Жывёлы суіснуюць з чалавекам як біялагічным відам ад часоў яго з’яўлення на эвалюцыйным дрэве ці ў Боскім промысле (тут ужо каму як зручней). Ад таго моманту, як чалавечая цывілізацыя перабралася з сырых пячораў у больш зручныя паселішчы, жывёльны свет для ўрбанізаванага чалавека з цягам часу пачаў падзяляцца на дзікую фаўну, гаспадарчую жывёлу, хатніх гадаванцаў (жывёлы-кампаньёны) і жывёл-спадарожнікаў (так інкалі называюць тыя віды насякомых, птушак і сысуноў, якія інтэграваліся ў гарадскую прастору і фактычна сталі яе часткай — прусакі, галубы, вароны, пацукі і інш.). Ва ўмовах горада суіснаваць з прыродай, нават са скаронай, досыць праблематычна, а часам — і драматычна для абодвух бакоў. Пра гэтую бяду, якая і для Мінска не была выключэннем, мы зараз і пагаворым.
«Для дзікіх жывёлін месца няма»?
Горад — гэта не фартэцыя, абкружаная глухім непралазным парканам. Паселішча заўсёды суіснуе з прыродай, якая не прызнае ні межаў, ні ўласнасці. Таму дзікіх жывёл заўсёды ў горадзе было дастаткова.
На ўскраіну сталіцы не раз заходзілі ласі. Так, у 1982 г. ласяня выйшла на пасадачную паласу Мінскага аэрадрома, у 1984 г. — двое ласянят зайшлі да Камсамольскага возера з боку Нававіленскай вуліцы. У 2018 г. лось некалькі месяцаў жыў за МКАД — у наваколлі біялагічнага факультэта БДУ, у Шчомысліцы — патрапіў у пастку паміж дарогамі. Двое маладых ласёў спакойна шпацыравалі праз Парк Чалюскінцаў у 2012 г., пакуль іх і не злавілі і не адправілі ў заапарк. Але самая знакамітая сустрэча лася з мінчукамі, якая нават адбілася ў гарадской мікратапаніміцы — з’явіўся «Ласіны магазін» — гэта прыход ласіхі ў 1975 г. да гастранома № 12 па вуліцы Каліноўскага. Праўда, не ўсе выпадкі сустрэчы з ласямі абышліся дабром: так, спроба ўсыпіць сахатага, які патрапіў на вуліцу Галадзеда некалькі гадоў таму, скончылася трагічна — доза для жывёлы сталася смяротнай...
Лось для Мінска — не такі ўжо рэдкі госць. У калажы: зацемка з «Вячэрняга Мінска» (ад 6 мая 1982), ласіха ля гастранома па Каліноўскага, 81 (1975; здымак з тэлеграм-каналу «Куфар старажытнасцяў») і ласі ў Парку Чалюскінцаў у 2012 г. (кадры з відэа ў Твітары). Бачылі ласёў і на праспекце Ракасоўскага, і ў парку 50-годдзя Кастрычніка...
Гасцілі ў мінчан не толькі ласі, але і дзікі, лісіцы, нават ваўкі. Зімамі 1980-х гг. тэрыторыю Мінскай птушкафабрыкі імя Крупскай на некаторы час абралі месцам жыхарства зайцы-русакі.
Зараз цяжка сабе ўявіць, каб з боку дзіцячай чыгункі або Запарожскай плошчы шэрыя драпежнікі лёгка зайшлі на тэрыторыю Мінска. Але ўсяго 100 гадоў таму тут былі лясныя абшары, у гушчарах якіх вольна пачувалася дзікая беларуская фаўна (зацемка з газеты «Звязда» ад 20 ліпеня 1923 г.). Дарэчы, у тым жа годзе пацярпела ад ваўкоў і Сёмкава-Гарадзецкая воласць
Усяго 200 гадоў таму вандроўнікі ў сваіх травелогах пакідалі ўсхваляваныя запісы, што ўсяго ў некалькіх мілях ад горада, па дарозе праз Уручча на паштовую станцыю Юхнаўка (вёска існуе і зараз), па Барысаўскім тракце, у мясцовых гушчарах можна лёгка сустрэць мядзведзяў, ласых да лясных борцяў. Але цяпер мядзведзю да Мінска далёка: сёння ягонае бліжэйшае месца пражывання за сто кіламетраў ад сталіцы, у Налібоцкай пушчы.
