У Беларусі бяздомных жывёл адлоўлівае камунальная служба, і калі ніхто не забярэ няшчасных з пункту адлову — іх умярцвяюць. Гэта жорстка і нецывілізавана. Грамадскае аб’яднанне “ЗААшанс” спрабуе выратаваць жыццё бяздомным катам і сабакам і зрабіць чалавека больш спачувальным да жывых істот. Якіх станоўчых вынікаў дасягнула арганізацыя за сем гадоў існавання і што пакуль складана “прабіць” у нашым грамадстве, “Будзьма” расказала старшыня “ЗААшанса” Вольга Карпава.
Старшыня “ЗААшанса” Вольга Карпава
Без закона па-цывілізаванаму не атрымаецца
— Па-першае, нам удалося часткова змяніць заканадаўства, — пачынае Вольга. — У 2013 годзе мы ініцыявалі змены ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, каб міліцыя магла складаць пратаколы на месцах здарэнняў. Гэтая норма была прынятая, як і іншая наша прапанова — увядзенне крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі. А вось “Закон аб абароне жывёл”, за які мы таксама выступалі, пакуль не прыняты. І Беларусь сёння — ледзь не адзіная краіна ў Еўропе, дзе адсутнічае такі дакумент. Нашае аб’яднанне ўнесла шмат прапаноў у праект закона: напрыклад, увядзенне стэрылізацыі жывёл, каб у гарадах не з’яўляліся нікому не патрэбныя каты і сабакі. Гэта больш гуманна, чым тапіць жывёлін ці выкідваць на двор, дзе яны гінуць у 99% выпадкаў. Мы прапанавалі нормы, якія працуюць у іншых краінах, дзе, напрыклад, за нестэрылізаванага хатняга гадаванца гаспадар плаціць большы падатак, чым за стэрылізаванага. Таксама мы выступалі за чыпаванне жывёл за кошт уладальнікаў. Гэта добрая мера кантролю. Тыя “амбарныя” кнігі, што знаходзяцца ў ЖЭСах, неэфектыўныя, бо адзінай базы дадзеных няма, а бегаць па ўсіх раёнах і шукаць па спісах уладальніка зніклага сабакі нерэальна. На жаль, гэтыя меры не ўвайшлі ў законапраект, як, дарэчы, і астатнія прапановы людзей, выказаныя падчас шырокага грамадскага абмеркавання. Калі я спытала адказных чыноўнікаў, што ўключылі ў праект ад грамадскасці, даведалася, што нічога.
— Калісьці вы прапаноўвалі ўвесці ў школах урокі па этычным стаўленні да жывых істот. Гэта ініцыятыва рэалізаваная?
— З кожным годам нашыя стасункі са школамі пашыраюцца. Мы разам з супрацоўнікамі школ чытаем лекцыі, дзеці ладзяць кірмашы, аўкцыёны і атрыманыя сродкі ці рэчы перадаюць нашай арганізацыі. Але гэта пазашкольная праца, па-за межамі абавязковай праграмы. Хаця ў нас ёсць распрацаваная англійскім фондам Big Hearts цікавая спецпраграма па абароне жывёл, якая можа быць інтэграваная ў прадмет “біялогія”, напрыклад. Дарэчы, ва Украіне Мінадукацыі ўключыла яе ў школьную праграму. Мы можам прапанаваць гэтыя распрацоўкі і нашаму міністэрству.
Соня і Сэм, падапечныя “ЗААшанса”, якія шукаюць новы дом
Стыхійныя пахаванні пагражаюць экалогіі
— Вы таксама выступалі за стварэнне могілак для жывёл. Ці з’явіліся яны?
— Так. Пасля доўгіх перамоваў і ўзгадненняў першыя такія спецыялізаваныя могілкі “Свечка Памяці” створаныя ў Міханавічах, побач з чалавечымі могілкамі. Тут практыкуецца крэмацыя і прапануецца цікавая паслуга: прах жывёліны змешваюць з зямлёй, высаджваюць туды дрэўца, пасля чаго былы гаспадар можа забраць яго і пасадзіць на лецішчы, напрыклад. На маю думку, гэта лепшае за любы помнік.
Могілкі для жывёл павінныя быць, каб пазбегнуць стыхійных пахаванняў, якія дрэнна ўплываюць на экалогію горада. Сітуацыя ўжо трывожная. Напрыклад, у апошнія гады каля 80% бяздомных катоў, якіх мы падабралі, былі хворыя на мікраспарыю (лішай), нават тыя, якіх знайшлі за горадам, на лецішчах. Раней такога не было. Гэта можа быць звязана з тым, што ў дзяржаўных ветлячэбніцах ветэрынары часта адразу раяць усыпляць лішайных катоў, хаця гэта не небяспечная хвароба, яна добра лечыцца.
— Ці праводзіце вы нейкія семінары ці кансультацыі з ветэрынарамі на тэмы новых спосабаў, тэндэнцый лячэння, каб такога не было?
— Калі мы пачыналі сваю дзейнасць і бралі жывёл у асноўным з пункту адлову “Фаўна горада” — са складанымі інфекцыямі, мікраспарыяй, — ветэрынары раілі ўсыпляць, бо не ведалі, як гэта трэба лячыць. Але сітуацыя некалькі змянілася. Добрасумленныя ветэрынары супрацоўнічаюць з намі, цікавяцца ў валанцёраў спосабамі лячэння. У арганізацыі ёсць доступ да актуальнай базы дадзеных, таксама мы маем час знайсці нешта карыснае ў інтэрнэце, таму ведаем розныя лайфхакі. Напрыклад, высветлілі, што ад мікраспарыі вельмі добра дапамагае настой праполісу.
Гэтага ката Вольга падабрала каля крамы — збітага, з раздробленым тазам, з кроватачывымі вачыма.
Цяпер ён здаровы, укормлены і даверлівы
Прытулкі не вырашаць праблемы
— Прытулкі накшталт “Фаўны горада”, дзе жывёл умярцвяюць, калі не знойдуцца новыя гаспадары, — не выйсце. Чаму ў нас няма альтэрнатыўных прытулкаў з добрымі ўмовамі і доўгім тэрмінам утрымання жывёл?
— На маю думку, дзяржава і грамадства пакуль не гатовыя да такіх прытулкаў. Няма сэнсу іх ствараць, пакуль не будзе дзяржпраграмы па абмежаванні нараджальнасці жывёл. Прытулкі будуць перапоўненыя. Бо акрамя бяздомных людзі пачнуць масава здаваць туды хатніх кацянят ці шчанят, каб не займацца іх стэрылізацыяй. Гэта ж прасцей і бясплатна! Акрамя таго, ёсць імавернасць, што такія прытулкі могуць спаліць — неадэкватных людзей хапае. Таму сёння альтэрнатыўныя прытулкі існуюць нелегальна, як правіла, у прыватных дамах. А асноўная колькасць жывёл знаходзіцца на ператрымках (часовае ўтрыманне) па кватэрах валанцёраў.
Цяпер мы імкнёмся падбіраць бяздомных жывёл, каб яны не трапілі ў адлоў. Бо падчас яго яны часцей за ўсё гінуць, а калі выжываюць, дык здаровымі з пункту адлову не выходзяць. Вось у мяне кошка Алёша з “Фаўны горада”. Лячыла я яе некалькі месяцаў. Быў час, што нават спала з ёй на сваёй лоджыі — у “каранцінным памяшканні”, бо яна была паміж жыццём і смерцю, а ў такія моманты падтрымка чалавека жывёліне вельмі патрэбная…
Для кожнага мы знаходзім новы дом, акрамя дзікіх жывёл, якіх нельга сацыялізаваць. Такіх мы стэрылізуем і выпускаем на волю.
Галоўныя выдаткі — на лячэнне
— Які бюджэт патрэбны арганізацыі на месяц?
