Зборнік народных баладаў аздобілі выцінанкамі

У выдавецтве «Беларуская навука» пабачыла свет чацвёртая кніга серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі» зборнік беларускіх народных баладаў з пераказам на расейскую і ангельскую мовы пад назвай «Абярнуся я шэрай зязюляй», піша bellit.info.

«Abiarnusia ja šeraj ziaziuliaj»

Згодна з анатацыяй, гэта самы лірычны зборнік серыі і самы захапляльны, бо менавіта ў баладзе пераказваюцца незвычайныя, неардынарныя падзеі, хоць часта трагічныя ды тужлівыя. Кніга мае аўдыядадатак даступны па QR-кодзе, які паслужыць падарункам для аматараў народных спеваў. А таксама ёсць пераказ сюжэтаў на расейскую і ангельскую мовы, што пашырае кола чытачоў.

Тэксты праілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва — выцінанкамі, створанымі Галінай Жураўлёвай.

Кнігу можна купіць у Менску ў кнігарні «Акадэмічная кніга», а таксама замовіць праз сайт Kniger.by ці прыдбаць у ГЦ «Купалаўскі», ралеты 41— 42 (ст. м. Кастрычніцкая).