Мядзведзі на мінскіх вуліцах калі і з’яўляюцца — дык цяпер толькі збегшы з няволі. Зацемка з газеты «Рабочий» ад 18 снежня 1927 г.
Падчас размнажэнняў таксама ідзе рассяленне жывёл — на Мінскай кальцавой дарозе ёсць некалькі месцаў, дзе ў восеньскі перыяд праходзіць міграцыя маладых асобін.
Чытайце яшчэ: «Бедствы егіпецкія» горада Мінска: Пажары ад нараджэння
У той жа час населеныя пункты разрастаюцца, захопліваюць тэрыторыі, якія раней былі месцамі пасялення розных відаў жывёл. Пры гэтым застаюцца зялёныя ўчасткі ў горадзе, дзе асобныя жывёлы адчуваюць сябе ў бяспецы: могуць знайсці сховішча ад драпежнікаў і не стаць здабычай.
У 2019 г. усе сталічныя тэлеграм-каналы абляцела навіна, што на праспекце Любімава гуляе сямейка кабаноў. Здымак — кадр з дасланага відэа
Улічваючы сучасныя тэндэнцыі, звязаныя са зменай клімату, адзначаюць з’яўленне новых відаў дзікіх жывёл на тэрыторыі Мінска і наваколля. Гэта характэрна для птушак, адзін з прыкладаў — дзікі голуб вяхір. Буйная птушка з белай плямай на шыі, яна амаль у два разы большая за гарадскога голуба. Вяхір у Мінску з’явіўся літаральна пару гадоў таму, зараз іх становіцца ўсё больш і больш — напрыклад, у Севастопальскім парку яны пачуваюць сябе вольна. Сёння ў лесапарках і прыродаахоўчых зонах Мінска ўважлівы назіральнік можа сустрэць гарнастая, выдру, амерыканскую норку, андатру, бабра, каменную куніцу.
Ян Хрызастом Пасек (1636–1701) польскі шляхціч з Мазовіі, мемуарыст, падчас свайго падарожжа па ВКЛ завітаў у 1660 г. у Мінск, дзе на той час рыхтаваліся да міру з Масковіяй. Неадлучным кампаньёнам шляхціца была ягоная выдра па мянушцы Робак — нібы сапраўдны сабака, яна ахоўвала сон гаспадара і нават лавіла яму рыбу. Кароль і вялікі князь Ян Сабескі настолькі захапіўся адданасцю жывёлы, што пажадаў яе мець пры двары, але лёс выдры пры новым гаспадары склаўся нешчасліва — яна была выпадкова забіта. Графіка паводле малюнка Антонія Залескага з твора Ежы Ласкарыса «Авантуры Яна Хрызастома Пасека паводле яго дзённікаў», Варшава, 1882.
Больш стала ў горадзе і насякомых, адзначаюць біёлагі. Некаторыя шкоднікі часцей уплываюць на зялёны масіў горада, чым уяўляюць небяспеку для чалавека: напрыклад, каштанавыя, ліпавыя мінёры, якія раней не выжывалі з-за розніцы тэмператур. А вось багамолы, якія ўсё часцей сталі мільгаць у сацсетках, былі зафіксаваны ў Беларусі яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя.
Што трэба асобна адзначыць — прыродаахоўчыя законы на нашых землях былі распрацаваны яшчэ за Статутамі ВКЛ. Так, у трэцім Статуце 1588 г. пытанням аховы прыроды і экалогіі прысвечана 14 раздзелаў: пад ахову траплялі пушчанскія зверы і бабровыя гоны, птушыныя гнёзды і пчаліныя борці.
