Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра якасць і цану жыцця, якія істотна адрозніваюцца ў розных краінах
Афіцыйныя СМІ нядаўна парадавалі цікавай інфармацыяй: для медыкаў, якія працуюць з хворымі на COVID-19, прадугледжаныя выплаты ў памеры ад 600 да 5000 рублёў. У выпадку смерці лекара для сям’і прадугледжаная кампенсацыя «каля 5000 рублёў».
Ці шмат гэта, 5000 рублёў, за смерць прафесіянала, які асэнсавана ідзе на рызыку? Думаю, не вельмі. Для параўнання зайдзіце на сайт «Пінскдрэва» і зірніце цэны на наборы мяккай мэблі. Набор — гэта проста крэсла і канапа з рознымі абіўкамі, калі што.
Набор «Верона» каштуе 2932 рублі (пасля зніжкі), то бок палову жыцця медыка. Набор «Манчэстэр 1» — 5686 рублёў. Трошкі больш за жыццё. А вось набор «Чэстэрфілд» — 11 284 рублі. Атрымліваецца, калі ў сям’і памруць два медыкі, можна прыдбаць. Ну і яшчэ 1284 рублі са сваіх давядзецца дакінуць.
Чытайце таксама: Ішоў 33-і год ад нараджэння «святога Ковіда»
Шмат гэта? З чым параўнаць? Сістэма выплат за жыццё чалавека па свеце розная. Скажам, падчас канфліктаў у Судане ў 2011-м за кожнага загінулага ягоная сям’я атрымлівала 50 кароваў. Сем’і ахвяраў тэрактаў 11 верасня 2001 года ў ЗША атрымалі ад 3 да 4 мільёнаў даляраў (у залежнасці ад таго, ці была гэта смерць пры выкананні службовых абавязкаў).
У Вялікабрытаніі кампенсацыя для сям’і загінулага, які памёр па віне працадаўцы або трэцяга боку, у сярэднім складае 12 000 фунтаў аднаразова. У ЗША такая сума плавае, бо складаецца са стандартных $3000 на пахаванне і з далейшых разлікаў, якія грунтуюцца на тым, колькі чалавек страціў прыбыткаў за «непражытыя гады»: калі накласці на заробкі ў Штатах і рознага кшталту страхоўкі, атрымаецца нямала.
Ужо стаміліся ад лічбаў? Добра. Больш не будзем.
Дык да чаго гэта ўсё? Калі агульна, можна бясконца маніпуляваць тэрмінам «чалавецтва» ці то з фантастыкі Стругацкіх і Булчычова, ці то з лекцыяў палітпрапаганды часоў Брэжнева. Чалавецтва нібы ёсць, а вось якасць жыцця, ВУП, асабістыя прыбыткі паўсюдна розныя. Значыць, і цана жыцця зусім розная.
У пачатку гісторыі з пандэміяй, памятаю, паміж фота і відэа з трунамі з Італіі мільгалі довады скептыкаў у выглядзе статыстыкі. Які вірус? Паглядзіце, маўляў, колькі людзей штогод памірае ад голаду, СНІДу ды іншых злыбедаў дзесьці ў Бангладэш ці Эфіопіі. Статыстыка нібы ўражвала, але ж не супакойвала.
У чым рэч? Наколькі б мы ні былі палікарэктнымі, усё адно разумелі: жыццё амерыканца ці немца каштуе ў разы болей, чым жыццё пакістанца ці нават кітайца. У адной частцы свету смерць — штодзённасць, у іншай — не.
Чаму так? На працягу ўсёй гісторыі людзі ставілі ў цэнтры ўвагі розныя паняцці: маліліся багам, дубам, царам, военачальнікам. Урэшце заходняя цывілізацыя прыйшла да таго, што ў цэнтр трэба ставіць чалавека. Чалавек — галоўны капітал. Гэта важна і дорага. Як выявілася, акурат такі падыход быў шляхам да поспеху і сусветнага панавання.
Правы і свабоды чалавека, каштоўнасць жыцця — гэта зусім не занудная дастаеўшчына пра «слязу немаўляці». Не абстракцыі. Гэта абсалютна цвярозы разлік. Калі чалавек свабодны, здаровы і задаволены, значыць, ён можа даць больш соцыуму, то бок «калектыўнаму чалавеку». Калі чалавек прыгнечаны, хворы і нічым не абаронены, то ягоны патэнцыйны ўклад няякасны. «Трэці гатунак не брак», як кажуць. Тады і праўда цана жыцця — канапа, абцягнутая скуразаменнікам.
А зараз вернемся да беларускіх рэаліяў. Марына Золатава нядаўна напісала для Тут. бай добрую калонку, дзе сярод іншага прагучала: «Самае каштоўнае, што мае дзяржава, — не нафта і не золата. Самае каштоўнае — гэта людзі». Праўдзіва і наіўна адначасова. Я вас прашу, якія людзі?
Людзі ў Беларусі — гэта прылады працы, якія размаўляюць. Чалавек тут ніколі не быў боствам, цэнтрам жыцця. Рэлігійную павестку ў эпоху тэхнічнага прагрэсу змяніла сакралізацыя вытворчага працэсу і — ягоных жрацоў.
Чытайце таксама: Армагедон і «аграмадэрн». Што праз гады і стагоддзі знойдуць археолагі ў Мінску?
Важная не даярка, але надоі. Важны не камбайнер, а жніво. Важны не рабочы, а прадпрыемства. Няхай бесперспектыўнае і непрыбытковае. Лясне крызіс — дзяржава будзе дапамагаць не чалавеку, а прадпрыемству. Значыць, прадпрыемства — бог. Ахвяраванні маюць быць ля ягонага стода.
Адсюль і расцэнкі. Беларусаў можна параўнаць з травой на падворку, якая ўсё адно нарасце. Яе яшчэ касіць і прарэджваць трэба. Рыдлёўка ці секатар самі сабою не вырастуць, а трава зазелянее, куды ж яна падзенецца. Гэтая зеляніна, зрэшты, і сама сябе не цэніць. Дастаткова паглядзець статыстыку самазабойстваў, паводле якой Беларусь звычайна сярод лідараў у рэгіёне.
Магчыма, усё гэта гучыць занадта цынічна, бесчалавечна. Магчыма, некалі чалавецтва стане адзіным, жыццё кожнага індывіда стане святыняй, мы пераселімся на Месяц ці Марс. Магчыма... шмат што магчыма. Разам з тым, пакуль што мне б вельмі хацелася, каб цана жыцця беларуса больш адпавядала цэнніку Вялікабрытаніі ці ЗША, чым цэнніку Анголы. Толькі і ўсяго.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!