Запрашаем на ўсебеларускую талаку, прысвечаную 100-годдзю Ларысы Геніюш

Усебеларуская талака па добраўпарадкаванні сядзібы Ларысы Геніюш пройдзе на хутары Жлобаўцы Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласці 26 чэрвеня.

Талака прымеркаваная да юбілею паэткі, якой 27 ліпеня споўніцца (паводле старога стылю) роўна 100 гадоў.

На талаку прыедуць людзі з Слоніма, Свіслачы, Гародні, Мінска, Ваўкавыска і Зэльвы.

Пры канцы добраўпарадкавання сядзібы адбудзецца невялічкі канцэрт з удзелам Міхася Скоблы.

Талака распачнецца аб 11-й. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Да стагоддзя Ларысы Геніюш быў створаны грамадскі аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння славутай беларускай пісьменніцы. У склад аргкамітэту ўвайшлі шэраг грамадскіх арганізацыяў, адна з якіх — МГА «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». Акрамя «Бацькаўшчыны» ў аргакамітэт увайшлі навукоўцы і літаратары з Мінска, Гародні, Зэльвы (Гарадзенская вобласць) і Беластока (Польшча). Сярод іх — намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, даследчык жыцця і творчасці Геніюш Міхась Скобла, гісторык Міхась Чарняўскі, прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, унук пісьменніцы Міхась Геніюш, каардынатар кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка» Павал Мажэйка, прадпрымальнік Валянцін Дубатоўка, загадчык аддзела культуры «Газеты Слонімскай» (Гарадзенская вобласць) Сяргей Чыгрын.

Шэраг мерапрыемстваў ладзіцца па краіне і за яе межамі з нагоды стагоддзя Ларысы Геніюш.

У Празе на доме, дзе жыла пісьменніца падчас свайго легальнага знаходжання ў Чэхаславацкай Рэспубліцы, будзе ўсталяваная дошка ў гонар Ларысы Геніюш.

Аўтар ганаровай дошкі быў выбраны на конкурснай аснове аргкамітэтам па святкаванні 100-годдзя. Пераможцам конкурсу стаў скульптар Гэнік Лойка.

Таксама Згуртаваннем будзе выдадзеная кніга выбраных твораў Ларысы Геніюш (у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны – Гарадзенская бібліятэка»).

У межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» запланавана правядзенне Геніюшаўскіх літаратурна-музычных сустрэчаў у розных рэгіёнах Беларусі.

Апроч вышэйназваных праектаў планам перадугледжанае выданне кнігі ўспамінаў пра Ларысу Геніюш, правядзенне выставы дакументаў з архіва Ларысы Геніюш, выпуск памятнага медаля «100 гадоў Ларысе Геніюш» і іншыя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці славутай паэткі.

Талака адбудзецца ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Тэгі: