Зборнік «Жаночыя ўтопіі», у якой гучыць голас пратэснай Беларусі, прызналі адной з найпрыгажэйшых кніг у Аўстрыі

У лік пятнаццаці лаўрэатаў прэміі «Найпрыгажэйшая кніга Аўстрыі» трапіў зборнік «Жаночыя ўтопіі» выдавецтва Асацыяцыя грамадска-палітычных пазіцый. У кнізе сярод іншых эсэ размешчыны артыкул філосафкі і феміністкі Вольгі Шпарагі пра жанчын беларускай рэвалюцыі, піша reform.news.

Zbornik «Žanočyja ŭtopii»
Фота: schoenstebuecher.at

«З аднаго боку, манахромная белая вокладка адлюстроўвае ўтопію як яркую і яшчэ не рэалізаваную ідэю; у той жа час гэты рэдуцыраваны дызайн перадае пэўную далікатнасць і адкрытасць [...] Хочацца беражліва ўзяць кнігу ў рукі і прачытаць яе з такой жа ўвагай», — адзначыла афармленне кнігі журы конкурсу, у ліку сяброў якога адмыслоўцы ў дызайну, друку, выдавецкай справе.

Zbornik «Žanočyja ŭtopii»
Фота: schoenstebuecher.at

Над дызайнам кнігі «Жаночыя ўтопіі» працавала Аляксандра Мёлнер (Alexandra Möllner). Друк — Gutenberg-Werbering GmbH.

На конкурсе, зладжаным Федэральным міністэрствам жыллёвага будаўніцтва, мастацтва, культуры, СМІ і спорту (BMWKMS) і Аўстрыйскай асацыяцыяй кнігагандлю (HVB), было пададзена 139 заявак.

Што ж вядома пра самі «Жаночыя ўтопіі»?

Адпраўной кропкай выдання стала даследаванне, якое здзейснілі ў 2022 годзе студэнты факультэта палітычнай адукацыі Універсітэта імя Ёгана Кеплера ў Лінце. У межах працы былі апытаныя жанчыны, якія працуюць у, так званых, тыпова жаночых прафесіях: медсёстры, афіцыянткі, цырульніцы, працаўніцы гандлю. Жанчыны адказвалі на пытанні на конт сваіх памкненняў, жаданняў, жыццёвай пазіцыі. З усіх інтэрв’ю выходзіў адзін знамянальнік: памкненне да салідарнасці сярод жанчын.

Zbornik «Žanočyja ŭtopii»
Фота: schoenstebuecher.at

Беларуская філасофка Вольга Шпарага злучыла вынікі гэтага даследавання з уласнымі даследаваннем, у фокусе ўвагі якога былі беларуская рэвалюцыя і жаночы рух.

«Вольга прапаноўвае палітыку клопату як перадумову дэмакратыі і свабоды, утопію рэвалюцыі, грамадства без уладных гіерархій і ўтопію сястрынства як палітычнай сілы», — адзначаецца ў анатацыі да кнігі.

Можна заўважыць, што ў кнізе ёсць эсэ мастачкі Марыны Напрушкінай і пісьменніцы, актывісткі Насты Манцэвіч.

Таксама ў кнізе можна азнаёміцца з эсэ Эвелін Бернадэт Майр, якая піша аб жаночай рэвалюцыі ў Нікарагуа.

У эпілоге Марлен Стрэйрувітц прапаноўвае прыміральны погляд на будучыню, якую можна ўяўвіць як больш мірную, сацыяльную і жаночую.

Zbornik «Žanočyja ŭtopii»
Фота: schoenstebuecher.at

Чакаецца, што адзначаныя ўзнагародамі кнігі будуць выстаўленыя ў снежні 2025 года ў рамках выставы «Найпрыгажэйшыя кнігі Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі і Нідэрландаў 2024» ў Галоўнай бібліятэцы Вены, а таксама будуць паказаны на міжнародных кніжных кірмашах, такіх як Лейпцыгскі кніжны кірмаш, Франкфуртскі кніжны кірмаш ды іншыя буйныя івэнты. Пятнаццаць адзначаных выданняў таксама прадставяць Аўстрыю на міжнародным конкурсе «Найпрыгажэйшыя кнігі з усяго свету».

Набыць выданне можна тут.