Сёння нам цяжка ўявіць стан медыцыны мінулых стагоддзяў, роўна як і стракаты калейдаскоп хваробаў, на якія пакутавалі нашы продкі. Вельмі часта фатальны ўплыў мелі месца жыхарства ды працы, прычым сам чалавек гэтыя фактары мог нават і не ўсведамляць.
Агонь, вада і свінцовыя трубы
Класічны прыклад — гісторыя са свінцовымі водаправоднымі трубамі, якімі карысталіся ў старажытным Рыме. Велізарны горад без вады не мог абысціся, таму карыстаўся крыніцамі, якія знаходзіліся за шмат кіламетраў ад самога Рыму. Як даставіць ваду ў «Вечны горад»? Праз крытыя акведукі.
Здавалася, усё было прадугледжана: адлегласць і якасць крыніцаў, крытыя акведукі, куды не трапляла дажджавая вада, і гэтак далей. На падыходах да самога гораду тунельчыкі ў акведуках былі абсталяваныя свінцовымі лістамі, сплаўленымі і закручанымі. Але свінец пры кантакце з вадой небяспечны: у малой колькасці гэта канцэраген, у вялікай — атрута…
Традыцыйна лічыцца, што гэты фактар спрычыніўся да ўпадку Вечнага горада: адбіўся на дэмаграфіі ды працягласці жыцця карэнных рымлянаў. Маўляў, Рым прайшоў праз агонь, а вось выпрабаванне вадой і «свінцовымі трубамі» не вытрымаў… Зрэшты, зараз ёсць і супрацьлеглая думка: маўляў, трубы непазбежна мусілі зарастаць глеем, таму вада ўсё ж такі не судакраналася са свінцом.
Шалёны Капялюшнік ды рак яечак у трубачыстаў
Значна менш вядомая гісторыя тычыцца сумнага лёсу вытворцаў капелюшоў у Заходняй Еўропе Новага часу. Памятаеце шалёнага Капялюшніка з «Алісы ў краіне цудаў»? Чаму менавіта Капялюшнік? Чаму шалёны?.. У часы Льюіса Кэрала ў чытачоў «Алісы…» такіх пытанняў не ўзнікала, бо падобныя гісторыі былі нормай: у сваёй працы вытворцы капелюшоў выкарыстоўвалі свінцовыя бялілы, пары ад якіх і прыводзілі да скрушных для мозга наступстваў.
Яшчэ адна прафесійная хвароба тых часоў — рак яечак у камінараў. Памочнікамі тых, хто чысціў коміны, былі дзеці і падлеткі ад 6 да 16 гадоў, якія і выконвалі ўсю брудную працу. Здаровы дзядзька, ясна, у комін не ўлезе, а дзіцё — так. За гады працы альбо ў больш сталым узросце вялізная колькасць хлопцаў памірала ад раку яечак. Спачатку з’яўлялася новаўтварэнне накшталт бародаўкі, пасля язва, пасля яна прарастала ў сярэдзіну… Далей — пакутлівая смерць.
Што ж адбывалася? Хлопцы лезлі ў коміны, збіралі мех сажы (каб пасля прадаць фарбавальнікам), мыліся добра калі раз на тыдзень, спалі ў гэтых жа счарнелых мяхах… Канцэнтраваная сажа ў кантакце з несфармаваным дзіцячым целам прыводзіла да раку. У 1788 годзе ў Брытаніі нават быў прыняты «больш гуманны» закон: маўляў, нельга браць камінарамі хлопцаў, маладзейшых за 8 гадоў.
Беларускія «дрэды» — вынік авітамінозу?
У Беларусі цяжка казаць пра прафесійныя хваробы, выкліканыя ўрбанізацыяй: да пэўнага часу львіная доля нашых продкаў жыла ў вёсках, сядзібах ды маёнтках. Тая ж воспа альбо чума збольшага абміналі нашы тэрыторыі. Прынамсі, уцямнай статыстыкі на часы Вялікага Княства па гэтым пытанні няма.
А вось самай экзатычнай ды характэрнай для беларусаў хваробай мінулага можна лічыць… каўтун. Фактычна — гэта масляністы кавалак валасоў, што зліпаліся ды спляталіся ў віхор, накшталт вялікага «дрэду». Здаецца, і зрэзаць можна, але як новыя валасы нарастуць — усё паўторыцца наноў. А лысым увесь час хадзіць было не прынята, асабліва жанчыне.
Каўтун — гэта не толькі прыкмета беднасці ці нізкай гігіены. Падобную з’яву вучоныя фіксавалі яшчэ ў адным рэгіёне — у Паўночнай Італіі, звязваючы гэта са спецыфічным авітамінозам. Нашым продкам наўпрост не хапала нейкіх карысных рэчываў, а сам каўтун увайшоў і ў фальклор, і ў літаратуру. Напрыклад, у сваёй «Чыгунцы» Някрасаў апісваў беларуса з запалымі грудзьмі ды каўтуном.
Халера: ад Бенгальскага заліву да беларускіх мястэчак
Халера — пандэмія, якая прайшлася па нашым краі ў ХІХ стагоддзі. Масавае захворванне і барацьба з ім добра фіксуецца ў архіўных дакументах з Мінску ці Гродна, але грунтоўных навуковых працаў па пытанні дагэтуль няма. Што ж такое халера і адкуль яна ўзялася?
Лічыцца, што халера пачала сваё падарожжа па свеце на пачатку ХІХ стагоддзя як вынік мутацыі халернага вібрыёну. У Сусветным акіяне жывуць рачкі, якія гэты вібрыён утрымліваюць. Праз рачкоў бактэрыі трапляюць у акіян, але калі чалавека побач няма — дык і не страшна. Але 200 гадоў таму брытанцы пачалі засвойваць мангравыя лясы і балоты Бангладэш (месца ўпадзенне ракі Ганг у Бенгальскі заліў), каб наладзіць тут гаспадарку, садзіць рыс і іншыя культуры. А ў выніку сутыкнуліся з халерай, якая за 10 гадоў апанавала ўвесь свет.
Халера спачатку выклікае рэзь у страўніку, пасля страшэнную дыярэю і абязводжванне (за дзень чалавек можа згубіць да 14 літраў вады), пасля чаго ахвяра пераўтвараецца ў сіні ссохлы «жывы труп». Прычынай халеры напачатку лічыліся міязмы, а не вада. Маўляў, нават пахі з прыбіральні могуць пераносіць хваробу… Праз неразуменне прычынаў лекары згубілі шмат часу, а чалавецтва — сваіх прадстаўнікоў.
Беларусь халера закранула вельмі моцна: ад яе выміралі цэлыя вёскі і гарады. Памяць пра гэта захавалася і ў фальклоры: лічылася, што халера — гэта істота, якая ходзіць па зямлі ды прыносіць бяду і смерць… Не выключана, што да нас халеру занеслі рускія вайскоўцы падчас падаўлення паўстання 1830–1831 гадоў. Ад яе ў Польшчы памёр генерал Дзебіч-Забалканскі і нават вялікі князь Канстанцін Паўлавіч Раманаў, які павінен быў сесці на рускі трон пасля Аляксандра Першага.
Змагаліся з халерай па-рознаму. На ўездах у гарады выстаўлялі каранціны, палілі вогнішчы, каб «абкурваць» людзей і вазы, што кіруюцца ўсярэдзіну. Ахвяраў халеры паілі падсоленай вадой, што кампенсавала абязводжанасць і ў выніку скарачала смяротнасць. Увесь гэты жах цягнуўся ажно да 1880-х гадоў, калі Луі Пастэр давёў сувязь хваробы з мікробамі і высветліў, як яны распаўсюджваюцца.
Сіфіліс: французы, казакі, гуляшчыя ўдовы…
А што наконт венерычных хваробаў? Паводле адных вучоных, той жа сіфіліс фіксуецца ўжо ў Старажытным Егіпце ды Грэцыі. Паводле іншых — яго прывезлі спадарожнікі Калумба з Амерыкі. Маўляў, узяўшы сіфіліс, еўрапейцы «падарылі» індзейцам воспу — гэтак жа, як, узяўшы тытунь, «падарылі» алкаголь.
