Як часта перад Новым годам мы даем сабе абяцанні палепшыць сваё жыццё: набыць карысныя звычкі, пазбавіцца ад шкодных, засвоіць новыя веды і падвысіць свой прафесійны ўзровень, наладзіць стасункі з блізкімі ці завесці новыя, зрабіць рамонт і г. д.
Але вось ужо на падыходзе трэці панядзелак студзеня, і амаль усё застаецца, як было. Каб сапраўды запусціць трансфармацыйныя працэсы, варта выйсці за межы звыклага, зазірнуць «па той бок люстэрка». Адным з метадаў такога выхаду з’яўляюцца разнастайныя марафоны: паслядоўнае штодзённае выкананне спецыяльным чынам падабраных заданняў пэўны час: ад 3-х дзён.
Хутчэй за ўсё, з гэтым метадам вы ўжо сутыкаліся і ведаеце яго асноўныя правілы: абавязкова выконваць усе заданні штодня (калі нешта не выканана, лепш пачаць зноў); выконваць на 100% СВАІХ магчымасцяў (не трэба параўноўваць свае вынікі, высілкі з іншымі — прапрацоўвайце кожнае заданне максімальна, улічваючы свае рэсурсы (час, энергію, сілы і г. д.). Ставіцца да заданняў лепш, як да цікавай гульні, не надзяляючы іх звышсур’ёзнасцю, а сябе — павышэннем трывожнасці.
Мы прапануем вам тыднёвы марафон «Цуды на Каляды» для абнаўлення свайго жыцця, прыцягнення ў яго новага-лепшага і сапраўдных калядных цудаў!
Уважліва прачытайце заданні і абярыце снежаньскі тыдзень на іх выкананне. Пачынаць можна ў любы зручны для вас дзень тыдня. Настройцеся на добрасумленнае выкананне заданняў і цікавае баўленне часу. І будзьце гатовыя адкрыць сваё сэрца Калядным цудам.
Дзень 1-шы ПРАБАЧЭННЕ СЯБЕ
Малюнак Андруся Такінданга
Каб пусціць у сваё жыццё нешта новае, трэба «расчысціць» для яго месца. І пачнем мы з таго, што прабачым самога сябе. Зазірніце ў сябе і прыгадайце сітуацыі, калі вы злаваліся на сябе. Магчыма, вас не задавальняюць рысы характару альбо асаблівасці вашага цела. Магчыма, вы кагосьці пакрыўдзілі і не можаце сабе гэтага прабачыць.
«Збіраем» усё, ад чаго вам дыскамфортна, што замінае рухацца наперад, што атручвае смак жыцця.
Выпісваем на паперу свае «касякі», за якія вы сябе не можаце прабачыць. Уважліва перачытваем. Заплюшчваем вочы, глыбока і спакойна дыхаем, адчуваючы ўсё сваё цела.
Пра сябе альбо ўголас прагаворваем прыкладна такія словы: «Нягледзячы на... (апісваем свой «касяк»), я глыбока люблю і цалкам прымаю сябе! Я прабачаю сябе за... Я жывы чалавек і маю права на памылкі».
Калі адчуеце лёгкасць (магчыма, адчуванне цяпла, спакою, пяшчоты, паколвання), расплюшчвайце вочы. Паперку з выпісанымі «касякамі» падпаліць і назіраць, як усе яны згараюць.
Дзень 2-гі ПРАБАЧЭННЕ КРЫЎДЗІЦЕЛЯ
Малюнак Андруся Такінданга
Працягваем расчышчаць сваю жыццёвую прастору. І ў другі дзень марафона пазбавімся ад крыўд.
Вылучыце 30-60 хвілін вольнага часу на практыку. Узгадайце сітуацыю/чалавека (людзей), на якіх вы моцна крыўдуеце. Падыміце ў сабе ўсе адпаведныя эмоцыі. Прычым не тыя, якія вы «мусіце» адчуваць на думку грамадства, а тыя, якія сапраўды адчуваеце. Прыслухайцеся да сябе і напішыце ліст свайму «крыўдзіцелю» (крыўдзіцелям). Тут важна пісаць не электронны ліст, а на паперы.
Пішыце ўсё, што прыходзіць да галавы, без аніякай цэнзуры. Даставайце ўсю горыч, увесь боль, усю злосць з сябе і выплёсквайце іх на паперу.
Калі адчуеце, што цалкам спустошаны, што ўсе эмоцыі, датычныя гэтай сітуацыі (чалавека) пакінулі вас, завяршыце свой ліст такімі словамі:
«Я прымаю той досвед, які атрымаў (атрымала) падчас... І я шчыра прабачаю цябе (вас)». Гэтыя словы варта выдзеліць колерам ці больш буйным шрыфтом, каб яны адразу кідаліся ў вочы. Па дыяганалі прачытайце свой ліст і гучна паўтарыце апошнія словы. Пражывіце іх, адчуйце і ўсвядомце, што сапраўды адпусцілі сваю крыўду.
У ідэале — варта сустрэцца з чалавекам, на якога вы крыўдавалі і сказаць, што вы шчыра прабачаеце. Але, калі гэта не магчыма, звярніцеся да свайго «крыўдзіцеля» ў думках: пастаўце яго побач з сабой, скажыце, што прабачылі, абдыміце і адпусціце разам з крыўдай.
Улічыце, што адпусціць крыўду і прабачыць чалавека не азначае, што вы мусіце ўзнаўляць (наладжваць) з ім цесныя кантакты, калі вам/яму гэтага не хочацца.
Дзень 3-ці ВЫЗВАЛЕННЕ ПРАСТОРЫ
Малюнак Андруся Такінданга
З ментальнай прасторай разабраліся. Самы час прыбраць сваё фізічнае атачэнне. У залежнасці ад вашых магчымасцяў на сённяшні дзень, прыбярыцеся ці цалкам у вашым жытле, ці хаця б разбярыце невялічкі куток (працоўны стол, шафу з адзеннем, паліцы з кнігамі і г. д.)
Прыборку варта рабіць не механічна, а з задавальненнем — усведамляючы і адчуваючы, што вы вызваляеце ў сваім жыцці месца для новага-лепшага.
Вельмі дарэчы будзе выкінуць старое, вынесці смецце. Раздаць непатрэбныя вам рэчы.
Напрыканцы практыкі прыміце душ/схадзіце ў лазню/паляжыце ў ваннай і ўзнагародзьце сябе чым-небудзь прыемным.
Дзень 4-ты ДЗЕНЬ НЯВЫКАНАНЫХ АБЯЦАНАК
Сёння зазірніце ў свае планы спраў. Складзіце спіс сваіх дасягненняў, узгадайце, што хацелі зрабіць за гэты год, ацаніце, на колькі адсоткаў гэта зроблена. Падумайце, што засталося важным, а што згубіла сваю актуальнасць. Варта сканцэнтравацца менавіта на дасягнутым.
Знайдзіце ў сваім спісе тое, што абяцалі (сабе ці камусьці) і дасюль не зрабілі. Ацаніце свае магчымасці і выканайце хаця б адну невялічкую абяцанку. Чым больш абяцанак зможаце выканаць (ці дэлегаваць камусьці), тым лепей. Галоўнае — выконваць з задавальненнем.
Калі ваш спіс абяцанак бясконцы, магчыма, вы занадта шмат бярэце на сябе. Малюнак Андруся Такінданга
Калі ваш спіс абяцанак бясконцы і нават брацца за яго не хочацца, падумайце, ці не занадта шмат вы бярэце на сябе — абяцаючы ўсё ўсім. Ці можаце вы сказаць «не» на просьбу іншага чалавека?
Дзень 5-ты ПЛАНАВАННЕ
5-ты дзень марафона прысвяцім марам і планам на будучы год. Заплануйце 30-60 хвілін на тое, каб засяродзіцца на тым, а што ж вы хочаце атрымаць ад жыцця, чаго дасягнуць у наступным годзе.
