Замест «гісторыі Беларусі» 10-клясьнікі будуць вывучаць «Гісторыю Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі». «Радыё Свабода» расказвае, як у краіне пастаянна перапісваюцца падручнікі па гісторыі і зьмяняюцца праграмы.
Фота: Дзмітрый Дзмітрыеў
Сёлета ў 10-клясьнікаў на тыдзень быў адзін урок «Гісторыі Беларусі» і адзін — «Усясьветнай гісторыі». З новага навучальнага году замест іх зьявіцца новы прадмет: «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі». У тых, хто вывучае гуманітарныя прадметы на базавым узроўні, будзе два ўрокі на тыдзень, у профільнікаў — чатыры.
Новаўвядзеньне анансаваў у студзені 2024 году міністар адукацыі Андрэй Іванец.
«Менавіта гэтага інтэграванага ўяўленьня аб гістарычным працэсе не хапала сыстэме адукацыі...» — паведаміў міністар.
Ён таксама паабяцаў «падручнік новага пакаленьня, які дакладна будзе прыемна ўзяць у рукі».
Выданьня з «інтэграваным уяўленьнем аб гістарычным працэсе» пакуль ніхто ня бачыў, але ў праграмы Мінадукацыі для 10 клясы зьмены ўжо ўнесьлі.
Кандыдат гістарычных навук, сябар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандар Пашкевіч кажа, што пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады заўсёды быў курс на карэктаваньне падручнікаў па гісторыі Беларусі. Тых, якія зьявіліся ў першыя гады незалежнасьці, калі праводзілася палітыка нацыянальнага адраджэньня, дэкамунізацыя ў сыстэме адукацыі і калі нарэшце адышлі ад старых догмаў.
Гісторык Алесь Пашкевіч
«З тых падручнікаў штосьці было выхалашчана, але ўсё ж яны не былі такія, як у савецкі час, дзе ўсе важныя падзеі адбываліся ў Маскве, а Беларусь паказаная на нейкім маргінальным узроўні. Так, былі выкінутыя старонкі пра тое, што станоўчага было ў часы Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага. Але ўсё адно гэта былі падручнікі асобнай краіны, асобнай нацыі.
Пасьля 2020 году на падручнікі па гісторыі Беларусі зьвярнулі больш пільную ўвагу, і цяпер мы назіраем спробы выкінуць усё, што сее крамольныя думкі. Рэжым Лукашэнкі, які ў 2020 годзе зазірнуў беларусам у вочы і зразумеў, што ніякай маральнай падтрымкі ў грамадзтва да яго няма, спрабуе абгрунтаваць сваё імкненьне захаваць уладу спасылкай на нейкія гістарычныя моманты. Праводзіць адпаведную палітыку, якая адбіваецца ў тым ліку і на школьнай адукацыі», — мяркуе гісторык Аляксандар Пашкевіч.
На ягоную думку, часьцяком самі стваральнікі новых падручнікаў ня маюць цьвёрдага ўяўленьня, дакладнай канцэпцыі, што пакінуць, а што перапісаць.
«Бо ў краіне няма яскрава выражанай, уцямнай ідэалёгіі. А рэжым Лукашэнкі хоча толькі захаваць уладу любой цаной. Таму і зьяўляецца тэндэнцыя перайсьці цалкам на расейскае сьветабачаньне, расейскае адлюстраваньне, і гэта, на жаль, цалкам магчыма. Адбываецца таталітарызацыя адукацыі паводле блізкіх цяперашняй уладзе савецкіх узораў. Вось і прыдумляюць падручнікі з «інтэграваным уяўленьнем аб гістарычным працэсе», — мяркуе гісторык Аляксандар Пашкевіч.
У 11 клясе прадмет «Гісторыя Беларусі» ў новым навучальным годзе застанецца. Навучаньне пакуль будзе адбывацца па праграме і падручніках, якія зьявіліся пасьля падзей 2020 году. Але міністар Іванец паведаміў, што паралельна распрацоўваецца дапаможнік і для 11-й клясы. То бок праз тры гады пасьля зьяўленьня падручніка яго ўжо перапісваюць.
Па словах міністра Іванца, у дапаможніку будуць зьвесткі пра пратэсты 2020 году, рэфэрэндум 2022-га, наступныя выбары. Прычым на гэтыя тэмы неабходна адвесьці цэлы разьдзел, а ня пару старонак. Каб «школьнікі разумелі: гісторыя творыцца тут і цяпер».
Аўтары новага дапаможніка праводзяць прамыя паралелі паміж калябарацыяністамі часоў Другой усясьветнай вайны і пратэстоўцамі з нацыянальнымі сьцягамі супраць гвалту ў 2020-м. Нацыянальная сымболіка ў падручніках і для 10-й, і для 11-й клясы будзе называцца «нацысцкай», паведамляла «Мінская праўда».
У падручніку для 11-й клясы «Гісторыя Беларусі. ХІХ — пачатак ХХІ стагодзьдзя», выдадзеным у 2021 годзе, цэлая старонка, да прыкладу, прысьвечана паўстаньню 1863–1864 гадоў. Замест звыклага для беларусаў Кастуся Каліноўскага «старшынём ЛПК стаў Вікенці Канстанцін Каліноўскі». Узгадваецца і шляхта, у якой не было адзінства. Аўтары падручніка сьцьвярджаюць, што «В.К. Каліноўскага за яго радыкальныя погляды адхілілі ад кіраўніцтва». Далей адзін абзац пра тое, як на барацьбу з паўстанцамі была скіраваная 200-тысячная расейская армія і што новым генэрал-губэрнатарам быў прызначаны М.М. Мураўёў. Што стала з Каліноўскім — пра гэта ў падручніку ні слова. Але ўсё ж яго імя прынамсі названа.
Партрэт Кастуся Каліноўскага. Нацыянальны музэй Літвы
На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, такія постаці, як Касьцюшка і Каліноўскі, упісваліся ў савецкую ідэалёгію і тэорыю клясавай барацьбы і ў Беларусі, і ў Расеі.
«Гэта былі дзеячы, якія выступалі супраць царызму. Штосьці зь іх дзейнасьці замоўчвалася, але іх постаці прысутнічалі. Каліноўскі — рэвалюцыянэр-дэмакрат, быў за сялянства, супраць шляхты. Ён ішоў у правільным кірунку, але рана загінуў. І ўвогуле ўмовы яшчэ не дасьпелі.
Такія пэрсанажы былі і ў расейскай гісторыі — кшталту Герцэна, Агарова. Цяпер гэтай ідэалёгіі ўжо там няма, там вярнуліся да імпэрскай ідэі. Калі людзі, якія выступалі на пэўным этапе супраць Расеі, прызнаюцца ворагамі. А той жа Каліноўскі выклікае вялікую алергію ня толькі ў Маскве, але і сярод тутэйшых русафілаў, кшталту Гігіна ды іншых», — кажа Аляксандар Пашкевіч.
Да таго ж Каліноўскі стаў цяпер сымбалем альтэрнатывы Лукашэнку, ягонаму рэжыму, і нават беларукі полк, які ваюе ва Ўкраіне, носіць яго імя, заўважае гісторык. Таму змаганьне супраць Кастуся Каліноўскага выглядае лягічна. Зусім прыбраць з падручнікаў пакуль не атрымліваецца, таму інфармацыю пра яго там зьвялі да мінімуму.
«Цяпер ствараецца агульнае бачаньне, збліжэньне поглядаў на гісторыю з Масквой: зьяўляюцца і агульныя падручнікі, і агульная тэрміналёгія, і новыя паняцьці, падобная ацэнка дзеячоў і падзей. Улічваючы і татальную залежнасьць рэжыму Лукашэнкі ад Пуціна, і жаданьне Лукашэнкі зьнішчыць сваіх унутраных апанэнтаў любой цаной, тэндэнцыя гэта ня вельмі радасная», — робіць выснову сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандар Пашкевіч.
Глядзіце яшчэ: