Адна з цікавых кніжных навінак года — пераклад аповесці егіпецкай пісьменніцы Наваль Саадаві «Жанчына на нулявым пункце». Як можна здагадацца па аўтарцы і назве, здзейсніла праект выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм», вядомая прафемінісцкім курсам.
Фота Вальжыны Морт
Аповесць, напісаная ў Егіпце 1970-х, актуальная ў Беларусі 2022 года. Жаночы персанаж, адчайная Фірдоус, аднолькава ўпісваецца як у сусветны Жаночы Вобраз, так і ў шэраг беларускіх моцных гераінь. Да ўсяго, гэта добрая нагода пазнаёміцца з новай арабскай літаратурай — асабліва калі чытач адмыслова ў пытанне не заглыбляўся.
Сярод вечных сюжэтаў, якіх навукоўцы налічваюць ад 4 да 36, можна вылучыць падвід «жанчына ў патрыярхальным свеце». Такі сюжэт нельга залічыць да класічна-прыгодніцкага, у якім герой пераадольвае выпрабаванні і атрымлівае ўзнагароду — прынцэсу, напрыклад. Нам такое не пасуе, бо такі сюжэт «заточаны» пад мужчынскага героя. Жанчына тут ці трафей, ці ахвяра. А калі не тое і не другое, яна набывае рысы маскулінныя; напрыклад, Жана Д’Арк — жанчына-ваяр, якая абрэзала косы, каб яе ўспрымалі ўсур’ёз.
Беларуская літаратура, багатая на вайну і вёску, багатая яшчэ і на феміністычы ўхіл. Канечне, у лік залатых стэрэатыпаў гэта не ўвайшло (пакуль), і Моцная Беларуская Жанчына яшчэ не пасунула на п’едэстале Партызана, але... Пры пэўных маркетынгавых высілках і адпаведным поглядзе на белліт гэта не складзе цяжкасці.
Ганна Чарнушка кінула мужа, каханне, бацькоў у пошуку лепшага жыцця («Людзі на балоце», Іван Мележ). Сцепаніда разлічвала толькі на сябе і нават у смерці аказалася рашучай, аказалася гаспадыняй сітуацыі («Знак бяды», Васіль Быкаў). Адзачыміха перажыла гуманітарную катастрофу, выгадавала ў сабе звера, не страціўшы чалавечыя рысы («Па што ідзеш, воўча?», Ева Вежнавец). Алеся паставіла каханне вышэй за ўсё і на шляху да мэты не страшылася нічога; вясковая дзяўчына, выпісаная Вячаславам Адамчыкам у «Чужой бацькаўшчыне», роўная па духу гераіням Старажытнай Грэцыі —Медэі, напрыклад.
Гапеева, Мартысевіч, Кудасава, Цімафеева, Аксак — іх гераіні ці не ўпісваюцца, ці проціпастаўляюцца патрыярхальнаму свету. Бахарэвіч працягвае традыцыю Мележа, калі казаць пра Гераіню. Сін стварыў непаўторную Марыю ў «Libido» (зрэшты, тут размова не пра гендар, а пра чалавечае).
І да ўсіх нашых гераінь — Сцепаніды з ейнай рашучасцю, Чарнушкі з пошукам сябе, біблійнай Марыі і адчайнай Алесі — падобная егіпецкая гераіня Фірдоус, створаная Нааль Саадаві ў 1975 годзе.
Егіпет паўвекавой даўніны ў апісанні Саадаві падобны да сучаснай беларускай правінцыі: патрыярхальны светапогляд («без мужыка нельга»), хібы адукацыі (вясковая школа далёкая ад узорнай, і гэта, канечне, праблема не толькі дзяўчат), матрыманіяльны і рэпрадуктыўны ціск, хатні гвалт, у тым ліку сексуальны. Перабольшваць не станем — у нас сілком за дзеда замуж не выдадуць; але і адрозненняў менш, чым хацелася б мець у 2022 годзе.
