Напярэдадні канцэрта свайго WZ-orkiestra Зміцер Вайцюшкевіч даў надзвычай шчырае інтэрв’ю, у якім расказаў пра асаблівасці выступаў у мясцовых ДК і эвалюцыю сваёй асобы, прызнаўся, што сам піша белыя вершы і хоча зрабіць канцэрт-прысвячэнне Бернэсу і Уцёсаву.
ХЛОПЕЦ З БЯРОЗАЎСКАГА ДК
– Зміцер, а ці быў у вас досвед клубных канцэртаў? Нешта не згадваецца, каб WZ-orkiestra выступала ў такіх месцах.
– Быў такі досвед. Праўда, даўно, годзе ў 2004-м, у клубе “Гудвін”, які мы анансавалі менавіта як “вялікі клубны канцэрт”. Натуральна, былі выступы ў клубах у Швецыі, Польшчы ў самых розных фарматах. Але сапраўды так склалася, што ў мяне часцей сядзячыя канцэрты.
Канцэрт Вайцюшкевіча ў Парыжы, 2006 год
– А чаму так сталася?
– Проста так склалася. Я не пабаяўся гэтага фармату. Так зручней і прасцей. Мне была зразумелая сітуацыя – каньяк у антракце і ўсё такое. Таму канцэрты ладзіліся ў канцэртных залах і палацах культуры… Пры гэтым аніякага страху перад выступам у іншым фармаце, у тым жа клубным, у мяне няма. Клубны фармат не азначае, што трэба пускацца ў шалёныя скокі. У іншых краінах цалкам нармальная сітуацыя, калі людзі прыходзяць у клуб паслухаць такую музыку ў нефармальнай абстаноўцы, з півам ці без. Неабавязкова трэсціся і падаць на танцпляцы. Чэшскі спявак Ярамір Нагавіца, напрыклад, часта выступае ў клубным фармаце, прыкладаў у свеце хапае.
– У клубе ясна – атмасфера нязмушаная і нефармальная. А гэтыя халодныя мінскія канцэртныя залы з пафаснымі жырандолямі, драўлянай падлогай ды агульнай атмасферай саўка не скоўваюць вас як выканаўцу?
– Зусім не. Я ж хлопец з Бярозаўскага дома культуры. Больш за тое, хачу працягваць гэтую традыцыю і рабіць у такіх месцах адпаведныя канцэрты. З савецкімі песнямі. Канцэрт-прысвячэнне Марку Бэрнэсу і Леаніду Уцёсаву, напрыклад. Гэтым ніхто не займаецца, а ў мяне ёсць такія магчымасці і музыкі, якія па-свойму могуць перадаць нашае ўспрыманне такой творчасці. Без здзеку, вядома ж. Наогул, залаў у маім жыцці было вельмі шмат. У 1991 годзе я прадаваў цацкі для ялінкі на прыступках Палаца культуры і навукі ў Варшаве, а праз 10 гадоў я там ужо спяваў.
– Калі быў той момант, калі вы зразумелі, для якой канкрэтна публікі выступаеце?
– Заўжды жартаўліва называю сябе “беларускі артыст” і не падзяляю аўдыторыю на дзяўчынак і на “пані трошкі ў гадах”. Самая актыўная аўдыторыя, напэўна, –дзеці і жанчыны. Зразумеў гэта не адразу, мусіць, пасля выхаду “Цацачнай крамы”, хоць яна і рабілася метанакіравана для дзяцей. Звычайна на канцэрты ў Палац ветэранаў ці ў КЗ “Мінск” прыходзяць сем’ямі – людзі, якія звычайна не размаўляюць па-беларуску, але адчуваюць Беларусь, хоць моцна свае пачуцці не дэманструюць. А канцэрт – і менавіта канцэрт у зале – дае адчуванне бяспекі, знаёмай сітуацыі і месца. На жаль, толькі гэтыя забароны не спрыяюць павелічэнню аўдыторыі – ты толькі расправіў крылы і ўзлятаеш, а табе зверху дубінай па галаве. Пачаліся выступы на філарманічнай сцэне, у Палацы рэспублікі з “Песнярамі” выходзіў, але палёт перарваўся, засталася недасказанасць…
Канцэрт WZ-Orkiestra у адным з мінскіх ДК, 2010 год (фота – дк)
– Было расчараванне ў сувязі з немагчымасцю наладзіць нармальны палёт?
– Няма часу думаць пра расчараванне. Ты ляціш і трымаешся на вышыні, альбо ляціш, падаеш, уздымаешся і ляціш ізноў. Пакуль яшчэ ёсць сілы ўздымацца. І такая сітуацыя робіць цябе трошачкі мацнейшым.
