Загадкавая шведская душа…

14.07.2009 Кнігагляд

cover-sweden_sm1

Сучаснае шведскае апавяданне: проза / уклад. Вольга Цвірка – Мінск: Галіяфы, 2009. – 176 с.

Прызнаюся – нават мне, крытыку, чытанне зборніка “Сучаснае шведскае апавяданне” далося няпроста. Такога клінічнага жадання спаць не выклікала дагэтуль ні адна кніга. Фенаменальныя снатворчыя якасці свежаперакладзеных шведскіх апавяданняў патрабуюць, на маю думку, спецыяльнага разгляду, але памер рэцэнзіі дазваляе спыніцца толькі на трох асноўных.

Першая прычына такога незвычайнага ўспрымання творчасці скандынаўскіх пісьменнікаў – відавочная рознасць менталітэтаў. Тут і нязвыклая беларускаму чытачу апантанасць сацыяльна значнымі тэмамі – беспрацоўе, разбурэнне інстытуту сям’і, эміграцыя, вайна і чаканне катастрофаў… І нязвыклае нашаму чалавеку пытанне – як забіць час?.. І заўважная фемінізаванасць шведскіх жанчын… Апошняе выклікала асаблівае раздражненне.

Не, і ў нас феміністак хапае. Але каб лічыць праклёнам простую працу – прасаванне кашулі мужу-міністру – да таго “нашы” яшчэ не дадумаліся! Пры ўсім жаданні паспачуваць гераіні апавядання “Нядзельная імша” А.Шульцэ шчыра гэта зрабіць неяк не атрымліваецца…

Затое лёгка ўявіць сябе на месцы героя апавядання “Сізіф з Грамадзянскага пляцу” Т. Каліфатыдэса. Ілья Амбрам-аглу, яўрэй-імігрант з Турцыі, страціў высокааплатную працу ў авіяпрамысловасці і вымушаны ад відна да відна гандляваць кветкамі, каб пракарміць сям’ю… Клопаты Ільі зразумелыя любой беларусцы, бо, як на мой погляд, дык менавіта нашыя жанчыны найлепш падыходзяць на ролю міфічнага Сізіфа.

Нягледзячы на тое, што думкі пра рознасць светагляду ўзнікаюць ці не на кожнай старонцы, ёсць і шмат знаёмых рысаў. Напрыклад, стомленая дзіцем гераіня С. Давідсан марыць “схадзіць у рэстаран без дзяцей і напіцца ў зюзю”, а хлопчыкі-падлеткі з яе іншага твора згадваюць пра тое, што некаторыя шведы п’юць ваду для галення. І пятніца ў іх, як і ў нас, – “цяпніца”, дзень нацыянальнага расслабону. І ўсё ж нягледзячы на наяўнасць агульных праблем шведскія ўяўленні пра жыццё могуць паставіць беларускага чытача ў тупік – пра што гэта яны, пісьменнікі, пішуць?

Напрыклад, уразілі мяне развагі пра тое, што з’яўляецца грахом… Нежаданне перасесці ў электрамабіль… Адмаўленне ад працы сястрой Чырвонага Крыжа ў Афрыцы… Тое, што ты нарадзіўся белым, а значыць, каланіялістам і рабатаргоўцам… Прызнацца, я ўсё чакала, што аўтарка, якая згадвала гэтыя “правіны” падасць мне як чытачу які знак. Маўляў, гэта гумар, смейся! Але знаку так і не знайшлося месца…

Другой прычынай, з якой беларусам цяжка ўспрымаць шведскіх аўтараў, з’яўляецца прынцыповае бытапісанне. Па сутнасці, усе апавяданні прымушаюць згадаць такі ўжо паўзабыты намі “сацыялістычны рэалізм”, зацыклены на глабальна-вытворчых праблемах і па-камунарску пазбаўлены элементарных мастацкіх тропаў. Выключэнне складае хіба прадукт творчага тандэму Юнас Хасэн Хеміра/Анна Руус з інтрыгоўнай назвай “КанТраляваць уСё. сцЕрці”, які пераконвае, што ўсё ж і культурна-авангардныя павевы шведам не чужыя.

Трэцяй праблемай кнігі я б назвала… прадмову да яе. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і добрая анталогія павінна пачынацца з прадмовы. Уводзіны, падпісаныя “Даніэль Мёльлер, кандыдат філалагічных навук, Універсітэт Лунда, Швецыя”, хоць і даюць дастаткова поўны агляд ці не цэлага стагоддзя шведскай літаратуры, але здатныя напалохаць шараговага чытача. Напрыклад, такім сказам: “У многіх апавяданнях… экспануецца абсалютнае пачуццё абсурду таго, што здараецца з намі штодня, – пачуццё драматызму беспадзейных сітуацый”. Прызнацца, жаданне ўнурвацца ў “драматызм беспадзейных сітуацый” прападае ўжо на першай старонцы, якая ўяўляе сабой нейкі галаваломны фразабудаўнічы слалам.

Мяркуйце самі: “Самымі знакавымі, разам з тым сугестыўным аповедам Сціга Дагермана “Забіць дзіця” (1948), напісаным у стылі кінасцэнарыя, з’яўляюцца навэлы Сёдэрберга “Футра” і Стрынберга “Палова аркуша паперы” – у якой на дзвюх кніжных старонках дынамічна апісваецца кароткі шлюб, нечакана перарваны смерцю героя”.

Асаблівая пікантнасць моманту – ніводнага апавядання пісьменнікаў, чые імёны тут згаданыя, у кнізе няма! Так што гэта проста інфармацыя для роздуму…

Патэнцыйным чытачам кнігі я б рэкамендавала папросту прапусціць прадмову, але ўважліва прачытаць звесткі пра аўтараў у канцы кнігі. Бо менавіта апошняя старонка натхняе на чытанне “Сучаснага шведскага апавядання”. З яе можна даведацца, што большасць аўтараў – насамрэч зоркі еўрапейскай велічыні! Прынамсі, такой колькасці літаратурных прэмій, якія маюць у сукупнасці гэтыя дваннаццаць пісьменнікаў, “нашым” не набраць ніколі.

Так што – “чытайце шведскае!” Раз ужо ёсць магчымасць…

Ганна Кісліцына -– крытык, літаратуразнаўца. Глядзі персанальны блог.