У мадэрновых кампазіцыях мастачкі і спявачкі Настассі Рыдлеўскай чуецца выразнае фальклорнае гучанне. Як прызнаецца аўтарка, «беларускасць» яе музыкі — падсвядомая. На сольным канцэрце ў Варшаве 20 красавіка Настасся прэзентавала свой трэці альбом пад назваю Snake Charmer («Заклінальніца змей»), ён стаў трэцім за няпоўныя два з паловай гады. Альбом даступны на стрымінгавых платформах, а Настасся рыхтуе наступныя канцэрты ў Польшчы, піша DW.
Настасся Рыдлеўская. Фото: Privat
Deutsche Welle: Вы акрэслілі свой трэці альбом як спробу пазбавіцца страхаў, болю і траўмаў. Чаго канкрэтна вы маеце патрэбу пазбавіцца?
— Таго, што не дазваляе мне адчуваць сябе вольнай. Гэта не толькі дыктатура, з якой я з’ехала, але і, напрыклад, комплексы, страх не быць такой, як «трэба», зручнай для іншых. Насамрэч быць сабой — цяжка і страшна, але таксама страшна падладжвацца пад іншых, паглядзець на сябе ў люстэрка і самой сабе не спадабацца. Гэты альбом пра тое, што я знайшла сябе і патрабую сябе такой прыняць. Спяваць пра гэта, выйсці ў цёмны, больш сэксуальны і адкрыты вобраз было крутой псіхатэрапіяй.
— Распавядзіце на прыкладзе песні.
— У 14 гадоў я вырашыла, што ніколі не буду спяваць пра каханне, маўляў, я што, не магу знайсці больш філасофскія і глыбінныя тэмы? Аказалася ўсё ж, што мне гэта вельмі цікава. Па выніку паўстала напісаная на французскай мове Petit Oiseau — пра каханне і жаданне. У трэцім альбоме з’явіліся метафары, якія раней выклікалі б у мяне пачуццё сораму, але зараз я думаю, што ў творчасці не павінна быць стоп-тэмаў, у жыцці і так хапае стоп-фактараў, з якімі цяжка рабіць тое, што хочацца. Я вельмі рада, што зараз дазваляю сабе не стрымліваць сябе, у тым ліку ў голасе.
Як прызнаецца Настасся, «беларускасць» яе музыкі — падсвядомаяФото: Privat
— Як вы запісвалі трэці альбом з тэхнічнага пункту гледзішча, улічваючы, што першыя два зрабілі дома і ўсяму вучыліся ад пачатку?
— Я запісала яго гэтак сама, як і папярэднія, у сваёй «студыі», якой з’яўляецца мая кавалерка (невялікая кватэра у Польшчы. — Рэд.), толькі зараз ў мяне ёсць невялічкая каманда. Ілля Трынс зрабіў мастэрынг альбома, ён таксама мой менеджар, дзякуючы якому ў нас ёсць канцэрты. Ілля Фамін дапамог звесці альбом, а яшчэ ёсць Саша Kornej, з якім мы выступаем. Альбом з’явіўся дзякуючы тэхнічнай і маральнай падтрымцы гэтых трох хлопцаў.
— Ведаю, што вы выдатна арыентуецеся ў сусветным мастацтве, а для музыкі, выглядае, шмат бераце непасрэдна з беларускай культуры. Вы робіце гэта свядома?
— У мяне няма прамых крыніц натхнення, але ёсць адчуванні, напрыклад, у вёсцы, дзе я штогод жыла па тры месяцы, адчуванне побач з мамай — «паганскай» жанчынай з яе снамі, у якіх яна бачыць будучыню, і картамі таро, адчуванне ад шаптухаў, да якіх мяне вадзілі з сіндромам Турэта. У дзяцінстве мы з бацькамі прыходзілі да валуноў, і мама казала загадаць жаданне — і ўсе яны збываліся, а калі мы хадзілі па грыбы, тата казаў дзякаваць лесавічкам. Гэта паўплывала на мяне больш, чым сусветная культура. У мяне ніколі не было цеснага кантакту з бабуляй ці з каранямі, але я адчуваю сувязь з зямлёй, і гэты вайб, гэтая атмасфера, калі я спяваю, выяўляюцца ў маёй музыцы.
— Раней вы казалі, што стаць спявачкай было вашай грандыёзнай марай. Як вы пачуваецеся з тым, што гэтая мара здзяйсняецца проста зараз?
— Гэта была такая мара! Помню, я нават прасіла пра яе ў валуна. Зараз, калі я іду да сну, якім бы цяжкім ні быў дзень (а дні ў эміграцыі ў людзей сёння цяжкія), я заўсёды з падзякай думаю пра тое, што раблю музыку — і мне становіцца добра і цёпла.
Нягледзячы на мае дэпрэсіўныя станы і цяжкія сітуацыі, я вельмі шчаслівая, бо раблю тое, што люблю больш за ўсё на свеце. І маю музыку слухаюць!
— Без дэпрэсіўных станаў гэтага і папярэдніх вашых альбомаў, па сутнасці, магло б не быць. Ці адыграў біпалярны разлад нейкую ролю ў вашай працы?
— Я не вельмі люблю свой разлад, без яго было б лепш, але так, без яго музыкі не было б. Запіс першага альбома пачаўся з маніякальнага эпізоду — я прачнулася ў стане маніі, і яна сказала: «Анастасія, ты музыкальны геній, чаму тваю музыку яшчэ ніхто не слухаў?» Я падумала, што нічога не ўмею, а манія кажа: «Не важна, за пяць гадзін навучымся». Тады мне дапамог Саша Kornej, які патлумачыў, як рабіць музыку ў праграме Ableton. Ён прапанаваў дасылаць яму праекты, калі мне будзе патрэбная дапамога, і я дасылала, літаральна кожны дзень. Дзякуючы маніякальнаму эпізоду з’явіўся трэк Bipolar, і Dance on my own я напісала за два дні ў гіпаманіі.
Настасся Рыдлеўская: «Я маленькая палявая кветачка». Фото: Privat
— Dance on my own можна лічыць трэкам для беларускіх феміністак. Пра што гэтая песня?
— У мяне быў перыяд у жыцці, калі мне падавалася, што ніхто мяне не разумее, што на мяне навешваюць ярлыкі, што мне няма месца ў арт-свеце і ўсе бачаць мяне не так, як я сябе адчуваю. Ува мне было шмат злосці, і мне хацелася пра гэта крычаць. Іншым дзяўчатам у нашай патрыярхальнай сістэме, думаю, гэта знаёма. Мне падабаецца, што праз музыку — хоць, можа, несвядома — я гэта выказала. Калі я нешта раблю, у 80 адсотках гатовага прадукту не закладзена штосьці свядома, але ўжо пазней я магу гэта рацыяналізаваць.
— У вас блізкія стасункі з бацькамі — як яны ацэньваюць вашую музыку?
— Бацькі — мае фанаты з першых шэрагаў. Маме такая музыка сапраўды падабаецца, але я не ведала, што бацька будзе так рэагаваць: ён на кожную маю песню кажа, што мной ганарыцца. Калі б не бацька, не было б і музыкі: ён прыклаў шмат намаганняў, каб у свой час купіць мне піяніна, скрыпку, гітару і адправіць на вакал, хаця мы не заўсёды маглі сабе такое дазволіць. Мае бацькі давалі мне столькі любові, колькі патрэбна, і нават больш.
— Вы досыць імкліва атрымалі вядомасць як спявачка — ці вы адчуваеце поспех і ці гэта неяк змяніла вашае жыццё?
— Калі я выгрузіла свой першы альбом, мне падавалася, ніхто нічога не заўважыў. Яго паслухалі мама, тата, муж і сябры, і я думала: ну, зрабіла і зрабіла. Але потым Саша Чарнуха (журналіст. — Ред.) «падсвяціў» яго, і людзі пачалі слухаць маю музыку і пісаць мне цёплыя словы, некаторыя я запісваю ў свой дзённік, некалькі разоў я плакала ад паведамленняў слухачоў. Гэтая падтрымка неабходная творчаму чалавеку. Як бы сказаць, я маленькая палявая кветачка, і калі вецярочак дзьме не туды — я оп! — і ў дэпрэсію. Я не адчуваю поспеху, але адчуваю крутую падтрымку. З фінансавага гледзішча амаль нічога не змянілася, стрымінгавыя сервісы прыносяць хіба 100-200 долараў на год, канцэрты таксама не дазваляюць з іх жыць і аплочваць кватэру. Але што якасна змянілася — зараз у мяне ёсць каманда і мы ездзім на канцэрты. А гэта — самае вясёлае, што ў мяне калі-кольвек было, і гэта не перабольшанне. Цяпер у маім жыцці нашмат больш радасці.