Працягваем вандраваць з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння прапануем завітаць у адзін з самых маляўнічых куткоў нашага краю — на Палессе. Маршрут будзе праходзіць у межах Берасцейскай вобласці, па Мотальскім, Лагішынскім, Пінскім, Лунінецкім, Янаўскім, Драгічынскім, Кобрынскім раёнах.
Фота: planetabelarus.by
Прапанаваны маршрут разлічаны прыблізна на тры дні з наведваннем Пінска, але кожную частку яго можна агледзець за дзень. Без уліку дарогі з Мінска і назад непасрэдна па Палессі трэба будзе праехаць больш за 400 кіламетраў. Першая частка маршрута наступная: Моталь — Моладава — Парэчча — Лагішын — Дабраслаўка — Пагост-Загародскі.
Пачнём з надзвычай каларытнага мястэчка Моталь, якое і сярод палескіх мясцінаў надта адметнае, мае свае звычаі і традыцыі, якія нават у сучасным глабалізаваным свеце імкнецца старанна захоўваць і зберагаць.
Фота: planetabelarus.by
Вядома, што ўжо ў эпоху мезаліту на берагах Ясельды існавала жыццё: археолагі знайшлі шматлікія археалагічныя стаянкі ля ракі і мясцовага возера. Пра ўсё гэта можна даведацца, зазірнуўшы ў мясцовы археалагічны музей. Стварэнне музея прафінансавалі мясцовыя прадпрымальнікі, выглядае ён дастаткова сучасна і экспазіцыя цікавая, але лепей замовіць экскурсію.
Чытайце таксама: Што паглядзець на Іўеўшчыне. Частка першая
Падказваем лайфхак: абавязкова папрасіце мясцовага экскурсавода размаўляць «па-свойму», па-мотальску — атрымаеце неверагоднае задавальненне і дозу моўнай практыкі: словы знаёмыя, але маўленне, націскі, акцэнты — усё тутэйшае.
Магдэбургскае права мястэчка атрымала ў 1555 годзе, раней за Пінск, Магілёў і шматлікія іншыя буйнейшыя гарады. Пачатак гаспадарчага росквіту Моталя звязаны з іменем каралевы Боны Сфорцы, якая першая пачала рэфарматарскую дзейнасць на Палессі. Каралева мела ў Моталі цэлы палац, прывезла з тэрыторыі сучаснай Нямеччыны і Італіі спецыялістаў у разнастайных галінах гаспадаркі, нашчадкаў якіх, цалкам імаверна, можна сустрэць на вуліцах Моталя і сёння. У гонар каралевы Боны тут быў названы пляц, што сёння мае імя Леніна, які дакладна ніякага дачынення да Моталя ніколі не меў.
Чытайце таксама: Што паглядзець на Іўеўшчыне. Частка другая
Фота: shtetlroutes.eu
Абавязкова варта наведаць музей народнай творчасці, таксама папрасіць пані Галіну пра экскурсію «па-мотальску». Тут шмат аўтэнтычных экспанатаў, якія прадстаўляюць процьму заняткаў маталянаў: ад гаспадарчых да творчых.
Тут можна даведацца пра тое, што ўжо ў 1980-я гады тут выраблялі скураны абутак, а таксама пра вядомыя ў Еўропе (!) падчас жалезнай заслоны і СССР мотальскія кажухі.
Чэслаў Немен у мотальскім кажуху
Прадпрымальніцкую жылку месцічаў можна патлумачыць шматсотгадовым суседствам з мясцовымі яўрэямі, якія складалі да Другой сусветнай вайны больш за траціну насельніцтва. У міжваенны час у невялікім Моталі актыўна развівалася гарбарская, харчовая прамысловасць, былі збудаваныя тры вінакурні, дзве піваварні, функцыянавала процьма корчмаў, якія трымалі яўрэі. На цэнтральным пляцы размяшчалася ажно тры сінагогі.