ХІП-ХОП СТАРОГА ПЕРДУНА
– На пачатку сольнай кар’еры вы ўспрымаліся найперш як фольк-выканаўца, але хутка пазбавіліся ад гэтага цэтліка. Чаму?
– У пэўным сэнсе фольк-складнік застаецца і часам праяўляе сябе, як у дыску разам з “Чарамшынай”, запісаным і выдадзеным у Польшчы. Спадзяюся, калі-небудзь пакажам гэтую праграму ў Мінску. У той час, калі я развітаўся ўжо з “Крыві” і выдаў сольны дыск “Балады”, азірнуўся і зразумеў, што толькі лянотнік не займаецца фолькам. І гэтая дарога ўжо не для мяне. Дзякуючы фольку я зразумеў і адчуў беларускае слова, але калі прыйшоў да асэнсавання аўтарскай паэзіі, то значна пашырыў сваё ўспрыманне, адбылася такая мая ўнутраная эвалюцыя як асобы. І ў гэтай жа сувязі я пачаў фальклор адчуваць па-іншаму, глыбей.
Кліп гурта “Крыві” на песню “За туманам” у выкананні Веранікі Кругловай і Змітра Вайцюшкевіча – сямейнай пары на той час.
– Якія эмоцыі ў вас выклікаюць старыя запісы “Палаца”, дзе вы чыталі ангельскамоўныя рэпаваныя ўстаўкі ды падыгрывалі на духавых?
– Ага, такі зайчык-выбягайчык (смяецца). Часы “Палаца” былі вясёлымі і бесклапотнымі. Салістам быў Хаменка, а мы маглі спакойна напівацца, стаяць пад плэй-бэк, мінімальна нешта найграваць, бо практычна ўсё было запісана. Гэта было абсалютна нармальна – напіцца перад ці пасля канцэрту. Калі я пачаў сольную кар’еру, то зразумеў, што не камільфо, калі ў цябе блытаецца язык на сцэне, а на цябе пазірае спакойная цвярозая публіка. І я з гэтымі справамі на канцэртах скончыў.
Выступ гурта “Палац” на “Рок-Каранацыі-94”. Вайцюшкевіч на заднім плане, грае на кларнеце
– Цяпер можаце назваць сябе прафесіяналам?
– Прафесіяналізм прыходзіць з гадамі. Магу сказаць, што дзякуючы гэтай чатырохгадовай забароне я стаў яшчэ больш прафесійным музыкам. Быў час падумаць над усім, паразважаць над сваім месцам у гэтай прасторы, а таксама актыўна паездзіць па іншых краінах з канцэртамі, часам бясплатнымі ці за невялікі ганарар. Цяпер мне падабаецца слова “прафесійны”.
– А з мінулага нічога не хочацца выкрасліць і забыць?
– У жыццёвым плане натуральна, што ёсць такія моманты, але гэта мая гісторыя асабістая, буду сам перад панам Богам за гэта разлічвацца. У творчым плане таксама, мабыць, ёсць. Як казаў Шаінскі, ёсць песні нармальныя, а ёсць барахло. З цягам часу разумееш, што такое гэтае “барахло”. Ёсць песні, якія выконваюцца часта, але з’яўляюцца барахлом, і наадварот – некаторыя не граюцца, але маюць каштоўнасць.
Зміцер Вайцюшкевіч разам з Веранікай Кругловай, 1997 год
– Часта так бывае, што ў выканаўцы ёсць песня, якую просяць, а яму самому яна зусім не даспадобы.
– Тыкаць пальцам не буду, таму што калі мне яно не падабаецца, не значыць, што яно кепскае. Я як Саша Саладуха скажу – мне ўсе мае песні падабаюцца. Проста бывае так, што некаторыя просьбы не да часу і не да сітуацыі. Я не магу ўвесь час выконваць песню “Дзе мой край” альбо “Сцяг”, таму што там нехта выгукнуў з залы, а канцэрт іншага кшталту. Такія песні не мусяць быць замыленымі: вось давайце мы зараз “Что такое осень” спяем усе разам – такога не павінна быць.
МАЯКОЎСКАЗНАЎЦА І РЫЖКОВАЛЮБ
– 10 гадоў таму выйшаў, напэўна, самы дзіўны ваш альбом – “MW” на вершы Уладзіміра Маякоўскага. Як цяпер ставіцеся да таго эксперыменту?
— Харошы альбом, адзін з маіх найлепшых. А Фядута дык лічыць, што найлепшы. Цяпер я разумею, што гэта нармальна, калі нейкаму альбому банальна не шанцуе. А тады я быў ідэалістам. Мне здавалася, зраблю зараз на Маякоўскага і стану вядомым у інтэлігенцкім коле рускіх аўтараў, якія выконваюць спяваную паэзію. Плюс для мяне быў у тым, што я заглыбіўся ў біяграфію Маякоўскага, стаў такім беларускім маякоўсказнаўцам.
Фотасесія Вайцюшкевіча да альбома “MW”
– Але публіка не прыняла і разлік не апраўдаўся, так?
– І не толькі з ім. З Ваячкам таксама. Шэсць гадоў працы, мне здавалася, што праца можа быць запатрабаваная… Але гэта мае ўнутраныя ўніверсітэты, і свае плюсы, як маральныя, так і фінансавыя, я ўсё ж атрымаў. Маякоўскага я паказваў і ў Маскве, і ў Берліне, і ў Парыжы. Інтарэс да Ваячка ёсць у Польшчы…
– Назавяце паэтаў, якіх вы яшчэ не ахапілі, але якія дужа вас цікавяць?
– Анатоль Сыс. Быў у планах альбом на яго вершы, але я спыніў над ім працу, бо ў пэўны момант усе пачалі займацца Сысам і ў мяне з’явіліся іншыя ідэі, бо я люблю працаваць у вольнай прасторы, не звязанай з нейкімі спаборніцтвамі на тэму, хто лепей праспявае таго ці іншага аўтара. Віталь Рыжкоў, ужо знакаміты і эпатажны. Мне падабаецца, як ён піша, як чытае свае вершы, і яго музычныя эксперыменты мне падабаюцца. Наогул хочацца зрабіць альбом на вершы маладых сучасных беларускіх паэтаў. Таксама хочацца звярнуцца да Стральцова. І да Хадановіча, хоць з ім і шмат зроблена разам. Цяпер ён пераклаў на беларускую шэсць песень Яраміра Нагавіцы. Але хацелася б папрацаваць больш шчыльна і з яго асабістай паэзіяй. Я разумею, што гэта не павінна быць паўторам, бо трохі ёсць у мяне ўжо альбомаў.
– Не спрабавалі пад уплывам ад паэзіі, якую прапусцілі праз сябе за ўвесь час, паспрабаваць сканструяваць свой уласны верш?
– Мае канструкцыі ў “Простых словах” на “Радыё Рацыя”. Калі гэта можна назваць паэзіяй. Пасля шведскага праекта “Чара” ў мяне пачалі з’яўляцца нейкія словы, яны больш падобныя да белага верша, да нейкіх развагаў пра надвор’е, сям’ю, сны, станы. Такі хіп-хоп старога пердуна. Магчыма, варта праз пару гадоў гэта ўсё аформіць.
– Дык а можа сапраўды пра хіп-хоп альбом падумаць, можа такое быць?
– Я зразумеў за гэтыя 15 гадоў, што ўсё ахапіць нерэальна. Раней мне здавалася, што я магу і тут, я магу і там, а цяпер бачу, што няма сэнсу рваць дупу. Ну не моцны я ў джазе ці ў тым жа хіп-хопе. А вось пад шыльдаю “хіп-хоп старога пердуна” мне ёсць што сказаць. Хацелася б яшчэ погляду збоку, не стае гэтага. Усё жыццё сам прыдумваеш сабе вобразы, сааўтараў, але часам хочацца заахвочванне атрымаць. З тым жа Маякоўскім было чаканне, што з’явіцца які-небудзь вар’яцкі режысёр ці прадзюсар, які скажа: чувак, я гэта бачу, давай так зробім.
– А чаму ў такім разе не заняліся ўсур’ёз акторскай кар’ерай?
– Мне калісьці вельмі захацелася стаць акторам. Я сустрэўся з Мікалаем Халезіным і з Уладзімірам Шчэрбанем. Кажу: вазьміце мяне ў тэатр свой, у вас так цікава атрымліваецца, я магу быць вам карысным. І Шчэрбань кажа: я цябе ўяўляю голым на сцэне, а замест фігавага лістка – дранік. Я тады не зразумеў трошкі фішачкі, а цяпер разумею, што варта папрацаваць дзеля таго, каб быць акторам. Кожная справа вымагае часу, а часу на ўсё не хапае.
– Такім чынам, вашая кар’ера як актора не адбылася і ўжо не адбудзецца?
– Ну, калі можна назваць акторствам тое, што я выходжу на сцэну тэатра-студыі “Буфа” