На аднаўленне помніка Францішку Аляхновічу ў Вільні назбірана ўжо амаль 2 тысячы еўра

Сродкі плануюць сабраць да 1 кастрычніка. Апошнім часам помнік быў у аварыйным стане, яго прыбралі і паставілі на магіле крыж.


77.jpg

Таварыства беларускай культуры ў Літве праводзіць збор сродкаў на аднаўленне помніка Францішку Аляхновічу на віленскіх могілках Росы. Напярэдадні на аб’яўленыя рахункі прыйшло ахвяраванне ў 1000 еўра, а агульная сума збору дасягнула 1850 еўра.

Усяго арганізатары хочуць сабраць 6500 еўра, грошы пойдуць на аднаўленне і ўсталяванне помніка на сімвалічнай магіле. Над рэнавацыяй працуе літоўскі мастак Айдас Рыціс Васіляўскас.

Усталяваць адноўлены помнік плануюць у кастрычніку або лістападзе сёлета.

У 1989 годзе драматурга Францішка Аляхновіча сімвалічна перапахавалі ў Вільні з былых Кальвінісцкіх могілак на могілкі Росы. На кенатафе — сімвалічнай магіле — быў пастаўленая часовая, зробленая з пластыку мадэль помніка аўтарства скульптара Эдуарда Падбярэскага.

Францішак Аляхновіч — адзін з пачынальнікаў беларускага прафесійнага тэатру, вязень ГУЛАГу, жахі якога першы ў гісторыі апісаў у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «У капцюрох ГПУ». У часе нямецкай акупацыі быў рэдактарам газэты «Biełaruski hołas» (Вільня), забіты ў 1944 годзе. Быў пахаваны на Кальвінісцкіх могілках у Вільні, якія за савецкім часам былі ліквідаваныя.