Пасля ператрусу ў кнігарні «Кнігаўка» затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы. Янушкевічу прысудзілі 10 сутак

Пасля ператрусу ў новай кнігарні «Кнігаўка» знікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай, піша «Новы Час».


24.jpg

Андрэй ноч правёў у Першамайскім РУУС. Родныя спрабуюць высветліць акалічнасці. У судах няма інфармацыі, ці будуць разглядацца адміністрацыйныя справы Янушкевіча і Карнацкай.

Таксама вядома, што сілавікі канфіскавалі 200 кніг у Андрэя Янушкевіча, па 15 выданнях будзе «праведзена экспертыза».

Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Змітрака Бядулі, 6 у Мінску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнёраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.

Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.

У студзені 2021 году Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.

22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Мінску. Пасля гэтага выдавецтва абвясціла распродаж кніг і хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не сканчалася некалькі дзён.

Апошнім часам беларускія ўлады прыпынілі дзейнасць адразу некалькіх беларускіх незалежных выдавецтваў: «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».

Фармальнай падставай стала парушэнне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленнем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў».

UPD:

Андрэя Янушкевіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Выдаўца Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую затрымалі ў панядзелак, 16 траўня, пасля ператрусу ў «Кнігаўцы».

ы Час»