«Травень», дрэварыт Аляксандра Тарасевіча да серыі «Пары года» (1678). Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Ужо ў эпоху Асветы (XVIII ст.) адукаваныя колы грамадства ўсё часцей пачыналі разглядаць (і прымушалі да гэтага астатніх) жывёл як разумных істотаў, вартых гуманнага з імі абыходжання: не толькі сярод заходнееўрапейскай манархіі, але і ў Рэчы Паспалітай пашыралася «мода» (спачатку пры апошніх Вазах, а потым і «за Сасамі») на шалёнае вынішчальнае паляванне, часам у спецыяльна створаных для гэтага парках-звярынцах, калі за раз забівалі сотні асобін буйной жывёлы. Да таго ж часу ўжываліся розныя нялюдскія спосабы здабыцця звера або забоя гаспадарчай скаціны. Дарэчы, толькі апошні манарх, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, паказаў сябе чужым да шалёных крывавых забавак, за што Караль Радзівіл «пане Каханку» назваў яго «бабай». Толькі з ХІХ стагоддзя пытанні існавання жывёл у гарадскім асяроддзі пачалі вырашацца на мясцовым узроўні.
Прадвеснікі эпідэмій
«21 сакавіка 1656 г. напусціў пан бог у розных месцах Мінскага ваяводства і ў маім доме страшэнную веліч палявых мышэй, якія спачатку на полі, а потым у пунях, свіранах і на азяродах страшэнна псавалі збожжа, з прычыны чаго зараз жа пасля такога нашэсця мышэй наступіў вялікі голад, які працягваўся аж да жніва ў 1657 г. Галодныя людзі елі катоў, сабак і ўсякую здыхляціну, а пад канец рэзалі людзей і елі іх целы, не давалі нават чалавечым трупам адляжацца ў грабах. Усяго гэтага я сам, нязначны чалавек, нагледзеўся ўласнымі вачыма», — так узгадвае ў сваіх успамінах цяжкі час маскоўскай навалы наваградскі падчашы, мемуарыст Ян Цадроўскі (1617–1682) са Случчыны, які меў вялікі аўтарытэт ад шляхты Менскага павета і ваяводства. Мышы і пацукі — пераносчыкі некалькіх відаў паразітаў, небяспечных для чалавека, а галоўнае, — носьбіты шэрагу смяротных інфекцый і вірусаў.
Ідылічны жнівеньскі пейзаж Аляксандра Тарасевіча з серыі «Пары года», 1678 г. (левы малюнак) у тыя часы часта змяняўся амаль апакаліптычнымі шэра-хвастатымі вобразамі кшталту нямецкай легенды аб «Мышынай вежы» ў Бінгене-на-Рэйне (дрэварыт справа), не кажучы аб яшчэ больш змрочным паданні пра Гамельнскага Дудачніка — увасабленне тыповых жахаў тагачасных гарадоў і вёсак Еўропы
Феадальны горад рэнесансавай планіроўкі, якім і быў вялікалітоўскі Менск, уяўляў сабою кампактнае паселішча, часта круглай або эліпсападобнай формы, абкружанае з усіх бакоў палямі, выганамі, сенажацямі — спакуслівымі тэрыторыямі з лёгказдабывальнай ежай як для дзікіх жывёл, так і для жывёл-спадарожнікаў гарадоў. У многіх гарадскіх паселішчах ВКЛ (і Менск тут не выключэнне) да 60-70% месцічаў, а то і больш, апрацоўвалі зямлю і жылі менавіта з яе. Патрава жывёламі ўраджаю або неўраджайны год ставілі пад пагрозу жыццё людзей у навакольных паселішчах. На жаль, мы не маем гарадскога летапісу (або ён да нас не дайшоў), а таксама ў дастатковым аб’ёме — актавых кніг мінскага магістрата, павета або ваяводства, каб прасачыць усе бедствы, што абрыналіся на горад за вялікалітоўскім часам.
Ян Лёйкен (Нідэрланды). Пошасць ад саранчы. 1700 (крыніца: Wikimedia)
«Вякамі нябачаная і — каб ніколі яна не паўтарылася — вынесеная з арабскіх краін імпэтам гвалтоўных вятроў саранча дабралася аж да Літвы, дзе ўчыніла жыхарам нязмерныя шкоды на палях, у збожжы. Мноства яе было такое жахлівае, што, узняўшыся з зямлі ў паветра, яна зацямняла яснасць сонца, а дзе толькі пала, каб здабываць харч, займала чвэрць мілі і так выядала збожжа, што і саломы не пакідала. Існавала яна ў Літоўскім краі аж да Каляд, потым снягі і моцныя марозы яе выгубілі», — так апісвае «ксёндз з дамініканаў Літоўскай правінцыі» Войцех Багінскі (1747–1784) нашэсце крылатай бяды ў 1748 г. Улічваючы, што стаі саранчы маглі цягнуцца на плошчы да 1000 кв. км і мець агульную вагу да 2–3 тыс. т, не абмінулі яны, верагодна, і абшары Міншчыны...
