ў Мінску. Але годнага помніка, які лагічна было б паставіць за Чырвоным касцёлам, дагэтуль няма.

Вацлаў Ластоўскі (1883–1938)

Vaclaŭ Lastoŭski

За што трэба паставіць помнік. Калі Багушэвіч адным абзацам акрэсліў, чым беларусы могуць ганарыцца ў гісторыі, дык Вацлаў Ластоўскі напісаў цэлую «Гісторыю Беларусі» — першую складзеную з беларускіх пазіцый.

Ён быў асобай вялізнага маштабу. Геніяльны самавук, без сістэмнай адукацыі здолеў пры канцы жыцця стаць акадэмікам. Ён рэдагаваў віленскую «Нашу Ніву», яшчэ пару выданняў і інтрыгаваў супраць братоў Луцкевічаў. Арганізоўваў на Віленшчыне антыпольскі партызанскі рух у 1920-я. Быў прэм’ер-міністрам БНР і, ясная справа, масонам.

Яшчэ ён таленавіта пісаў народныя песні і казкі — многія з іх увайшлі ў фальклорныя зборнікі. Кажуць, што нават да вядомых гістарычных песень пра князя Вітаўта («Ідзе Вітаўт па вуліцы») і пра бітву пад Оршай («У нядзельку параненька») прыклаў руку Вацлаў Ластоўскі.

Дзе трэба паставіць помнік. Ластоўскі варты большага за бюст у Глыбокім. Імем Ластоўскага можна было б назваць адзін з мінскіх праспектаў.

Алесь Бурбіс (1885–1922)

Alieś Burbis

За што трэба паставіць помнік. Маленькі руды чалавечак з мядзянай глоткай, як называў яго Аляксандр Уласаў. «Працаваў у Менску ў нашай Беларускай Рэвалюцыйнай Грамадзе, абдзёрты, замёрзлы, галодны, беспрытульны, у падполлі, на нелегальным палажэнні. Маладосць, здароўе, сілы яго з’ела проста конская праца для беларускага народа».

Бурбіс першы пачаў выступаць на мітынгах па-беларуску. У тыя часы публічнае выступленне па-беларуску было так неспадзявана, як гром у ясную пагоду, успамінаў Язэп Лёсік.

Бурбіс з такім імпэтам агітаваў у часы рэвалюцыі 1905 года, што мястэчка Мейшагола пад Вільняй узняло паўстанне і выгнала ўсе ўлады. За ўдзел у рэвалюцыі Бурбіса тры гады пратрымалі ў турме. Праз дзесяць гадоў яго яшчэ двойчы арыштоўвалі Саветы.

У час Першай сусветнай Бурбіс працаваў у маскоўскім банку і так у 1918-м стаў паслом БНР у Маскве, а ў 1919-м увайшоў у кіраўнічыя органы новастворанай БССР. Над яго магілай на мінскіх Старажоўскіх могілках плакалі і прасавецкія, і антысавецкія паплечнікі. Памёр ён ад сухотаў, якімі заразіўся ў турме, у 37 гадоў.

«Апошнім часам ён стаў камуністам, але разумеў, што без нацыянальнага вызвалення не можа быць і сацыяльнага вызвалення. А нацыянальнае вызваленне ён мысліў як поўную непадзельную дзяржаўную незалежнасць для свайго беларускага народу».

Бурбіс усё жыццё працаваў бухгалтарам і ў выніку стаў першым, хто склаў эканамічную геаграфію Беларусі, прааналізаваў гаспадарчыя сувязі з іншымі рэгіёнамі і разлічыў гандлёвы баланс краіны.

Дзе трэба паставіць помнік. Яго хобі быў тэатр. Гэта ён арганізаваў першую беларускую вечарынку ў Вільні на тысячу гледачоў. А яшчэ паставіў у мінскай Пятроўшчыне востры сатырычны спектакль «Па рэвізіі» ўкраінскага драматурга Марка Крапіўніцкага (для сялян і наёмных работнікаў уваход вольны). Прыйшло трыста чалавек, у канцы 24-гадовы Купала чытаў свае вершы. Помнік Бурбісу і яго спектаклю на Пятроўшчыне выглядаў бы вельмі міла.