Чытайце таксама: Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая
Фота: shtetlroutes.eu
Але пра знішчаную яўрэйскую абшчыну маталяне памятаюць і шануюць памяць пра яе. Моталь — адно з нешматлікіх мястэчак, дзе аднавілі старыя яўрэйскія могілкі на сродкі нашчадкаў мясцовых яўрэяў.
Фота: shtetlroutes.eu
А на ўездзе ў Моталь усталяваны знак, дзе назва мястэчка напісаная ажно на чатырох мовах, якія яшчэ 100 гадоў таму тут мусіў разумець кожны месціч: па-беларуску, па-польску, на ідыш і па-руску.
Фота: wikipedia.org
А яшчэ ў 1874 годзе ў Моталі нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Калі збочыць з вуліцы Баннай, можна пабачыць захаваную палову хаты, дзе ён бавіў дзяцінства. Сёння тут месціцца невялікі музей з фотаздымкамі і прадметамі побыту.
Фота: planetabelarus.by
На беразе Ясельды нарадзіліся адмыслоўцы, якія адкрылі ўсяму свету чыкагскі блюз. Два мотальскія браты, Леанард і Піліп Чэс, пераехалі на заробкі ў Чыкага і заняліся адкрыццём пітных установаў, фішкай якіх была жывая музыка. У першым начным клубе, які належаў кемлівым братам, і выступалі блюзмены з амерыканскага поўдня, творы якіх маталяне выдавалі на ўласным музычным лэйбле Chess Records.
Чытайце таксама: Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка другая
Музыкі, што падпісалі кантракт з лэйблам: Сhuck Berry, Howlin’ Wolf, Muddy Waters, Little Walter — сталі прадвеснікамі наступнай эры рок-н-ролу. І тут без маталянаў не абышлося.
Месцічы захавалі ўнікальную здольнасць захоўваць сваё нягледзячы на тое, які час, якая ўлада пануе ў краі. Магчыма, гэта рыса, запазычаная ў суседзяў яўрэйскага паходжання, а можа, усе сувязі ўжо настолькі перапляліся цягам доўгіх стагоддзяў, што сталі своеасаблівым генетычным кодам месцічаў. Павагі да свайго, гонару за сваё, гатоўнасці сваё бараніць маталянам не займаць.
Чытайце таксама: Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску
Фота: planetabelarus.by
Перад далейшай дарогай лепей падсілкавацца непасрэдна ў Моталі і закупіць прадуктаў у дарогу, бо далей не ўсюды будзе такая магчымасць. Тым больш што тут квітнее мясцовая вытворчасць і складае паўнавартасную канкурэнцыю сеткам гіпермаркетаў. Варта абавязкова пакаштаваць мотальскага хлеба ў мясцовай пякарні, вяленай рыбы — дзе знайсці, падкажуць месцічы. Раім задаваць ім як мага больш пытанняў хаця б дзеля таго, каб пачуць тутэйшую мову. А для больш шчыльнага знаёмства з мясцовымі гастранамічнымі традыцыямі неабходна наведаць музей хлеба (Кірава, 1В).
Чытайце таксама: Мястэчка чатырох канфесій: вандруем у Іўе!
Фота: planetabelarus.by
У Моталі працуе ажно тры ўстановы грамадскага харчавання. Кафэ «Моталь» — сталовая з дэмакратычнымі цэнамі і хатняй ежай, «Чабарок» таксама так сябе пазіцыянуе. Ёсць піцэрыя «Рандэву».
Варта яшчэ згадаць пра тое, што кожны год у пачатку жніўня тут адбываецца фестываль «Мотальскія прысмакі» — цудоўная магчымасць пакаштаваць усіх мясцовых гастранамічных радасцяў і пазнаёміцца з традыцыямі.