З зацемкі ў газеце «Звязда» ад 24 чэрвеня 1923 г. можна пераканацца, што шэра-хвастатая праблема горада ад часоў Цадроўскага ўсё яшчэ заставалася бядой горада
У межах самога горада небяспеку гараджанам тым часам неслі здохлыя гаспадарчыя і бадзяжныя, непрыбраныя, жывёлы — і гэтая праблема была зусім не бядой адно феадальнага горада — не вырашалася (або вырашалася толькі часткова) яна і за імперскім, і за савецкім часам.
Зацемка з газеты «Савецкая Беларусь» ад 19 чэрвеня 1926 г. аб стане ўтылізацыі здохлай жывёлы ў Мінску
Яшчэ адной праблемай заставаўся забой гаспадарчай скаціны і яе пахаванне. З 1890 г. забаранялася рабіць забой буйной жывёлы на прыватным падворку. Коз, кароў, свіней і авечак неабходна было адпраўляць на гарадскую бойню. Буйная скатабойня, пабудаваная на Ігуменскім тракце, за чыгуначнай лініяй (скрыжаванне сучасных вуліц Аранскай і Маякоўскага), у 1891 г. нарэшце перайшла ў рукі горада, муніцыпальныя ўлады ператварыліся на манапаліста, а кошты на свініну і ялавічыну адразу падскочылі — праз высокую плату за санітарны дагляд. Такса на забой была такая: буйную рагатую жывёлу — ад 75 капеек да 1 рубля, 50 капеек — за свінню, 20 капеек — за забой цялят, коз, бараноў, 5 капеек — за парасят і казлянят, апошніх дазвалялася забіваць і на прыватным падворку.
Месцазнаходжанне старой скатабойні (на паўднёвы захад ад Пярэспы) на мапе 1853 года (крыніца: Wikimedia)
Мінская бойня прыносіла нядрэнныя прыбыткі: у 1909 г ад яе было атрымана 50 тысяч рублёў чыстага прыбытку, што адпавядала 59% агульнага капіталу, затрачанага на пабудову гэтага прадпрыемства. А вось наконт скатамогільнікаў па Мінску і ягоных прадмесцях, то частка з іх у 1930-х гг. стала месцамі пахавання расстраляных НКВД людзей — адным з такіх месцаў, па паказаннях сведак, мог быць скатамогільнік ля саўгаса Цівалі.
Гіцаль — гарадскі кат для жывёл
Так, для знішчэння бадзяжных жывёл у старасвецкім Мінску мелася асобная прафесія гіцаля (гіцлі, гіцэль). Назва паходзіць, магчыма, ад нямецкага слова hetzen — «цкаваць». Гэты непапулярны ў народзе і пагардлівы занятак тым не менш лічыцца адной са старэйшых гарадскіх прафесій, узыходзячых яшчэ да магдэбургскіх часоў. Гарадскі кат, якому падначальваўся гіцаль (а ў буйных гарадах — нават цэлыя гільдыі гіцляў) быў часткай сістэмы гарадскога самакіравання.
Фурманка местачковага гіцля (Edward Dwurnik, 1973; крыніца: sztuka.agraart.pl)
Прафесія ката, таксама досыць спецыфічная, дазваляла атрымліваць плату грашыма, а таксама — мець адзенне і абутак; гэтак жа, толькі ў меншых памерах, мелі і гіцлі. Асноўным узбраеннем жывадзёра быў кій са спецыяльнай пятлёй-зашмаргай і мачуга (дубіна, абабітая жалезам або з жалезнымі шыпамі). Гіцаль мог насіць з сабою атручанае мяса, вялікі нож і іншыя рэчы, неабходныя для забойства бадзяжнай жывёлы. З пашырэннем мылаварнай і скураной прамысловасці гіцлі займелі стабільны падзаробак, здаваўшы скуру і трупы не толькі знішчанай, але і здохлай жывёлы на перапрацоўку.
