Каб пачаць змагацца са злом, трэба ўсвядоміць яго ва ўласным розуме

«Менавіта большасць шараговых грамадзянаў, атруціўшы свае розумы, забівалі і забіваюць, нават седзячы ў фатэлях перад тэлевізарамі. Заплюшчваюць вочы на несправядлівасць, робяць выгляд, што нічога не адбываецца і хаваюцца за ўмоўнай няздольнасцю супрацьстаяць злу». Аглядальнік budzma.org Аляксей Гайдукевіч разважае пра прычыны і мадэлі распаўсюду зла і пра тое, як нам усім гэтаму супрацьстаяць.


324.jpg
Крыніца: newneuro.ru

Зло ёсць заўжды незнішчальным, бо, як вядома, на святле нават дабро само адкідае цень. Так, абсалютнага дабра не існуе. І ў кожным, нават самым светлым розуме заўжды ёсць хаця б каліва злога і цёмнага.

У той жа час зло можа быць відавочным, простым, невялікім, але і прымаць прыхаваныя формы, больш складаныя для разумення і маштабна-масавыя.

Галоўная розніца паміж дабром і злом палягае ў тым, што абавязковая наяўнасць злога ў кожным індывідзе альбо грамадстве (нават самым добрым) можа спрычыніцца да нябачнага ўмацавання зла і паступовага панавання над розумам (у тым ліку калектыўным). З дабром так працуе вельмі рэдка. Бо патрабуе больш складанага працэсу, чым падзенне ў твань зла і цемры.

Такім чынам, за дабро вядзецца сталая барацьба. І як толькі чалавек альбо супольнасць яе спыняе, незаўважна пачынае расці зло. Таму для грамадства смяротна небяспечным ёсць спыненне гэтай барацьбы. 

І спробы рабіць выгляд, што навокал нічога не адбываецца, хаваць сваё сумленне ад зла навокал за фармулёўкамі «я па-за палітыкаю» ці «я не магу паўплываць» — абавязкова прыводзяць да паступовага падпарадкавання злу.

Яно любіць аморфнае і бяздзейнае грамадства. 

Без мрояў, канфліктаў, апантанасці і зацятасці ў спрэчках і супярэчнасцей.

Небяспечным з’яўляецца тое, што ўмацаваўшыся ў розумах, зло ніколі не засяроджваецца на банальным. Яно імітуе банальнасць, звычайнасць, штодзённасць. Спрабуе схавацца за маскай дабра. І нават аспрэчваць яго каштоўнасць для чалавецтва.

Чытайце яшчэ: Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць ці лакальная самасвядомасць?

Мадэль распаўсюду зла

325.jpg

Крыніца: dzen.ru

Сутнасць мадэлі зла ў кожнай сатрапіі можна пазначыць тэрмінам уніфікацыя (аднароднасць). Калі падданыя маюць шчасце падпарадкоўвацца сатрапу, што прадстаўляецца як агульны дабрабыт. Дзякуючы гэтаму кожны мае шанц атрымаць ад свядомага пазбаўлення сябе волі, свабоды выбару — нейкі прыбытак (матэрыяльны альбо маральны).

Сатрапіі ў першую чаргу імкнуцца не толькі да падпарадкавання суседніх народаў (вонкавая экспансія), абавязковымі элементамі з’яўляюцца таксама ўнутранае рэгуляванне, рэпрэсіі. 

У сатрапіях дзейным ёсць толькі прымус, які адбываецца з маўклівай згоды натоўпу.

Бо толькі аморфным соцыумам падданых і магчыма кіраваць. Актывізм не патрэбны. Ініцыятыўныя супольнасці, канкурэнцыя і здатнасць розных груп грамадства дамаўляцца — галоўныя ворагі зла.

Што цікава, з часам такая сістэма немінуча трансфармуецца ў банальныя раскраданне бюджэтаў і карупцыйныя схемы. Нягледзячы на тое, што большасці народа гэтыя факты вядомыя, роля падпарадкаваных не дазваляе ім пярэчыць такому стану рэчаў. Таму што любы супраціў патрабуе спачатку самакрытычнай ацэнкі і ўсведамлення ролі зла ва ўласным розуме. На такую свядомасную працу здатныя толькі адзінкі.

Бо ў рэаліях «твані стабільнасці» нават унутранае аспрэчванне адзінага дабрабыту можа прывесці да страты ўмоўнага камфорту ў ментальнай клетцы, пабудаванай сатрапамі ў супрацоўніцтве з мяккай воляй кожнага індывіда.

Антыподам такой уніфікаванай вязніцы ёсць супольныя мадэлі для грамадстваў і народаў. Яны прадугледжваюць разнастайнасць — у веры, сацыяльных нормах, эканамічных сістэмах і г. д.

Аднароднасць толькі прымушае, прыдушвае, захоплівае розумы ў палон рэсэнтыменту, узалежнівае і робіць рабом.

А дзейная, жывая супольнасць вымагае сталага пошуку кансэнсусаў, дамоваў, нават у становішчах канфліктаў, свядомаснай разумовай працы вялікай часткі грамадства.

