Петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім падпісала ўжо звыш 92 000 чалавек.
Нагадаем, напярэдадні каля сотні беларусаў звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з заклікам забараніць бел-чырвона-белую сімволіку. На гэтай падставе Генпракуратура рыхтуе дакументы для абвяшчэння сцяга і іншай сімволікі ў бел-чырвоных колерах экстрэмісцкімі.
У адказ Каардынацыйная рада стварыла петыцыю супрацьлеглага зместу. І яна менш, чым за суткі, сабрала ў 100 разоў больш подпісаў, чым жадаючыя забараніць БЧБ-сцяг.
Калі нацыянальны сцяг беларусаў будзе ўключаны ў «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», людзей змогуць прыцягваць па ч.2 арт. 17.11 КаАП. Даваць штрафы да 50 базавых (1450 руб) і да 500 б.в., для юрыдычных асоб — 14 500 руб.
Варта ўлічваць, што праз вялікі наплыў жадаючых, сайт «Удобный город» перыядычна падвісае, тады варта паспрабаваць зайсці на яго крыху пазней.
Звярніце ўвагу: петыцыю можна падпісаць да 07:00 пятага лютага. Спяшайцеся, калі яшчэ не паспелі!