«Снежань», дрэварыт Аляксандра Тарасевіча з серыі «Пары года», 1678. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
У хуткім часе здзірцы пачалі злоўжываць сваімі функцыямі, пачаўшы лавіць хатнюю жывёлу, не зважаючы на аброжак, часам настолькі дзёрзка, што ледзь не выхоплівалі балонак з рук гарадскіх дамачак і не зрэзалі з ланцужкоў сэтэраў у паважных спадароў. Асобныя з прадстаўнікоў жывёлазгубнай прафесіі не грэбавалі дробным злачынствам і махлярствам — адсюль з’явілася народная традыцыя прымавак, дзе слова «гіцаль» стаіць сінонімам ашуканца, жоха, зуха, абдзіралы і інш.
Гіцаль за працай. Малюнак брэсцкага мастака Уладзіміра Губенка да ўласных успамінаў аб міжвенным перыядзе (крыніца: virtualbrest.ru)
Аднак, нягледзячы на ўвесь свой адмоўны вобраз, гіцлі часам выконвалі важную справу, знішчаючы агрэсіўных бадзяжных жывёлаў — імаверных носьбітаў небяспечных хвароб і інфекцый. Што, праўда, даволі спецыфічнымі спосабамі, у адпаведнасці з тагачасным поглядамі на вырашэнні падобных праблемаў. Так, «зорным часам» мінскіх гіцляў стаў 1886 г., калі колькасць бадзяжных сабак у горадзе наблізілася да такога крытычнага стану, што паважаныя гараджане баяліся выходзіць з дому без кіёчка, каб не быць заатакаванымі агрэсіўнымі жывёламі.
Парушэнне правілаў знішчэння бадзяжных сабак строга каралася: у першы раз — вымоваю, у другі — грашовым штрафам у памеры, вызначаным паліцмайстрам, а ў трэці раз — звальненнем са службы. Толькі гаспадар мог запрасіць гіцэля да сябе на двор і прасачыць за атручэннем свайго сабакі. Гэтае правіла было ўведзена пасля шматлікіх разглядаў, калі сабакаловаў выкарыстоўвалі ў карыслівых мэтах дворнікі і кватэранаймальнікі.
Згодна з «Инструкцией для уничтожения отравой бродячих собак в городе Минске» быў наняты атрутнік, які павінен быў разам з гарадавым абыходзіць вуліцы і плошчы, дзе былі заўважаны сабакі, і падкідваць атручанае мяса. Кідаць патраву (выкарыстоўваўся стрыхнін) у любым месцы горада, а тым больш — за плот, на тэрыторыю прыватнага ўладання, забаранялася. Аднак сабакі аказаліся не дурнымі і хутка перасталі выходзіць на прынады, а гарадское грамадства тым часам актыўна абуралася метадамі зніштажэння. Гарадскія ўлады перайшлі да больш гуманных метадаў — арганізавалі групу гіцляў-сабакаловаў, якія адвозілі жывёл у прытулак. У канцы ХІХ ст. у Мінску быў упершыню ўведзены гадавы «сабачы падатак» — збор для гаспадароў сабак.
Двухсэнсоўнае стаўленне да кашэчых доўгі час панавала ў думках грамадства, асабліва ў найменш яго адукаванай частцы. Так, мінскія «шарыкавы» на грушаўскіх складах, як распавядаецца ў фельетоне газеты «Рабочий» ад 21 снежня 1921 г., учынілі сапраўднае паляванне на котак, якія насамрэч ахоўвалі тавары ад пацукоў і мышэй — мэтай было атрымаць 75 капеек за скурку беднай жывёлы ў канторы «ГосТоргБела».
Катоў у гарадской культуры, у адрозненне ад вясковай, даволі працяглы час не любілі. Прычыны на тое былі розныя, але збольшага неаб’ектыўныя. Пры тым, што, як паказваюць археалагічныя знаходкі, прадстаўнікі кашэчага сямейства здаўна сяліліся ля чалавечых паселішчаў, прынамсі, на нашай тэрыторыі — ад жалезнага веку. У часы Сярэднявечча (дый нават позняга Рэнесансу) іх залічвалі да вядзьмарскіх істотаў і імкнуліся знішчыць. Як вынік — горад непазбежна атакоўвалі мышы і пацукі, пачынаўся распаўсюд эпідэмічных захворванняў. Што праўда, у праваслаўных краінах Еўропы кот з’явіўся адзінай жывёлай, які мог наведваць храм (апроч алтарнай часткі). Ад часоў Асветы стала зразумела, што такія жывёлы-спадарожнікі гарадоў прыносяць больш карысці, чым бяды.