Фота: planetabelarus.by
Наступным нашым прыпынкам будзе Моладава. Упершыню Моладава згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1497 годзе як уладанні Мацея Войны. А яго сын, Сымон Война, збудаваў тут першую праваслаўную царкву і ў 1563 годзе замовіў у ковенскага майстра Марціна Гофмана ўнікальны звон, які мы можам пабачыць у званіцы побач з сучасным мураваным праваслаўным храмам у Моладаве. Найцікавейшае ў гэтым звоне — тэксты: яны напісаныя на тагачаснай старабеларускай мове лацінскімі літарамі. Большасць тэкстаў на звоне прысвечаная Мацею і Сымону Войнам, іх жыццёваму шляху, ганаровым тытулам, пасадам, сямейнаму жыццю.
Чытайце таксама: Вандруем па старажытнай Наваградчыне. Дзень першы
Звон быў перанесены на новую званіцу зусім нядаўна. Раней ён захоўваўся ў суседняй драўлянай царкве — помніку драўлянага дойлідства Беларусі ХVIIІ стагоддзя. Царква паўтара стагоддзя была ўніяцкай, а пасля паўстання 1863–1864 гг. яе перадалі праваслаўным. За савецкім часам тут месціўся дом шлюбаў.
Фота: planetabelarus.by
Ад Войнаў Моладава праз шлюбныя сувязі перайшло да Агінскіх, Міхал Клеафаст Агінскі напрыканцы ХVIIІ стагоддзя прадаў паселішча Сымону Скірмунту.
Палац Скірмунтаў у Моладаве. Малюнак Напалеона Орды 1875 г.
Так Скірмунты сталі апошнімі гаспадарамі Моладава і збудавалі тут у 1798 годзе сваю рэзідэнцыю ў стылі класіцызму, знішчаную бальшавікамі ў 1939 годзе разам з гаспадарамі.
Фота: przystanekhistoria.pl. Палац Скірмунтаў 1937 г.
Скірмунты былі вядомымі прамысловымі рэфарматарамі на Палессі, самым выбітным з якіх стаў Аляксандр Скірмунт. Атрымаўшы выдатную адукацыю ў Еўропе, Аляксандр Скірмунт вярнуўся ў Моладава і зрабіў яго цэнтрам грамадскага жыцця на Палессі. Аляксандра Скірмунта можна назваць бацькам беларускага прадпрымальніцтва: у 1830-х ён запачаткаваў у Беларусі вытворчасць цукру з цукровых буракоў. Таксама тут жа, у Моладаве, ён будуе бровар, дзе вырабляліся разнастайныя гатункі алкаголю. Да сёння ў Моладаве захаваліся толькі рэшткі бровара.
Чытайце таксама:Вандруем па старажытнай Наваградчыне. Дзень другі
Тут жа, у Моладаве, хавалі ўсіх прадстаўнікоў роду Скірмунтаў, у якім бы баку свету тыя ні паміралі. Аляксандра да месца пахавання ўдзячныя месцічы неслі на руках 7 кіламетраў. Яшчэ пасля вайны тут было 40 надмагільных склепаў, над кожным з якіх стаяў помнік, але сёння родавыя могілкі Скірмунтаў у разбураным стане: можна пабачыць толькі рэшткі разбітых надмагільных плітаў.
Яшчэ адным знакамітым прадстаўніком роду Скірмунтаў быў унук Аляксандра Генрых — вядомы паэт і кампазітар.
Фота: przystanekhistoria.pl. Сям’я Скірмунтаў, Моладава, 1906 г. Генрых Скірмунт — злева, стаіць
Павандраваўшы па Еўропе, ён вярнуўся ў Моладава жыць і працаваць. Пісаў шмат вершаў, арыі для знакамітых на той час спевакоў, стварыў лібрэта паводле твора Генрыха Сянкевіча «Пан Валадыёўскі».
Фота: przystanekhistoria.pl
Фота: przystanekhistoria.pl
Дзякуючы яму Моладава стала культурніцкім цэнтрам: сюды прыязджала адпачываць уся творчая інтэлігенцыя краю.
Фота: przystanekhistoria.pl
Скірмунты былі каталікамі, а касцёла ў Моладаве не было, таму Генрых Скірмунт у 1908 годзе фундаваў тут па праекце Тадэвуша Раствароўскага капліцу-ратонду ў стылі неакласіцызму.
Фота: planetabelarus.by
За савецкім часам капліца, як і родавыя склепы, была цалкам разрабаваная: косткі памерлых раскіданыя, надмагіллі выкарыстоўваліся месцічамі для будаўніцтва, да капліцы быў прыбудаваны цялятнік. Сёння капліца абнесеная рыштаваннямі і ўжо некалькі гадоў чакае рэстаўрацыі. Яна ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Далей рушым у колішні «Ліверпуль на Ясельдзе», сёння вёску Парэчча. Росквіт гэтага паселішча таксама звязаны з прозвішчам Скірмунтаў. Парэчча было сапраўдным індустрыяльным цудам, якое, дзякуючы намаганням ужо вядомага нам Аляксандра Скірмунта, з 1830-х гадоў уражвала сваімі прамысловымі дасягненнямі Расійскую імперыю і Заходнюю Еўропу.
Парэчча на малюнку Напалеона Орды
Пачыналася ўсё з ужо згаданага цукровага завода ў Моладаве, на якім выкарыстоўваўся ўласны механізм для паскоранага выпарвання цукровага сіропу. А ў 1836 годзе ў Парэччы ўжо працавала суконная фабрыка з наватарскім абсталяваннем, якая забяспечвала ўсю мясцовасць і далёкае замежжа якасным сукном.
Парэчча на малюнку Напалеона Орды 1878 г.
Аляксандр Скірмунт імкнуўся стварыць для месцічаў як мага больш працоўных месцаў, пасылаў найбольш здольных адукоўвацца за мяжу. На адной суконнай фабрыцы праз некалькі гадоў пасля запуску ўжо працавала каля 300 працаўнікоў. Усе яны мелі пэўныя прэферэнцыі ў якасці шматкватэрных дамоў для сямейных, бясплатнага харчавання, лякарні і вучэльні для дзяцей. Але Аляксандр на цукровым і суконным заводах не спыніўся: збудаваў тут яшчэ вінакурню і фабрыку па вытворчасці мыла і парафінавых свечак.
Суконная фабрыка
Аляксандр Скірмунт быў патрыётам гістарычнай Літвы і прыкладаў усе намаганні для развіцця свайго краю, застаючыся фармальным падданым Расійскай імперыі, выхаваным у польскай культуры. Частка тагачаснай шляхты прытрымлівалася падобнай пазіцыі. Свае погляды Аляксандр перадаў і нашчадкам. Адзін з яго сыноў, Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт, не толькі працаваў на ўдасканаленне індустрыяльных поспехаў бацькі, але і займаўся грамадскай дзейнасцю. Зразумела, што Аляксандр, як і ўся яго вялікая сям’я, падтрымаў паўстанне 1863–1864 гг.
Пасля задушэння паўстання праз рэпрэсіі ўся мясцовая шляхта цалкам пераключылася з грамадскай дзейнасці на гаспадарчую. Да працягу бацькавай дзейнасці дадаліся яшчэ лесаводства, меліярацыя, рацыянальнае земляробства і жывёлагадоўля. А яшчэ адной мясцовай фішкай была якасная гарэлка з мясцовай вінакурні, якой гандлявалі і ў Вільні, і ў Коўне. Там яе адпаведна называлі «скірмунтоўкай».
Фота: planetabelarus.by
Пра ўвесь гэты слаўны перыяд жыцця Парэчча сёння нагадвае толькі адзін трохпавярховы будынак з чырвонай цэглы — помнік індустрыяльнай архітэктуры ХІХ стагоддзя ў глыбіні мясцовага парку. Але трапіць туды немагчыма — рэжымны аб’ект: тут вырабляюць бульбяны крухмал.
Асаблівую цікавасць у Парэччы ўяўляе сам парк, закладзены Скірмунтамі. Тут да сёння можна сустрэць шматлікія экзатычныя расліны: цюльпанавае дрэва, залацістую елку, балотны кіпарыс.
Фота: planetabelarus.by
У паўднёва-заходняй частцы парку можна пабачыць некалькі крыжоў. Гэта пахаванні апошняга гаспадара Парэчча Рамана Скірмунта і яго швагра, забітых мясцовымі наймітамі па загадзе бальшавікоў.
Раман Скірмунт, значная постаць у беларускай гісторыі, ідэолаг «краёвасці», палескі рэфарматар, адзін з прэзідэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі, быў сынам згаданага раней Аляксандра Аляксандравіча Скірмунта.
Забойцы вядомыя: мясцовыя п’яніцы па мянушцы Салавей мелі асабістыя крыўды на тады ўжо сямідзесяцігадовага Рамана Скірмунта. Савецкая адміністрацыя намагалася пазбавіцца ўсіх носьбітаў прагрэсіўных поглядаў на развіццё краю, нават калі іх ідэі не падтрымліваліся шырокімі народнымі масамі, таму і наняла «выканаўцаў».
Палац Рамана Скірмунтаў у Парэччы.
Раман Скірмунт адмовіўся капаць сабе магілу і паварочвацца спінай да забойцаў: яго разам са шваграм расстралялі, скралі гадзіннік і вопратку і прысыпалі зямлёй. Сястра Рамана перапахавала парэшткі блізкіх на месцы, дзе мы сёння бачым памятныя крыжы на дзвюх мовах: па-польску і па-беларуску.
49 Фота: planetabelarus.by
Далей рушым у гарадскі пасёлак Лагішын, колішняе магдэбургскае мястэчка, першая згадка якога датуецца 1495 годам. У 1633 годзе мястэчка атрымала герб, які выкарыстоўваецца і сёння.
Архітэктурнай дамінантай Лагішына з’яўляецца неагатычны Петрапаўлаўскі касцёл пабудаваны ў 1909 годзе з чырвонай цэглы. Тут захоўваецца цудадзейны абраз Лагішынскай Божай Маці. Гісторыя іконы цікавая. Пасля «шведскага патопу» ікону ў Лагішыне пакінулі шведы. Тады «Каралеву Палесся» змясцілі ў мясцовы драўляны касцёл, фундаваны яшчэ Альбрэхтам Станіславам Радзівілам у 1634 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Пасля паўстання 1863–1864 гг. касцёл быў перададзены праваслаўным і перароблены ў царкву, дзе ікону шанавалі і праваслаўныя. Але і каталікі не цураліся прыходзіць у царкву маліцца да яе.
Фота: planetabelarus.by
Вось такая тыпова беларуская верацярпімасць. Толькі ў 1938 годзе ікону змясцілі ў сучасным мураваным касцёле. У міжваенны перыяд Лагішын называлі «палескай Варшавай, бо 90% насельніцтва тут было каталіцкага веравызнання.
Фота: planetabelarus.by
Самым бясстрашным можам прапанаваць дабірацца да наступнага пункта нашай вандроўкі па старой брукаванцы, пракладзенай з вёскі Дабраслаўка цягам 12 кіламетраў амаль да самай вёскі Пагост-Загародскі.
Фота: 2kola.by
Дабраслаўка
Фота: planetabelarus.by
Калі наважыцеся ехаць праз Дабраслаўку, варта звярнуць увагу на самы вузкі храм Беларусі, пабудаваны тут Друцкімі-Любецкімі ў 1758 годзе. Першапачаткова гэта быў касцёл, але ў 1870-м яго перабудавалі ў праваслаўны храм. Колішні касцёл — помнік беларускага драўлянага дойлідства, захаваны ў добрым стане. Шырыня храма — усяго 6,9 метра. Складзеная яна з дрэва і пафарбаваная ў традыцыйны для палескіх храмаў сіні колер.
