«У свеце, дзе колькасць лічбавых камераў перавышае колькасць насельніцтва (а з улікам тэлефонаў перавышае ў два разы), вызначаць сябе як фатографа робіцца неверагодна складанай задачай», — так распачынаецца рэліз да выставы фотаздымкаў Ігара Ганжы мастацтвазнаўцы Наталлі Золатавай. Наталля і Ігар — у некаторым сэнсе суаўтары выставы. З некалькіх тысяч кадраў, зробленых фатографам, куратару неабходна было адабраць 28, якія склалі цэльную і запамінальную экспазіцыю.
Валянцін Акудовіч, фота – Ігара Ганжы
Арганізатарам і прадусарам праекту з’яўляецца арт-дырэктар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава. У праекце ўзялі ўдзел В.Акудовіч, С.Бень, А.Васільеў, Р.Вашкевіч, А.Глобус, М.Гулін, Т.Заміроўская, Н.Зелянкова, В.Кісялёва, А.Клінаў, Я.Калмыкаў, Н.Каляда, А.Кудзіенка, А.Лянкевіч, І.Логвінаў, С.Міхалок, У.Парфянок, С.Сакалоў, А.Церахаў, М.Халезін, У.Цеслер, І.Чарапко-Самахвалаў, Г.Чыстасердава, Ф.Чмыр, С.Шабохін, А.Шавялевіч, М.Шукюрава (Руся), Ул. Шчэрбань.
Гэты вопыт творчага кантакту мінчукоў з масквічамі — працяг, а не пачатак культурнага ўзаемаабмену сучасных Расіі і Беларусі, якія, паводле меркавання Ігара, «размаўляюць на адной мове».
Сяргей Міхалок, фота – Ігара Ганжы
Праект «Жывыя людзі» — далёка не тое ж самае, што літаратурная серыя ЖЗЛ. Асабісты падыход аўтара да мадэлі як асобы, а не як да дзеяча, зрабіўся падставай для эмацыйнай крытыкі ў адрас фатографа і яго твораў з боку адной з удзельніц прэс-канферэнцыі. Дыялог узнік на глебе пытання пазнавальнасці нашых зорак і таго, наколькі іх партрэты раскрываюць род іх дзейнасці.
А. Лянкевіч, С. Стэльмашонак, Адам Глобус
Фотамастак патлумачыў сваё разуменне панятку «жывыя людзі». Для яго жывыя — гэта тыя, хто «робіць жыццё вакол сябе». Яны моцна адрозніваюцца ад тых «трупікаў», якія глядзяць на нас з экранаў і бігбордаў.
Дык што для беларусаў важнейшае — сцэнічны вобраз творчага чалавека ці тое прыватнае, асабістае эмацыйнае жыццё, якое праходзіць без рэкламнага антуражу? Ці адрозніваецца нашая выяўленчая мова ад мовы нашых суседзяў? І, нарэшце, у чым заключаецца розначытанне вобразнасці і асабовасці ў партрэце чалавека культуры, запрашаем разабрацца самастойна.
на першым фота – Ігар Ганжа, расійскі фатограф, рэкламіст, сябра клуба «Сноб», аўтар ідэі праекту «Жывыя людзі» і Ганна Чыстасердава.