Вазьміце прыгожы нататнік / сшытак, рознакаляровыя алоўкі ці асадкі, уключыце прыемную музыку, можна запаліць свечы ці аромалямпу — карацей: стварыце для сябе чароўную атмасферу.
Адчуйце радасць ад працэсу планавання. Малюнак Андруся Такінданга
Вылучыце важныя для вас сферы жыцця (здароўе, стасункі з блізкімі, развіццё, кар’ера, бытавыя ўмовы і г. д.) і прапішыце, чаго вы хочаце ў кожнай з іх.
Важна: прапісвайце ў цяперашнім альбо мінулым, а не будучым часе. Напрыклад, не «я прачытаю 5 кніг па самаразвіцці», а «не менш за 5 кніг па самаразвіцці прачытана». Насупраць кожнага пункта можна пакінуць месца пад «галачку», каб адзначыць яго выкананне ў наступным годзе. Фармулюйце выразна — з лічбамі і дакладнымі вынікамі.
Афармляйце кожны запіс прыгожа — рознымі колерамі, прымалюйце што-небудзь прыемнае для вас. Пішыце ў радасным стане, гуляючыся.
Таксама важна не проста пералічваць свае мары, а пражываць іх. Калі пішаце чарговы пункт, пішыце так, быццам гэта не план на будучае, а ўжо здзейснены факт. Прыслухайцеся, што вы адчуваеце, як вам у рэальнасці, дзе гэты пункт ужо выкананы? Пакайфуйце ад гэтага. Злавіце стан радасці і натхнення.
Дзень 6-ты ЧАРАДЗЕЙСТВА
Сёння прымяраем ролю добрага чарадзея/чарадзейкі. Падрыхтуйце загадзя невялічкі падарунак (гэта можа быць звычайны яблык альбо штосьці, зробленае сваімі рукамі) — прыгожа запакуйце ці павяжыце стужку, прымацуйце мілую паштовачку з добрымі пажаданнямі.
Уручыце свой калядны падарунак незнаёмаму чалавеку: сумнаму мінаку альбо стомленай прадавачцы. Галоўнае — шчырасць і жаданне парадаваць незнаёмага чалавека. Бо, калі жадаеце, каб у вашым жыцці пачалі адбывацца сапраўдныя цуды, пачніце рабіць іх самі!
Падарунак незнаёмцу. Малюнак Андруся Такінданга
Заданне «з зорачкай»: акрамя падарунка для аднаго шчасліўца можна рабіць кампліменты незнаёмым людзям. Паспрабуйце знаходзіць у кожным чалавеку навокал штосьці адметнае і прыгожае. Чым больш падзякі і ўсмешак вы выклічаце сёння, тым больш цудаў будзе адбывацца ва ўсім свеце.
Увечары стварыце вакол сябе прыемную атмасферу і складзіце спіс калядных падарункаў для блізкіх і сяброў. І пачніце гэты спіс з сябе.
Дзень 7-мы ПАДАРУНАК
Сёння самая прыемная, але і самая важная практыка марафона — пастаўцеся да яе выканання вельмі сур’ёзна. Учора стваралі цуды для свету, а сёння — для сябе! Падумайце, пра што вы марылі ўжо даўно, але пастаянна адкладвалі, пераносілі, казалі сабе, што «не цяпер»? Сёння той дзень, калі МОЖНА.
Самае важная і прыемная частка марафона — падарунак для сябе. Ілюстрацыя: linkedin.com
І самае важнае — адчуць сапраўдны кайф і радасць ад свайго падарунка (нават калі гэта будзе проста паход у бліжэйшую кавярню альбо доўгі шпацыр па парку).
Запомніце гэты стан, пачынайце кожны дзень з яго, і цуды абавязкова з’явяцца ў вашым жыцці!
В. Л., budzma.org