Гаспадарчая жывёла як частка гарадской інфраструктуры
Гарадскія выганы для ската вядомы з апісанняў вандроўнікаў XVIII–XIX стст. (а з актавых матэрыялаў — і яшчэ раней), прычым іншаземцаў досыць уразілі вялікія затравянелыя пляцы поруч з драўлянай квартальнай забудовай. Што ваяводскі, што губернскі Мінск — гэта была пераважна прыватная аднапавярховая забудова, у большасці домаўладанняў была свая гаспадарка — трымалі свіней, кароў, авечак, птушку.
«Лістапад», дрэварыт Аляксандра Тарасевіча з серыі «Пары года», 1678 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Урбанізацыя на нашых землях праходзіла ў вельмі спецыфічных умовах, незразумелых для расійскіх каланізатараў: аснову гарадскога жыцця ВКЛ складалі мястэчкі, большасць з якіх узнікла на месцы старажытных гандлёвых цэнтраў, або вакол месцаў сезонных кірмашоў, або на вузлавых кропках галоўных транспартных шляхоў «паміж Варшавай і Масквой». Гарады-«месты», хаця і буйнейшыя па плошчы, утвараліся такім жа механізмам, наўкол шчыльна аточаныя селішчамі, хутарамі, фальваркамі і сядзібамі — асновай мясцовай эканомікі. Фактычна, да правядзення праз Мінск чыгуначнай лініі такія традыцыі захоўваліся амаль непарушнымі.
«Красавік», дрэварыт Аляксандра Тарасевіча з серыі «Пары года», 1678 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Усё змянілася ў апошняй чвэрці ХІХ ст.: у 1890 г. Мінская гарадская дума прыняла шэраг абавязковых пастаноў, сярод якіх былі рэгламенты па абыходжанні з хатнімі жывёламі. У горадзе прыдатных для выпасу ўчасткаў не было, таму ўсіх рагуль пастухі штодня выводзілі на Гарадскі або Камароўскі выган. Законам было прадугледжана, што жывёлы, якіх вядуць туды, не бездаглядныя. Так што гарадавыя, паліцыя і дворнікі ў ранішнія і вячэрнія гадзіны прагону нават дапамагалі пастухам вярнуць адбітую ад статка карову.
Юзаф Пешка (1767–1831). Лошыца (Прушынскіх). Акварэль, каля 1800 г. Аддзел мастацтваў бібліятэкі імя В. Стэфаніка НАН Украіны (крыніца: Wikimedia)
Месцічы абавязаны былі паведамляць паліцыі ці пажарнікам пра безнаглядную хатнюю скаціну на вуліцах. Калі не ўдавалася высветліць, з якога двара жывёла ўцякла, то яе арыштоўвалі і прыводзілі на тэрыторыю пажарнай часткі на рагу Гандлёвай вуліцы і Манастырскага завулка (цяпер вуліцы Зыбіцкая і Кірыла і Мяфодзія). Там быў загон для жывёл, дзе яны чакалі з’яўлення нядбайнага гаспадара. Такса за ўтрыманне каня або каровы была 50 капеек/суткі плюс 20 капеек за пракорм. За дзень знаходжання тут свінні, казы ці авечкі даводзілася выкласці 30 капеек за ўтрыманне і 20 — за корм. Калі ж на працягу трох дзён законны ўладальнік не з’яўляўся, то жывёлу прадавалі з публічнага аўкцыёну.
Юзаф Пешка (1767–1831). Валокі Полацкія (раён суч. вул. Інтэрнацыянальная). Акварэль, каля 1800 г. Аддзел мастацтваў бібліятэкі імя В. Стэфаніка НАН Украіны (крыніца: Wikimedia)
Грошы ад продажу безгаспадарнай скаціны, за выняткам аплаты пажарнаму двару «за зберажэнне і пракорм», паступалі ў гарадскую казну на захаванне. Іх вярталі гаспадару прададзенай жывёліны. Гэтым правілам часта карысталіся самыя бедныя гараджане, якія не мелі свабодных сродкаў на выкуп затрыманай жывёлы.
