Zeman i Sviedak працуюць на «ГБ»

21.11.2012 Музыка

Удзельнік гуртоў «Чырвоным па Белым» і Imperator Zeman ды ўдзельнік гурта PANaNieba Sviedak сканчаюць працу над запісам сумеснага альбому. Выканаўцы ўжо выклалі шэсьць трэкаў, а ў сьнежні рыхтуюць паўнавартасны рэліз. Звацца дыск будзе «ГБ».

Лідэры хвалі беларускамоўнага рэпа зь менскай хіп-хоп тусоўкі M.U.Skool Zeman і Sviedakзавяршаюць запіс сумеснага беларускамоўнага альбома пад назвай «ГБ». «ГБ» – першыя літары прозьвішчаў выканаўцаў. Альбом пісаўся на працягу паўгодзьдзя і, па плянах рэпераў, ягоны выхад чакаецца прыканцы бягучага году. Да выхаду альбому выканаўцы прэзэнтавалі 6 трэкаў з будучай працы.

Таксама сёлета  Zeman пацешыць слухачоў яшчэ некалькімі навінкамі. Пакрысе рыхтуецца выхад яго сумеснай працы зь менскім рэперам d.Chesta – EP пад назвай «Ільвіная доля» зараз запісваецца на студыі «Маяк 113». Да ўсяго, пры канцы 2012 году павінен пабачыць сьвет яшчэ і трэці сольны альбом рэпера – «Трэцяя зорка» – над якім зараз працуе менская студыя Undergold Records. Выхад дыску заплянаваны на 12 сьнежня 2012 года. Альбом будзе складацца з 21 трэка і ўжо хутка можна будзе пачуць сэмплер альбома на старонцы Zeman’a на Soundcloud.

З самага пачатку года Zeman вырашыў пайсьці ў адрыў. Сёлета выканаўца прэзэнтаваў ужо сольны альбом «Бырло», у якім, дарэчы, можна пачуць дуэт з другім удзельнікам PANaNieba SP Kava. Налета рэпер рыхтуе яшчэ адзін сольны альбом, два сумесныя сынглы і мноства разнастайных трэкаў.

Мікола Заяц, «Тузін Гітоў»