У Гродне зачыняецца першая ў краіне крама беларускіх настольных гульняў «Кубік». Пра гэта паведаміў уладальнік крамы Антось Янкоўскі ў Instagram крамы. Але настолкамі каманда крамы займацца працягне — яны будуць іх распрацоўваць.
9 год працы і каля 20 беларускіх настолак
Крама “Кубік” існавала ў Гродне каля 9 год і за час сваёй працы стала яшчэ і пляцоўкай, дзе адбываліся імпрэзы, звязаныя з настольнымі гульнямі. Краму Антось і Наста Янкоўскія задумалі пасля таго, як стварылі за кошт вясельных грошай у 2013 годзе настольку гульню “Паўстанцы” па матывах папулярнай “Мафіі”. На той момант гэтая гульня была першай беларускай настолкай у краіне, яшчэ і з гістарычным кантэкстам.
Антось і Наста да выхаду “Паўстанцаў” марылі пра ўласны бізнес, у вольны час гулялі ў настольныя гульні з сябрамі. Пасля шалёнага поспеху першай распрацаванай імі гульні вырашылі, што трэба адкрываць краму настолак. Адначасова яны арганізавалі творчае згуртаванне “А-чатыры”, у межах якога працягвалі выпускаць беларускія настольныя гульні. За амаль 9 год працы згуртаванне стварыла і выдала каля 20 беларускіх настолак для дарослых і дзяцей, сярод якіх цыкл “Мова”, карты “ВКЛ” і “Лапіных”, “Уладар цмокаў”, два выданні “Паўстанцаў” і шмат іншых. На пляцоўцы прайшло тры фестываля настолак і безліч гульнятэкаў.
Будуць распрацоўваць настолкі яшчэ больш актыўна
“З 1 сакавіка не будзе крамы “Кубік”, але мы зоймемся актыўнай распрацоўкай настольных гульняў, і мы будзем далей існаваць пад брэндам “Студыя распрацоўкі настольных гульняў Кубік”. 2022 год і, магчыма, наступныя гады мы хочаш прысвяціць актыўнай распрацоўцы настольных гульняў. У нас на сённяшні дзень ёсць вельмі шмат пацверджаных праектаў, якія мы хочам рэалізаваць, і мы хочам кінуць туды ўсе свае сілы,” — рэзюмуе Антось Янкоўскі.
Зараз “Кубік” актыўна супрацоўнічае з oz.by і шэрагам расійскіх выдавецтваў настольных гульняў. Крама запускае распродаж да канца месяца са зніжкай у 15%, таксама гульні можна замовіць праз інтэрнэт.
АМ, Budzma.org