Выключную ролю ў гарадскім жыцці адыгрываў, безумоўна, конь — гэтая жывёла заставалася галоўным «рухавіком» як прыватнага, так і гарадскога транспарту, а ўведзеная ў 1890 г. гарадская конка яшчэ некаторы час (да 1928 г.) выкарыстоўвалася побач з трамваем.
Трагікамічная сітуацыя з конскім транспартам, як паведамляе «Минский листок», адбылася ў 1902 г., калі змарнаваная фурманам кляча адарвалася ад конкі і ўляцела ў вітрыну рэстарана Фрыца на рагу Захар’еўскай і Губернатарскай. Жывёлу заўважна пасекла пабітым шклом, а кучар, як вынікае з тэксту, атрымаў толькі папярэджанне так больш не гнаць на паваротах... (крыніца фота: Wikimedia)
Эксплуатацыя конскай сілы часам прымала жорсткія формы: бывала, знясіленую жывёлу, якая ўпала на брук пад цяжарам груза або ад стомленасці, фурман лупцаваў пугай так, што гэтага відовішча не вытрымлівала нават сэрца гарадавога ці паліцмайстра. На сыходзе ХІХ ст. фурманаў і ўладальнікаў цяглай жывёлы ўсё часцей сталі штрафаваць за жорсткае абыходжанне з канём.
Дзіўныя жывёлы-кампаньёны мінчукоў
Якіх экзатычных жывёл трымалі ў сябе мінчукі? Заходнееўрапейская познерэнесансавая традыцыя ўтрымання звярынцаў хутка перайшла ад вялікалітоўскіх манархаў (так, Жыгімонт ІІ Аўгуст трымаў у Вільні ільвоў, мядзведзяў, папугаяў, малпаў) да забавак магнатэрыі (Мікалай Радзівіл Сіротка прывёз з падарожжа 1582–1584 гг. у Святую Зямлю леапардаў, малпаў, «марскіх катоў» (сурыкатаў?), «казярога» і віверну), а далей распаўсюдзілася і на іншыя больш-менш заможныя станы Вялікага Княства Літоўскага. Сярод нязвыклых хатніх гадаванцаў сустракаюцца не толькі дробныя пароды сабак ці «папужкі», але, напрыклад, жабы і кажаны.
Фрагмент палатна Юлія Клевера (1850–1924) «Беларускі пейзаж. Маёнтак Драчалукі» (1901) (крыніца: Wikimedia)
У актавых кнігах Мінска канца XVI ст., як адзначае гісторык Алесь Белы, захавалася скарга на Пятра Ляскаўніцкага, слугу ўладальніка Івянца Мікалая Салагуба, які застрэліў ручных журавоў уладальніка маёнтка Кіяўца Давіда Есьмана. І каб гэта быў адзіны выпадак! Міхал Крыспін Паўлікоўскі (1893–1972) з Міншчыны, польскамоўны празаік, журналіст і мемуарыст, у сваіх успамінах пра часы Першай сусветнай вайны і польска-савецкай барацьбы за Мінск узгадваў, што на Архірэйскім падвор’і жыў ручны жораў, якога, праўда, кепска ўтрымлівалі: ён часта выбягаў на вуліцу, палохаў мінакоў і імкнуўся ім пацэліць дзюбай у твар і вочы.
Хаця на двары ХХІ стагоддзе, і мы і горад усё яшчэ расцем і ўдасканальваемся — менавіта ў кірунку правільных і прадукцыйных узаемаадносінаў з прыродай, навакольным жывёльным светам. Прыемна, што сённяшнія межы горада — гэта не толькі асфальт і плітка, але і лесапаркі, скверы, бульвары. Пашыраецца тэндэнцыя па стварэнні экасцяжын, месцаў назірання за птушкамі, на правядзенне экаэкскурсій, на валанцёрскія хаўрусы па прыборцы смецця ў рэкрэацыйных зонах. Пашыраюцца і абмежаванні на ўтрыманне дзікіх і экзатычных жывёл у хатніх умовах. Застаецца спадзявацца, што для розных жывёл у горадзе вольнае месца ўсё ж ёсць.
Змітро Пілецкі, budzma.org