Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра ініцыятыву «супраць прапаганды гомасэксуалізму», з якой не так даўно выступілі вернікі, і наступствы, якія можа выклікаць з’яўленне адпаведнага законапраекту.
Пакуль па свеце маршыруе COVID-19, а Пуцін ужо фактычна стаў пажыццёвым прэзідэнтам, сацыяльныя сеткі раздзірае канфлікт вакол подпісаў, сабраных вернікамі за ўвядзенне крымінальнай адказнасці за прапаганду ЛГБТ няпоўнагадовым.
У СМІ пішуць, што вернікі ўсё ж сабралі 52 тысячы подпісаў. Арганізатары нават падзяліліся алгарытмам збору. Падыходзяць да беларуса пасля службы ў царкве ці касцёле: «Ты за тое, каб абараніць дзяцей ад прапаганды гомасэксуалізму?» Зразумела, чалавек хутчэй скажа «так», чым «не».
«Абараніць дзяцей» — ужо моцны пасыл. Дзяцей ад усяго трэба абараняць. Ад бадзяжных сабак, ад грыпу. Ад «гомасэксуалізму» — тым больш. Паспрабуй сказаць, што «не супраць». Можа, і на аловак возьмуць, і на службу наступным разам не пусцяць. Ці жонцы паведамяць, крый божа.
Палітыка — мастацтва магчымага
У царкве — што праваслаўнай, што каталіцкай — добра ведаюць, што такое палітыка. Значна лепш за тых, хто найчасцей сябе палітыкамі называе. Палітыка — мастацтва магчымага.
Забараніць прапаганду камунізму пры сённяшняй уладзе — немагчыма. Вярнуць царкоўную нерухомасць ды землі, як яно было хаця б да 1939-га, — таксама. «Абараніць дзяцей» ад таннага алкаголю, цыгарэтаў, парнаграфіі — зусім unreal. А з прапагандай ЛГБТ... А раптам пракаціць?
Зразумела, што ў журналістаў і карыстальнікаў сацсетак клавіятуры закіпелі: цемрашальства, сярэднявечча і далей па тэксе. Карацей, вайна з сучаснасцю. А тут яшчэ зусім недарэчная навіна з Гомеля: там 19 лютага затрымалі 48-гадовага праваслаўнага бацюшку, які дэманстраваў дзвюм дзяўчынкам 2003-га і 2004-га гадоў нараджэння свае палавыя органы... Ці падтрымліваў персанальна той бацюшка закон аб крымінальнай адказнасці за прапаганду ЛГБТ, СМІ, на жаль, не удакладняюць.
«Улады разбяруцца»
Зусім нечакана тэму з законам не падтрымалі і некаторыя кансерватыўныя вернікі, напрыклад Кастусь Шыталь. Каталіцкі блогер напісаў, што не будзе падпісвацца пад немаведама чым, калі нават ініцыятар звароту Уладзіслаў Валаховіч не ведае, якую менавіта адказнасць маюць несці прапагандысты ЛГБТ. Штраф плаціць, сядзець, пад расстрэл ісці... Невядома. «Улады разбяруцца».
А ўлады разбяруцца. Калі ініцыятыва ўсё ж стане законапраектам і далей — законам, то абавязкова разбяруцца. І тады, мяркую, мала не пакажацца анікому. Бо перад сабой мы маем крыжаванку з цьмянымі пытаннямі ды невядомай колькасцю літар у адказе.
Вясёлку прыраўняюць да свастыкі?
Вось што такое прапаганда ЛГБТ? Гэта навязванне пэўнага ладу жыцця і сэксуальных стасункаў? Гэта аповед, што ёсць людзі з такім ладам жыцця і сэксуальнымі ўпадабаннямі? Гэта аповед ад імя такіх людзей? Гэта аповед пра такіх людзей?..
Прапаганда ЛГБТ — гэта семінар у дзіцячым садку пра квір ды змену пола або вясёлкавы парасон на вуліцы? Як на мяне, гэта важна. Адна справа — схіленне несфармаваных суб’ектаў, што зусім яшчэ нічога не разумець, да пэўнага ладу жыцця, іншая справа — дачэпкі да таго, хто з якім значкам па вуліцы ходзіць.
Валаховіч у якасці прыкладу прапаганды ЛГБТ назваў вясёлкавы сцяг на амбасадзе Вялікабрытаніі. А значыць, атрымацца можа роўна гэтак жа, як з законам аб «забароне прапаганды нацызму». Вясёлкавы сцяг, парасон, значак, буклет ці што заўгодна яшчэ прыраўняюць да свастыкі ці лагатыпу СС.
Дык, можа, адразу ў садках каляровыя крэйды забараніць, каб дзеці малюнкамі вясёлак на асфальце адно аднаго не прапагандавалі? Пакінуць два колеры — чорны і белы. Хаця... не. Прапаганда расізму тады атрымліваецца.
Дзяржаўная сістэма — тэрыторыя цудаў
Гісторыя насамрэч зусім не пра тое, прыхільнік вы ЛГБТ або вораг. Мараль у тым, што чым больш на дзяржаўным узроўні прымаюць законаў пра забарону чаго-кольвек, тым больш свабодныя рукі ў дзяржавы і тым мацней звязаныя — у грамадзянаў. Дзяржапарату стае прасцей, людзям — цяжэй.
Вось прыклад: антыфашыстаў судзяць за тое, што ў іх на старонках «Вконтакте» былі выявы перакрэсленых свастык. У судзе антыфашысты са скуры лезуць: «Мы ненавідзім Гітлера, мы — ан-ты-фа-шыс-ты!» Суддзя не чуе. Ёсць закон. Выява свастыкі — артыкул. Усё.
Ці не задумваліся вернікі, што з імі некалі можа здарыцца тое самае? За выяву вясёлкі на старонцы паклічуць у суд ды ўлепяць штраф. Няважна, што перакрэсленай вясёлкі. Пра гэта ў законе няма нічога. І позна будзе Бібліяй трэсці. Бо калі палітыка — гэта мастацтва магчымага, то беларуская дзяржаўная сістэма — гэта мастацтва немагчымага, тэрыторыя цудаў.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!