Фірдоус не проста зборны вобраз прыгнечанай, загнанай у кут жанчыны. Наваль Саадаві як псіхатэрапеўтка падчас працы ў жаночай турме выслухала маналог жанчыны, вырачанай на смерць за забойства мужчыны — сутэнёра. У ракурсе, знойдзеным пісьменніцай, злачынства выглядае іначай: мужчыны забіваюць Фірдоус, бо яна забіла аднаго з іх, замахнуўшыся на патрыярхальны свет. Яе забіваюць як паўстанку, якая адкрыта выступіла супраць рабства, фізічнай эксплуатацыі і гвалту над воляй. Як і Сцепаніда, Фірдоус здзейсніла мэтанакіраванае самазабойства.
Адна з цікавых кніжных навінак года — пераклад аповесці егіпецкай пісьменніцы Наваль Саадаві «Жанчына на нулявым пункце». Як можна здагадацца па аўтарцы і назве, здзейсніла праект выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм», вядомая прафемінісцкім курсам.
Першае выданне на англійскай мове. Фота з Вікіпедыі
У Егіпце аповесць публікаваць не хацелі, так што «Жанчыну...» друкавалі ў Ліване. На сёння тэкст перакладзены на 23 мовы.
Наваль Саадаві сама стала ахвярай традыцыяналізму. У дзяцінстве яна перажыла гвалтоўнае абразанне — хаця сям’я лічылася прагрэсіўнай, а бацька дбаў пра адукацыю дачок. Наваль зрабіла кар’еру ў Міністэрстве аховы здароўя, сцвердзілася як палітычны гулец і заснавала Асацыяцыю салідарнасці арабскіх жанчын. Яна стала ўзорам для егіпецкіх дзяўчат, «Сімонай дэ Бавуар арабскага свету». У Наваль было трое мужоў і двое дзяцей. Яна памерла ў 89 гадоў летась.
Літаратура для Наваль была інструментам у фемінісцкай барацьбе, калі меркаваць па «Жанчыне на нулявым пункце» — разам з публіцыстыкай, выступамі, медычнай і грамадскай дзейнасцю. Гэтая аповесць — паказальная, у ёй прапісаны маніфест Наваль Саадаві. Натуральна, яна не заклікае забіваць мужчын; яна паказала на лёсе адной жанчыны, да чаго можна давесці чалавека ў адчаі, калі той мусіць бараніць не толькі фізічную цэласнасць, але ментальную. У гнеўных, поўных адчування ўласнай годнасці прамовах Фірдоус гучыць голас Наваль.
Беларуская дакументалістка Алексіевіч у «прэпарацыях» чырвонага чалавека карыстаецца прыкладна тымі ж інструментамі, хіба мінімізуе мастацкія сродкі. Наваль Саадаві намінавалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў той жа год, калі яе атрымала Алексіевіч.
Хоць аснова дакументальная, аповесць не стала стэнаграмай споведзі Фірдоус. У ёй, напрыклад, ёсць некаторыя паэтычныя элементы — прыгожы ўсходні сімвалізм, напеўнасць, кампазіцыйныя паўторы.
Натуральна выглядае эвалюцыя Фірдоус — ад наіўнай сляпой дзяўчынкі да бясстрашнай жанчыны, якая ведае праўду і прамаўляе яе. Наваль таксама зведала турму: яе пасадзілі за выданне фемінісцкага часопіса. Там яна пачала пісаць мемуары — на туалетнай паперы алоўкам для броваў, пазычаным у сукамерніцы-прастытуткі.
Тады Наваль напісала: «Небяспека стала часткай майго жыцця з тых часоў, як я ўзяла асадку і пачала пісаць. Няма нічога больш небяспечнага за праўду ў свеце, які хлусіць».
Наваль прытрымлівалася сваіх ідэалаў усё жыццё. У 2007 годзе яе разам з дачкой Монай абвінавацілі ў вераадступніцтве за тое, што яны абаранялі права маці даваць імя сваім дзецям. А ў 2008 годзе ў Егіпце прынялі закон, паводле якога пазашлюбным дзецям давалі прозвішча маці. Тады ж забаранілі жаночае абразанне.
Аглядальнік, budzma.org