Абвешчаны збор заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча

Беларускі ПЭН абвяшчае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зняволення. На разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з лістапада 2023-га па верасень 2024 года, піша penbelarus.org.


Premija imia Franciška Aliachnoviča

Арганізатары заклікаюць сяброў і прыхільнікаў зняволеных збіраць і захоўваць літаратурныя сведчанні з-за кратаў і запрашаюць зняволеных удзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці.

На сайце Беларускага ПЭНа можна азнаёміцца са статутам прэміі і сёлетнім рэгламентам.

Як падаць заяўку?

Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць адпаведную google-форму і дадаць да яе творы.

Тэрмін падачы заявак — да 30 кастрычніка 2024 года (23:59 беларускага часу).


Сёлета падвядзенне вынікаў прэміі імя Францішка Аляхновіча традыцыйна адбудзецца ў Дзень зняволенага пісьменніка, 15 лістапада.

Арганізатары прэміі прапануюць пры жаданні захаваць ананімнасць і гарантуюць канфідэнцыйнасць аўтарам і сваякам зняволеных, ад якіх паступяць заяўкі. Прозвішчы будуць публічна абвешчаны толькі пасля таго, як гэта будзе бяспечна для аўтараў.

Стан няспынных рэпрэсій, арыштаў, катавання аўтараў і выдаўцоў штогод ускладняе публічнае з’яўленне твораў, напісаных у няволі. Усяго ў няволі, паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння застаюцца не менш за 37 Людзей Слова.

Беларускі ПЭН адсочвае і фіксуе храналогію зняволеных Людзей Слова: літаратараў, перакладчыкаў і даследчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.

Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць.

У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Радыё Свабода заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры Беларускага ПЭН-цэнтра.