У папярэднім тэксце разглядалася працягласць жыцця самых старых драўляных пабудоў у свеце, у Еўропе, у Беларусі і яе суседзяў, у Гомелі і вобласці. Усе яны аказаліся храмамі розных рэлігій і канфесій, якія захоўваліся шмат сотняў год, будучы важнымі культавымі пабудовамі ў сваім рэгіёне. А таму да іх і было спецыяльнае стаўленне. Цікава, а як справа з простымі жылымі дамамі звычайных (ці не звычайных) жыхароў? Піша гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў у «Мова Гомель».
Большасць драўлянай архітэктурнай спадчыны, якая ўсё яшчэ захавалася ў Беларусі да нашага часу, прадстаўленая менавіта драўлянымі жылымі будынкамі. Шматлікія гаспадарчыя і прамысловы пабудовы Беларусі, як правіла, даўно сышлі ў нябыт — млыны, гумны, хлявы, шпіхлеры, каморы і іншыя, а з жылых будынкаў яшчэ нешта засталося.
Увогуле найстарэйшым драўляным домам у Еўропе і свеце з’яўляецца пабудова ў Даніі, на востраве Стрэймой, які ўваходзіць у склад Фарэрскіх астравоў. Будынак мае назву «Каралеўская ферма» і быў узведзены ў ХІ ст. З 1550 г. у будынку жыве сям’я Патурсанаў (зараз 17-е пакаленне), але афіцыйна будынак належыць дацкаму каралю, а Патурнасы толькі арандатары. На самім востраве дрэвы не растуць, таму будынак быў узведзены з прывазнога леса і да яго вельмі беражліва ставіліся, што і дапамагло будынку захавацца да нашага часу. Гледзячы на яго фотаздымкі, звяртае ўвагу традыцыйны для Паўночнай Еўропы дах з пакрыццём зямлёй.
Драўляныя жылыя дамы 1425, 1500, 1550-х гг. пабудовы захаваліся ў Нідэрландах (Амстэрдам, Гент), Бельгіі (Мэхелен), Швайцарыі (Люцэрн), 1641 г. у г. Дэдхем, штат Масачусец у ЗША.
Самы стары драўляны жылы дом у Польшчы — гэта дом Гваркаў у вёсцы Ежов Судэцкі, каля горада Еленя Гура ў Судэтах, ваяводства Дольны Шлёнск, недалёка ад мяжы з Чэхіяй (dom Gwarków w Jeżowwie Sudeckim ok. Jelenia Góry, województwo Dolny Śląsk).
Гэты дом быў узведзены ў 1601 г. як месца жыхарства для прыезджых шахцёраў, якія здабывалі ў мясцовых гарах залатую і срэбную руду. Пабудова ўяўляе сабой вялікі прамавугольны дом-карчму традыцыйнай для гэтага кавалка польска-чэшска-нямецкага памежжа фахверкавай канструкцыі, у якой каркас будынка складае сістэма складана пераплеценых драўляных брусоў, прастора паміж якімі запоўнена цэглай і глінай.
Найстарэйшым будынкам, які захаваўся на тэрыторыі Расеі, лічыцца дом Мехавых-Вароніных у горадзе Угліч.
Дакладнай даты яго пабудовы пакуль няма, даследчыкі датуюць яго ўзвядзенне першай паловай XVIII ст., арыентуючыся не толькі на стылістычныя асаблівасці, але і на тое, што будынак пастаўлены паводле старой сярэднявечнай планіроўкі горада, якая існавала да перапланіроўкі Угліча ў 1784 г. У Расеі захаваліся і іншыя жылыя дамы таго ж стагоддзя, напрыклад дом Шубіна ў Іркуцку, узведзены ў канцы XVIII ст., які некалькі гадоў таму цалкам разабралі і перабралі падчас рэстаўрацыі. Таксама захавалася і вялікая колькасць будынкаў першай паловы ХІХ ст.
Самы стары драўляны жылы будынак ва Украіне — гэта дом з вёскі Самары на Валыні (Ковельскі раён), якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад мяжы з Беларуссю, насупраць беларускай вёскі Дывін, Кобрынскага раёну Брэсцкай вобласці.
Гэты будынак быў выяўлены ўкраінскім архітэктарам Сэргіем Вэрговськім у 1970 г. і цяпер захоўваецца ў Нацыянальным музеі народнай архітэктуры і побыту Украіны ў Пірогах пад Кіевам. Дом уяўляе сабой традыцыйную для Палесся зрубную прамавугольную курную хату пад двухсхільным саламяным дахам, без сеняў і з маленькімі вокнамі. На сцяне будынка выразана дата — 1587 год.
Але большасць вядомых самых старых драўляных жылых будынкаў Украіны адносіцца да сярэдзіны ХІХ ст. Да 1850 г. пабудовы, напрыклад, чарнігаўскія даследчыкі адносяць дом на вуліцы Варзара 12 у Чарнігаве.
Гэтая дата рэканструявана паводле архіўных і стылістычных даследаванняў, але яна ў прынцыпе перагукваецца і з датай пабудовы самага старога выяўленага драўлянага жылога дома суседняга з Чарнігаўшчынай Гомеля (1860 г.).
Самым старым вядомым жылым драўляным будынкам у Беларусі з’яўляецца лямус брыгіцкага манастыра ў Гродна.
«Лямус» — гэта гаспадарчая пабудова для захоўвання рознай маёмасці, аднак, мяркуючы па ўнутранай планіроўцы ў гродзенскім лямусе, на другім паверсе былі жылыя пакоі. Доўгі час лічылася, што гэты будынак быў узведзены разам з каменнымі будынкамі самога брыгіцкага кляштара ў 1640-х гг., аднак у апошні час гродзенскія даследчыкі пасунулі дату яго ўзвядзення на час паміж 1753 і 1780 гг., магчыма ў 1769 г.
Самы стары існуючы драўляны жылы будынак Гомеля і, мабыць, усёй Гомельскай вобласці, захаваўся на вуліцы Партовай 9, які паводле матэрыялаў архіва Гомельскага бюро рэгістрацыі і зямельнага кадастру быў узведзены ў 1860 г.
Мяркуючы па даце ўзвядзення, ён быў пастаўлены па выніках вялікага пажару Гомеля 1856 г., у якім згарэла большая частка драўлянага горада першай паловы ХІХ ст. Дом ужо часткова ўрос у зямлю, але працягвае і сёння спраўна выконваць свае першапачатковыя функцыі. Трохі маладзейшыя за яго па ўзросце шматлікія будынкі 1870-1880-х гг. яшчэ існуюць на вуліцах Парыжскай камуны, Шпітальнай, Пралетарскай, Украінскай і іншых. Менавіта ў гэтых будынках увасобленыя і сёння яшчэ захоўваюцца шматвекавыя традыцыі будаўніцтва з дрэва нашых продкаў. Менавіта ў гэтых жа будынках захоўваецца і своеасаблівая традыцыя мясцовага архітэктурнага дэкору, самага яркага з усёй Беларусі.
Большасць вядомых даследчыкам самых старых драўляных жылых будынкаў Беларусі адносіцца да другой паловы — канца ХІХ ст. Магчыма, у Беларусі ёсць і іншыя старыя будынкі, ранейшыя за 1860 г., але інфармацыі аб іх датыроўцы няма. У Беларусі, як і ва Украіне і Расеі, увогуле не наладжаная сістэма датавання старых будынкаў метадам дэндрахраналагічнага аналізу і выкарыстання атрыманых дадзеных у навуковых і турыстычна-экспазіцыйных мэтах. З іншага боку, беларускае «ноў-хаў» — праграма па зносу безгаспадарчага і старога жылля, не пакідае шанцаў на выпадковае захаванне дзе-небудзь на Палессі і выяўленне ў час экспедыцый старых будынкаў, накшталт вышэйзгаданага выпадку з хатай 1587 г. у вёсцы Самары на Валыні. Нідзе ў Беларусі пры зносе старых невыкарыстоўваемых і безгаспадарчых будынкаў не праводзіцца іх папярэдняе абследаванне на пытанне мастацка-гістарычнай каштоўнасці, магчымасці выкарыстання ў турыстычна-экскурсійных мэтах: іх тупа зносяць раённыя ўлады.
Але нават і без праграмы зносу старога і безгаспадарчага жылля наша краіна губляе свае драўляныя помнікі. Некалькі месяцаў таму была знесена драўляная сядзіба князёў Мяшчэрскіх у Клімавічах (Магілёўскай вобласці), пабудаваная ў 1867 г.
Будынак меў ахоўны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і з’яўляўся адзіным рэальным прывабным помнікам ва ўсім Клімавіцкім раёне, ягонай візітоўкай. Але, нягледзячы на гэта, зімой 2024 г., у час падрыхтоўкі горада да правядзення «Дажынак», сапраўдны аўтэнтычны драўляны будынак быў цалкам знесены, матывуючы тым, што паводле экспертнага заключэння ягоныя драўляныя канструкцыі мелі 80% зносу. Цяпер на месцы аўтэнтычнага будынка ўзведзены з дрэва ягоны муляж, у якім будуць выкарыстаны некалькі аўтэнтычных бярвенняў ва ўнутраных сценах для надання навабуду эмацыйнай сувязі з папярэднім архітэктурным творам нашых продкаў.
Цікава, колькі працэнтаў зносу канструкцый далі б тыя ж эксперты, напрыклад, лямусу брыгіцкага манастыра ў Гродна, ці таму ж дому 1587 г. з валынскага Палесся? Гэтая беларуская чынавенская звычка тупа трымацца голых лічбаў можа запраста пазбавіць нашу краіну ўсіх гістарычных драўляных будынкаў. Бо як расказваў мне спецыяліст з аднаго Бюро рэгістрацыі і зямельнага кадастру, паводле іх сістэмы падлікаў афіцыйны знос будынка набірае прыблізна 1 % у год. Гэта значыцца для валынскай хаты ў музеі знос павінны быў бы складаць недзе каля 430 %, а для гродзенскага лямуса ніяк не менш 240 %.
Але, нягледзячы на такія лічбы, дадзеная акалічнасць у свой час не перашкодзіла адрэстаўраваць пры дапамозе польскіх спецыялістаў гродзенскі лямус (і там цяпер збіраюцца зрабіць музей традыцыйнага побыту). І менавіта яна ж перашкодзіла беларускім спецыялістам так жа сама адрэстаўраваць сядзібу Мяшчэрскіх у Клімавічах. Адрэстаўраваць, а не зрабіць муляж з сучасных матэрыялаў. Магчыма, тут насамрэч справа не ў працэнтах зносу канструкцый, а ў дасведчанасці і разумовых здольнасцях (не)зацікаўленых асоб?