Чытайце яшчэ: Дысцыплінарнае грамадства супраць Рэспублікі

Але сакрэт палягае ў тым, што зло ўмее чакаць. І дэкларуючы імкненне да «абяцанай стабільнасці» і «мірнага ладу жыцця», аднародныя сатрапіі могуць адначасова ўсімі сваімі дзеяннямі супярэчыць гэтым паняткам. Ператвараць у свядомасці грамадства ўмоўны дабрабыт у выключна крыважэрныя дзеянні. Бо фармулёўка «дабрабыт» дзякуючы прапагандзе і гульням з бязвольнымі розумамі індывідаў па запатрабаванні сатрапа ў калектыўнай свядомасці можа быць зменена. 

І «стабільнасць» вокамгненна можа ператварыцца ў вайну і эканамічную катастрофу.

У супольных мадэлях з некалькімі «полюсамі ўплыву» і інстытутамі калектыўнай дамовы ўзгаданы працэс змены амаль неверагодны.

Хутчэй наадварот — грамадская думка, барацьба ў элітах могуць выклікаць супрацьлеглыя працэсы.

За прыклад такіх трансфармацыяў можна лічыць Брытанію. Зусім неадназначная і, шчыра кажучы, часам злачынная каланіяльная палітыка якой трансфармавалася з падпарадкавання паняволеных народаў на непахісны ўплыў. З адначасовым захаваннем разнастайнасці ў былых калоніях — рэлігійнай, этнічнай, культурнай, моўнай.

Такім чынам, брытанцы не толькі не страцілі, але і здолелі пашырыць свае культурныя (нават спартовыя) і ў выніку эканамічныя ўплывы амаль на ўвесь свет.

Зло ў кожным з нас

327.jpg
Крыніца: kartinkin.net

Брытанскі прыклад яскрава дэманструе, што толькі хаос, рэвалюцыі, войны (барацьба паняволеных народаў за незалежнасць ад Лондана) у стане абудзіць у розумах элітаў і грамадстваў думкі аб неабходнасці змяніць прымус і падпарадкаванне на спробы дамаўляцца і ствараць супольнае ўзаемадзеянне не толькі на ўзроўнях стасункаў на лініі метраполія — калоніі, але і ўласна ў краінах, сярод народаў, этнасаў, сацыяльных групаў.

Якое б не было зло, перамагчы яго выключна іншым злом у працяглай перспектыве немагчыма. Прымушаць паважаць толькі за кошт страху больш за некалькі дзесяцігоддзяў не атрымліваецца.

Вынікамі такой палітыкі могуць быць толькі чарговыя войны. Падзеі апошніх 100 год і сённяшняя вайна ў Еўропе даводзяць гэта. Мільёнамі жыццяў і рэкамі крыві, стратай цэлымі народамі ўласных ідэнтычнасцей.

Чытайце яшчэ: Мысленне пад атакай інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый 

Таксама неабходна ўсведамляць адмоўную, злую ролю не толькі «элітаў», але і шараговых грамадзянаў, якая наўпрост паўплывала на сённяшнія крывавыя падзеі.

Менавіта большасць шараговых грамадзянаў, атруціўшы свае розумы, забівалі і забіваюць, нават седзячы ў фатэлях перад тэлевізарамі. Заплюшчваюць вочы на несправядлівасць, робяць выгляд, што нічога не адбываецца, і хаваюцца за ўмоўнай няздольнасцю супрацьстаяць злу.

Войны, рэвалюцыі, паўстанні заўжды з’яўляюцца своеасаблівымі станамі пераходу, момантамі ісціны. Менавіта падчас такіх падзеяў ствараюцца ўмовы для ўтварэння-трансфармацыяў сацыяльных мадэляў, якія ў перспектыве супрацьпастаўляюць сябе злу.

Бо падчас войнаў няма трэцяга стану. Ёсць толькі «за» і «супраць». І пазіцыя асобных людзей, супольнасцей, народаў — становіцца відавочнай. А ўсе спробы прыхаваць яе адразу дэмаскуюць любую ранейшую хлусню ці «неадназначнасць».

Наша краіна, рэгіён Еўропы, свет зараз расплачваюцца за тое, што своечасова не назвалі рэчы сваімі імёнамі, не зірнулі шчыра ў вочы праўдзе. Уласна мы як прадстаўнікі чалавецтва дапусцілі зло, прыхаваўшы яго за эмацыйнымі адзнакамі, спадзеючыся, што нехта іншы, больш дасведчаны зробіць мысленчую працу ў нашых розумах і такім чынам размяжуе зло ад дабра. Мы радыкальна не адкінулі зло, не спрыялі дастаткова пашырэнню дабра, апраўдваючы сябе недастатковай кампетэнтнасцю, страхам пазбавіцца ўмоўнага камфорту, спробамі перакласці адказнасць на некага іншага.

Менавіта толькі такое ўсведамленне памылак і можа стаць першым крокам для кожнага чалавека, грамадства, нацыі на шляху да барацьбы са злом.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org