— Асноўныя нашы выдаткі — гэта лячэнне і стэрылізацыя жывёл, пакупка кармоў. Таму сумы могуць быць рознымі. Напрыклад, у мінулым месяцы мы патрацілі 3,7 тысячы рублёў, а ў жніўні 2017 г. — 8,5 тысячы. Трэба адзначыць, што ў нас дамовы з 8 ветклінікамі, і шмат ветэрынараў робяць для нашых падапечных значныя зніжкі. Таксама арганізацыя аплачвае дарагія лекі валанцёрам, якія лечаць жывёл самастойна. Выдаткаў патрабуе аплата юрадраса, службовых тэлефонаў. На мінімальнай стаўцы ў нас працуюць тры чалавекі.
Значную частку ахвяраванняў мы збіраем праз акцыі, дзе не проста просім, а нешта прапануем наўзамен, напрыклад, робім танны, але прафесійны аквагрым. Корм збіраем праз кошыкі ў заакрамах. На форуме сайта http://zooshans.by мы штодзённа змяшчаем справаздачу пра ахвяраванні.
Цяпер у нас пад апекай 452 жывёліны: каты і сабакі. У каталогу вы можаце пабачыць іх, дазнацца падрабязнасці “біяграфіі”, хто здаровы, а хто — на лячэнні, адаптацыі і рэабілітацыі. Дарэчы, здараецца так, што мы дапамагаем і іншым жывёлінам, напрыклад, уладкоўвалі барана, казлоў, чырванавухіх чарапах, пацукоў, трусоў.
Дзейнасць зааабарончых арганізацый у нас і ў свеце — “дзве вялікія розніцы”. Прывяду прыклад з нядаўняй вандроўкі ў Англію. Там у арганізацыі, якая апякуе такую ж колькасць жывёл — каля 450, ва ўласнасці 20 га зямлі, транспарт, пральня, кухня і 60 наёмных супрацоўнікаў! А яшчэ валанцёры. У амерыканскай арганізацыі, якую я наведвала, людзі таксама працуюць на акладзе, прычым прытулак фінансуецца з мясцовага бюджэту. Там паўпустыя вальеры, бо трапляюць у прытулак збольшага не бяздомныя ці скалечаныя гаспадаром жывёлы, а тыя, чые ўладальнікі не могуць больш іх трымаць: памерлі ці хварэюць, з’язджаюць і не могуць узяць з сабой. Таму там жывёлы здаровыя і знаходзяцца ў прытулках не больш за 3 месяцы — іх разбіраюць новыя сем’і. Прычым знаёмства будучых гаспадароў і жывёл праходзіць у асобным пакоі з цацкамі пад наглядам валанцёраў. Там зусім іншае стаўленне да жывёл. У нас пакуль шмат негатыву ці карыслівасці. Аднойчы мы знайшлі на вуліцы і ўладкавалі ў добрыя рукі пяцігадовага ёркшырскага тэр’ера. Дык ён не ведаў, што такое канапа, забіваўся ў кут. Гэта таму, што часам заводчыкі трымаюць сабак увесь час у клетках, дрэнна кормяць, яны нараджаюць, пакуль могуць, а потым іх выкідваюць.
— Мы спадзяёмся, што наша бескарыслівая дзейнасць мяняе стаўленне грамадства да жывёл і зааабаронцаў, — адзначае пры канцы Вольга Карпава. — Раней у найлепшым выпадку людзі лічылі, што мы “цю-цю”, у найгоршым — падазравалі ў добра схаванай карыслівасці. Цяпер сітуацыя палепшылася: ужо не трэба кожнаму тлумачыць, што мы хочам проста дапамагчы слабейшым за нас, што гэта нармальна.
Калі вы жадаеце дапамагчы “ЗААшансу”, падрабязнасці тут: zooshans.by/help-us
Ганна Кручкова
ЛІЧБЫ
Паводле дадзеных “Фаўны горада”, у Мінску штогод у сярэднім адлоўліваюць каля 4 тысяч жывёлін, а па ўсёй Беларусі — каля 70 тысяч (паводле дадзеных МінЖКГ).