Людзі (людзі?..) на балоце. Містычны трылер з беларускім краявідам

«Халодныя землі» — вусцішнае чытво, якое прымусіць Вас абарочвацца на кожны цень, зважаць на сабачы брэх на вуліцы ды старанна правяраць, ці зачыненыя на ноч уваходныя дзверы...

Выдавецтва Gutenberg ізноў парадавала годным выданнем: раман «Халодныя землі» на 400 старонак у мяккай дызайнерскай вокладцы са шрыфтам, ад якога не стамляешся. Папера, як мае быць, жаўтаватая — не б’е па вачах. Імя аўтара — Аляксандр Карнаўх — наўрад ці нешта скажа чытачам. Спадзяюся, гэта не апошняя кніга аўтара. Прынамсі, я ўжо чакаю на працяг.

«Chalodnyja ziemli»

«Гервень», «тахтары», «пельх»... Усё, што не дарабіў Ластоўскі

Жанр? Усё ж містычны дэтэктыў з элементамі трылера, а не наадварот. Або — антыкварны дэтэктыў. Бо ў якасці стрыжня — інтэлектуальны канцэпт, шчодра аздоблены фальклорам і міфалогіяй. У цэнтры — загадка, а не жах у чыстым выглядзе. Галоўны герой — універаўскі выкладчык з Мінска, у жыцці якога нічога не адбываецца, пакуль... калега не падкідвае яму таямнічыя сшыткі. 

Рукапісы знойдзеныя на гарышчы старой хаты ў самай глушы — на ўскрайку Прорвы (заказнік у Ельні, 27 тысяч гектараў некранутага балота — лічы, краіна). Але як расчытаць сшыткі, напісаныя забытым нямецкім шрыфтам на незразумелай мове? Праца паглынае героя, засмоктвае, нібы тое балота. І тут вакол пачынае адбывацца... чорт ведае што. 

«Гервень», «тахтары», «пельх», «пастухі», «перавознік» — далёка не поўны слоўнік сусвету Прорвы. Дарэчы, цалкам лагічнага сусвету са сваёй атмасферай. 

Аўтару ўдалося стварыць пазл, ад збірання якога не стамляешся. Лёгкая мова і жывыя дыялогі перацінаюцца з навуковымі загадкамі: абрадавы цыкл, зніклыя плямёны, таемная мова, якая панавала на нашых землях яшчэ да балтаў і славянаў.

Словам, усё тое, чаго так не хапала ў нашай прозе. Тонкія матэрыі, якія спрабаваў ажывіць яшчэ Ластоўскі ў сваіх «Лабірынтах» 100 гадоў таму, але — не паспеў удыхнуць жыццё ў свой сусвет. Далей — доўгая паўза з трактарамі і партызанамі. І вось, гатычна-фэнтэзійны дух вяртаецца ў белліт. Нарэшце!

Toronez idon k’obit?..

«Chalodnyja ziemli»

Ландшафт рамана падзелены на дзве часткі. Гэта халодны лістападаўскі цэнтр Мінска з беспрытульнай Круглай плошчай, берагам Свіслачы, змрочнымі кавярнямі на Маркса. Іншае вымярэнне — «беларуская тундра». Поўнач краіны: край балотаў, трыснягу, пустых вёсак і заледзянелых дарог, па якіх рассякаюць на джыпе героі пад выццё ваўкоў. 

Раман атрымаўся вельмі графічным. Той выпадак, калі інтэлектуальны сюжэт лёгка канвертуецца ў комікс ці прыгодніцкае кіно. Магчыма, аўтар наўпрост злавіў баланс паміж пазнавальнымі экстэр’ерамі ды экшнам. Дадаў туману містыкі, вось карціна і ажывае перад вачыма. 

Праз знаёмыя сітуацыі і месцы аўтар залазіць у тваю свядомасць: прымушае верыць. А далей ужо засяляе гэты сусвет новымі сэнсамі ды істотамі. Гэта той выпадак, калі пасля ночы чытання на ранак ты ўсё яшчэ малюеш у галаве грубыя чарапы спрадвечных жыхароў балотнага краю ды спрабуеш зразумець іхную мову: Toronez idon k’obit?..

«Холад і пустэча — быццам па тундры едзеш»

Зрэшты, на раман можна зірнуць і па-іншаму. Як на прыпавесць:

«Сапраўднае веры не засталося — толькі абалонка, за якою пустэча. Холад і пустэча, — дадаў ён, — быццам па тундры едзеш. Навокал, наколькі хапае вачэй, пустыня цягнецца: ягель, марошка. Пракарміцца можна, а болей і нічога. Унутраная тундра. Духоўны харч такі ўбогі, што самы час мох з камянёў саскрабаць». 

Няцяжка здагадацца, што «Халодныя землі» — гэта і пра Беларусь, і пра кожнага з нас. Пра ўнутраны холад і пустку. Тундра — як унутраны ландшафт, краявід душы. 

«Chalodnyja ziemli»

Вельмі спакусліва ўбачыць у рамане алегорыю на падзеі апошняй пяцігодкі: невядомая хвароба, кіслародныя маскі, а пасля — пярэваратні, якія зграямі па начох ломяцца ў хаты...

Але, уласна, так і працуе міф. Гэта ключ да цыклічных падзей, якія непазбежна адбываюцца раз на нейкі час, як зімовы сонцаварот. Вечная вайна святла і цемры. Галоўнае — быць гатовым да самай цёмнай ночы. Ды — ведаць, што рабіць у крытычны момант.

Раман «Халодныя землі» можна замовіць на сайце выдавецтва Gutenberg Publisher.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org