Фота: planetabelarus.by
Унутры храма знаходзіцца адрэстаўраваная царская брама першай паловы ХVII стагоддзя.
Фота: wikipedia.org
Наступным пунктам нашай вандроўкі і на сёння апошнім будзе Пагост-Загародскі — колішняе магдэбургскае мястэчка, сёння вёска на паўднёвым усходзе вадасховішча Пагост у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Неймаверна маляўнічыя мясціны. Нездарма нашым продкам здаўна прыглянуліся ваколіцы возера Пагост: археолагі знайшлі тут 7 стаянак старажытных людзей. Тым не менш першая пісьмовая згадка аб Пагосце датуецца 1528 годам, калі каралева Бона Сфорца пацвердзіла правы мясцовай шляхце. Вядома, што першым гаспадаром тут быў шляхціц Сямён Орда.
Фота: planetabelarus.by
У ХVIII стагоддзі Пагост-Загародскі перайшоў ва ўладанні знакамітага роду Друцкіх-Любецкіх. Іх маляўнічая рэзідэнцыя да нашых дзён не захавалася, але захаваўся колішні касцёл св. Юзафа, фундаваны Друцкімі-Любецкімі ў 1769 годзе. Да паўстання 1863 года будынак належаў уніяцкай царкве, пасля скасавання уніі царкву аддалі праваслаўным, тады ж храм быў істотна перабудаваны. Сёння тут месціцца царква св. Кірылы і Мяфодзія.
Сцены колішняга касцёла памятаюць знакамітага ўраджэнца Пагоста-Загародскага, гісторыка, этнографа, перакладчыка, удзельніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі Лукаша Галамбёўскага.
Нягледзячы на тое, што Галамбёўскага прынята лічыць адным з першых польскіх гісторыкаў, сам ён у сваіх мемуарах называе сябе ліцвінам, вельмі ганарыцца гэтым і сумуе па родных мясцінах. Захаваўся яго ліст да сына, дзе ён піша: «Там ліцвіны, і ты ад ліцвіна паходзіш. Я ліцвін да мозгу касцей, а яшчэ і пінчук. На Бога, бацькоў маіх спадзяюся, што пакуль гэты свет будзе светам, там захаваецца побач з вышэйшай адукацыяй высакародная прастата, гасціннасць, ветліваць і дабрадушнасць. І як жа, сыне, можна не кахаць ліцвінак? Гэта немагчыма!»
Пагост-Загародскі ніколі не меў магдэбургскага права, але яго гаспадары былі зацікаўленыя ў шматбаковым развіцці рамяства і гандлю, таму ў свой час усяляк спрыялі перасяленню сюды яўрэяў. Але па Другой сусветнай вайне амаль усё мясцовае яўрэйскае насельніцтва было знішчанае. Цяпер у Пагосце пра іх нагадваюць захаваныя будынкі колішніх крамаў, жылых дамоў, мураванай і драўлянай забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, будынак былой сінагогі, а таксама помнікі на месцах масавых расстрэлаў.
На ноч прапануем спыніцца непасрэдна на беразе возера Пагост у Ezera Park Hotel — тут ёсць і свой пляж, і сасновы лес, і ўсе прылады для прыгатавання ежы на прыродзе. Размясціцца тут прапануюць у двухпавярховых катэджах, па 2 нумары на 4 чалавекі на паверсе.
Фота: booking.com
Прыбіральня-душ асобна, кухня агульная для двух нумароў. Цэны пачынаюцца ад 50 BYN за нумар, браніраваць лепей папярэдне на booking.com. На тэрыторыі ёсць спартовая пляцоўка, батут, дзіцячая пляцоўка — карацей, сумаваць не давядзецца.
Працяг будзе. Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, Budzma.by