Алесь Анціпенка, Аксана Спрынчан. “Дарога і шлях”. ”Гальяфы”. Мінск, 2009. 82 с. Рэцэнзія на прадмову і паслямову.
“Шлях і дарога” — новая кніга Алеся Анціпенкі — аналітыка, філосафа і Аксаны Спрынчан — паэткі. У выданні памерам з нататнік пазначана: смс-п’еса. Жанр, дагэтуль нікім не карыстаны і асобна не вылучаны. Вытокамі вызначанае ліставанне Рамеа і Джульеты: допісы, што складаюць адносіны двух людзей, якія кантактуюць праз адлегласць.
Філосаф: Я падумаў, што дарога — гэта надземнае, а шлях — паднябёснае.
Паэтка: Дзіўна, яшчэ раней паранілася думкай, што Вы бліжэй да шляху, чым да дарогі.
Філосаф: Дарога даруецца, а шлях вымагае выбару.
У прадмове Пятра Васючэнкі ідзе гаворка пра адносіны двух людзей, якім галаву тлуміць не толькі каханне, але і, напрыклад, пошук сэнсу жыцця. Такія стасункі называюцца каханнем з рэтардацыяй — спазненнем. Розум стварае перашкоду на шляху да таго, каб паразумецца. “Імя гераіні Паэтка, імя героя Філосаф… героі больш размаўляюць пра філасофію і літаратуру… ” (з прадмовы). Гэта — мур паміж імі. Мусіць, прадмоўца хапіў шырэй — рэтардацыя адбываецца і пры разуменні кнігі. Залішняя іншасказальнасць смс-рэплік не дае зразумець, да чаго ж гэтая перапіска?
Адказ: кніга — пра зносіны з жывым чалавекам праз сродкі сувязі, праз кароткія допісы з часцінкай сэрца. У лісце няма іншых людзей, але ёсць элемент іх прысутнасці, уплыў на адрасата. Героі кахаюць, і гэта каханне ў эпоху звышкамунікацыі паміж людзьмі, каторыя толькі граюць ролю саміх сябе ў свеце. Перакідваючыся караценькімі паведамленнямі, яны разважаюць, сумуюць, перажываюць. Дзве чалавечыя істоты становяцца бліжэйшымі праз платы і пластык. Яны разам на адлегласці, але за адным столікам у кавярні працягваюць набіраць смс-кі. Філосаф выбірае сэнсы, паэтка гуляе словамі. Героі перацякаюць адно ў адно, і іх ролі аб’ядноўваюцца. Філосаф пачынае гуляць словамі…
Сюжэт нескладаны: кахаюць двое, і што ж? Ходзяць туды — сюды — во дзівакі! — і глядзяць у экраны мабільнікаў замест таго, каб атрымаць задавальненне ад жывых зносінаў. Каб зразумець больш, неабходна чытаць і прадмову (Пятро Васючэнка), і паслямову (Карына Анціпенка). Тэксты неаддзельныя ад кнігі, бо тлумачаць: “у абсурдысцкай п’есе адбываецца звужэнне характару да амплуа, лейтматыву… а пасля знікаюць і апошнія сляды самога чалавека” (Пятро Васючэнка).
Твор павінен спадабацца тым, хто можа і жадае зрабіць уласную драматургію з смс-паведамленняў.