Да ХІХ стагоддзя сіфіліс у Беларусі фіксуецца хіба сярод шляхты і магнатаў, якія падарожнічалі па Еўропе. Ёсць версія, што менавіта сіфіліс спрычыніўся да згасання слуцкага роду Алелькавічаў. Толькі на пачатку ХІХ стагоддзя, пасля вайны 1812 года, хвароба стала масавай. У народзе сіфіліс называлі «пранцы»: ад «пранцузаў» («ф» у мове часцяком замянялася на «п» ці «хв»).
Далей сіфіліс стаўся фактычна прафесійным спадарожнікам вайскоўцаў ды лакацыяў, дзе стаялі гарнізоны. Стандартная схема, якая неаднойчы фіксуецца ў крыніцах ХІХ стагоддзя, выглядала так: у нейкім мястэчку на пастой спыняюцца расійскія казакі. П’юць гарэлку, знаходзяць нейкую ўдаву ці гуляшчую дзеўку, балююць. Далей з тымі ж жанчынамі кантактуюць не менш гуляшчыя мясцовыя мужыкі, якія ідуць пасля ўжо да сваіх жонак… Вынік: палова мястэчка хворая на сіфіліс.
Прыняць роды і не забіць парадзіху
Яшчэ адной распаўсюджанай хваробай ХІХ стагоддзя ў нас была радзільная гарачка. У гэты час акурат пачалі «прафесійна» прымаць роды: не з бабкай-павітухай у хаце, але стацыянарна. Ідэя была ў тым, каб выправіць сітуацыю са смяротнасцю падчас родаў. Але ў лякарні за родамі часцяком далей ішло заражэнне крыві ды прадказальны вынік: смерць.
Усё гэта было праблемай буйных губернскіх гарадоў. Але чаму? Радзільныя аддзяленні, як правіла, знаходзіліся пры гарадскіх шпіталях, а роды прымалі звычайныя лекары. То бок медык, які толькі што, напрыклад, абмываў гнойныя раны, пасля ішоў прымаць роды і заражаў жанчыну… Небяспеку такога суседства зразумелі толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя.
Распаўсюджаны ў нашых мясцінах быў і тыф. На яго хварэлі як сяляне, так і шляхта (выпадкі фіксуюцца ў дзённіках і перапісцы). Свайго апагею хвароба дасягнула ў часы Грамадзянскай вайны ды адразу пасля яе: антысанітарыя, вошы, масы жаўнераў і бежанцаў, якія перасоўваюцца з месца на месца, перавозячы з сабой вірус ды ствараючы новыя і новыя яго ачагі.
Клімат, ад якога Багдановіч збег у Ялту
Сухоты, якія забілі таго ж Максіма Багдановіча ў 26 гадоў, таксама можна залічыць да забытых беларускіх хваробаў. Сітуацыя з сухотамі нагадвае аналагічную з малярыяй: па ўсім свеце імі хварэюць мільёны людзей, але масавыя лятальныя выпадкі характэрныя для бедных краінаў. У нас «папулярнасць» сухотаў была абумоўленая яшчэ і спецыфікай клімату: сырасць і доўгая зіма. Менавіта ад гэтага клімату Багдановіч і збег лячыцца ў Ялту, але было позна…
Сёння палачку Коха, якая правакуе сухоты, надалей носіць у сабе безліч людзей. Разам з тым змяніліся харчаванне, умовы працы, дый жывем мы ў цяплейшых дамах. Так і з іншымі «забытымі хваробамі»: медыцына зрабіла рывок наперад, таму яны падаюцца нам гісторыяй. Час хлопчыкаў-камінараў, бабулек-павітух ды народнай кантрацэпцыі незваротна сышоў у мінулае ды саступіў месца «офісным хваробам» альбо генетычным сіндромам, носьбіты якіх раней бы наўпрост не выжылі.