Вы нас чакалі, і мы вярнуліся гатаваць разам традыцыйныя беларускія стравы. У час велікодных святаў прапануем спячы булачкі ў форме «жаўрукоў» — сімвала вясны, надзеі, веры і дабра, якіх зараз так не хапае ў віры апошніх падзей.
Па «жаўруку» кожнаму ў сям’і
На Вялікдзень традыцыйна прынята гатаваць выпечку. Гэта можа быць бабка — салодкі пірог з разынкамі і арэхамі, вядомы нашым продкам яшчэ з XIV стагоддзя. Мазурка — пірог, падобны на печыва з крохкага цеста, паліты шакаладам ці варэннем. Паска — адмысловы велікодны хлеб з дадаткам арэхаў, разынак і салодкай поліўкай. Пяклі таксама здобныя булачкі ў форме птушак, іх называюць «буськамі» ці «жаўрукамі».
Традыцыя пячы «жаўрукоў» межавалася з вясновай традыцыяй гукання вясны, а булачкі ў форме птушак былі не толькі добрай забаўкай для дзяцей, але і мелі сімвалічны сэнс. Традыцыя гэтая звязаная і з аграрным календаром — здоба ў форме птушкі ўвасабляе сабой прыход вясны і абуджэнне ўсёй прыроды ад зімовага сну.
Такія булачкі ў велікодны перыяд пяклі паўсюль, звычайна па адной булцы на кожнага члена сям’і. Формы, памеры і рэцэпты былі вельмі разнастайнымі. Нават суседзі пяклі «жаўрукоў» па-свойму, не кажучы пра розныя вёскі. «Будзьма беларусамі» прапануе ўніверсальны рэцэпт па выпечцы велікодных «жаўрукоў» да святочнага стала.
Як прыгатаваць здобных «жаўрукоў»?
Насыпаем муку ў міску і ўбіваем туды яйка, дадаем свежыя дрожджы, соль, цукар і кавалак масла. Заліваем прадукты малаком пакаёвай тэмпературы і дадаем сталовую лыжку алею. Цяпер гэтую масу трэба добра вымешаць, каб з яе атрымалася цеста.
Калі цеста сфармавалася, трэба выкласці яго на паверхню, пасыпаную мукой, каб цеста не прыліпла, і накрыць посудам на тры гадзіны, каб цеста падышло. Лепш трымаць накрытае цеста ў цёплым месцы, так яно хутчэй падрасце.
Затым цеста трэба абсыпаць мукой і добра вымяць. Вы адчуеце, што падчас вымінання бурбалкі паветра ў цесце лопаюцца. Калі яны перастануць лопацца — цеста гатовае да наступнага этапу ў працэсе гатавання.
Цеста трэба парэзаць на кавалкі і раскатаць. Лепш гэта рабіць качалкаю, абсыпанай мукой. Раскатаўшы цеста, з аднаго боку кавалка трэба сфармаваць галоўку будучай «птушкі», вылепіць дзюбку. Астатні кавалачак цеста трэба надрэзаць папалам, каб вылепіць крылы. На кожнай з надрэзаных частак цеста зрабіць яшчэ надрэзы па краях, такім чынам мы імітуем пер’е на крылах. Ніжнюю частку цеста загарнуць уверх і крышку прыціснуць. Разынкаю зрабіць вочка, і «птушка» амаль гатовая адправіцца выпякацца.
Духоўку ці печ варта разагрэць да 180 градусаў, бляху заслаць пергаментам для выпечкі, выкласці «жаўрукоў» і прамазаць іх алеем. Посуд з будучай выпечкай адпраўляем у духоўку на 20 хвілін. За тры хвіліны да канца прыгатавання, булачкі варта прамазаць узбітым яйкам — гэта надасць ім прыгожы румяны колер.
Калі «жаўрукі» крыху астынуць, можна падаваць іх да гарбаты з варэннем ці мёдам.
На чатыры вялікія здобныя «жаўрукі» нам спатрэбіцца:
Мука — 3 шклянкі
Малако — 130 мілілітраў
Масла — 20 грамаў
Дрожджы — 10 грамаў
Алей — 2 сталовыя лыжкі
Соль — сталовая лыжка
Цукар — сталовая лыжка
Яйка — 2 штукі
Смачна есці!
Алесь Масевіч, budzma.org