У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, сястру ў выбарчай камісіі, затрыманні і пандэмію свабоды расказвае Зміцер — IT-спецыяліст.
Пра плакат. Мой плакат («Нават за кратамі я вольны») пра тое, што амаль ва ўсіх беларусаў, і ў прыватнасці ў мяне, расплюшчыліся вочы. Цяпер я вольны ад шораў, якія хавалі ад мяне праўду многія гады. Усе спробы загнаць нас назад у стойла цяпер дарэмныя. Седзячы ў СІЗА і турмах, людзі ўжо зразумелі, што ёсць свабода. Яе неабавязкова адчуваць на дотык, яна ў нас у душы, у кожнага беларуса, хто прачнуўся. І цяпер я вольны нават за кратамі.
Сваім плакатам я хацеў паказаць, што турма не пазбаўляе нас свабоды цалкам, яна толькі злёгку абмяжоўвае нашы сродкі выяўлення свабоды.
Седзячы ў СІЗА з вельмі інтэлігентнымі, адукаванымі людзьмі, мы маглі добра праводзіць час і там. Бо рэч не ў фізічнай няволі. Мы сябравалі, смяяліся, жартавалі і марылі. Хіба гэта не свабода?! Самае непрыемнае за кратамі — перажываць за тых, хто на волі. Каб у іх усё атрымалася і пры гэтым не было ахвяраў.
Падмурак несвабоды. Асновай і падмуркам несвабоды стала выхаванне страхамі. Калі цэлае пакаленне гадавалася з думкай пра тое, што я ніхто, калі не ва ўладзе, я ніхто, калі небагаты і непаспяховы, што я не магу сказаць ні слова чыноўніку або міліцыянту, бо мяне ці арыштуюць, ці звольняць, ці ўвогуле заб'юць. Тэрмін, модны сёння, «вывучаная бездапаможнасць», вельмі добра адлюстроўвае пачуццё, з якім людзі жылі доўгія гады. Цяпер усё яшчэ ёсць такія людзі. Сярод маіх знаёмых, сваякоў яны таксама ёсць.
Мая сястра была ў выбарчай камісіі. Так, напрыклад, адна з маіх сясцёр вымушана ўдзельнічала ў выбарчай камісіі, таму што баялася, што звольняць. Потым не змагла заявіць пра фальсіфікацыі, бо падставяць і арыштуюць ці пачнуць пагражаць яе дзецям. Цяпер яна плача начамі, менавіта таму, што несвабодная. Страх скоўвае яе кожны раз, калі яна парываецца ўсё распавесці свету. Часткова я яе разумею.
Альбо мой сусед, які да выбараў кожны дзень мяне пытаў, «як там справы», «хто пераможа», «што будзе», а пасля жнівеньскіх падзей заняў папулярную пазіцыю «я апалітычны». Але ён усё разумее, ведае, дзе дабро, а дзе зло. Толькі калі ты выхоўваўся страхам, баішся нават паглядзець на гэтае зло: а раптам яно заўважыць твой позірк і пачне праяўляць да цябе цікавасць? Лепш я скажу, што не бачу нічога вакол, буду далей сядзець і баяцца, затое мяне не крануць, амаль пэўна. Ён таксама несвабодны, ён сам сябе падманвае штодзень. І тут я кажу пра тое, кім я быў раней. Дагэтуль я адчуваў тыя ж страхі і асцярогі, але ў нейкі момант заўважыў, што зло ўжо навісла над табой і плюе табе ў твар. Тады немагчыма трымаць вочы заплюшчанымі.
Ідэалогія ілжэпаклонніцтва. Таталітарныя рэжымы вымушаныя ўбіваць у маладыя неакрэплыя розумы свае запаветы, якія яны падаюць у выглядзе ідэалогіі. Гэта рабілася з часоў Савецкага Саюза і робіцца цяпер. Нашым дзецям у школах дораць падарункі ад прэзідэнта, кнігі, дзе расказваецца і паказваецца, хто выратаваў краіну, што ён выратаваў краіну. Падарункі ад прэзідэнта, але за наш кошт. А дзеці ўжо ў першым класе вераць, што падарунак менавіта ад прэзідэнта, што ён пра іх клапоціцца. Ім хлусяць дзеля выхавання ў правільнай ідэалогіі. У кожным кабінеце вісіць партрэт гэтага чалавека, які мусіць усяго толькі прадстаўляць народныя інтарэсы, а не быць іконай для пакланення. З яго постаццю можна знаёміць толькі ў адукацыйных мэтах, а ўжо дакладна не рабіць з яго ідала.
Пандэмія свабоды. Для свабоды Беларусі пагроза яшчэ ёсць. Бо не ўсё залежыць ад нас, можа ўмяшацца мноства вонкавых фактараў. Але я ўпэўнены, што для свабоды беларусаў пагроз ужо няма. Занадта вялікая колькасць людзей стала свабоднай у гэтыя месяцы. І гэта новая пандэмія, пандэмія свабоды волі, у якой хуткасць распаўсюджвання толькі павялічваецца з кожным днём. І вольнымі стануць усе!
Кірыл Стаселька, budzma.org