Яна была чароўнай госьцяй і заўсёдніцай лёнданскай Скарынаўкі, легендай і фэяй беларускага Лёндану. Дзякуючы ёй з 1957 году па-ангельску загучала паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Натальлі Арсеньневай, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулі, Цёткі, Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева. Сёньня, 24 красавіка, споўнілася б 89 год Веры Рыч, ангельскай паэтцы і перакладніцы зь беларускай і ўкраінскай моваў. Пра Веру Рыч піша Уладзіслаў Гарбацкі на сайце "Новага часу".
Вера Рыч з бел-чырвона-белым сцягам
Ня толькі перакладамі вядомая ангелька-беларусістка — яна была закаханая ў Беларусь і Ўкраіну. Сталася сапраўдная геройкай украіншчыны, у Беларусі яна малавядомая, недаацэненая, ейная дзейнасьць на ніве беларусікі ацэненая хіба ў дыяспары. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна наведвала Беларусь, пісала публіцыстычныя нататкі пра Беларусь і Ангельшчыну, якія друкаваліся ў газэце «ЛіМ». Але, канечне, перадусім яна была паэткай. Жыла, апраналася і дзівосьнічала як паэтка, ангельская паэтка...
І адзіны ейны верш «Рэцэпт цуду», напісаны 30 год таму пад уражаньнем выступу тагачаснага міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі ў Лёндане, стаўся надзвычай кранальным і тонкім адчуваньнем паэткай Беларусі, сапраўдным цудам, дакладней рэцэптам беларускага цуду. Верш перакладаўся рознымі перакладнікамі: спачатку ён зьявіўся па-беларуску ў 1993 годзе ў «Ліме» (перакладнікі В. Рыбакоў і П. Палупанаў), пазьней у перакладзе Бэлы Перкінай-Аксельрод. Падаецца, верш дасюль актуальны, балесны, фізычны, уражваюць боль і разуменьне паэткай трагічнага лёсу Беларусі і ейны зьдзіў сьлепаце і глухаце Захаду перад беларускай тэмай.
У дзень нараджэньня паэткі, калі ейныя любыя Беларусь і Ўкраіна зноў гвалцяцца ўсходняй імпэрыяй, слынны верш дарыць аптымізм, хоць і прапануе вельмі няпросты рэцэпт цуду ад Веры Рыч.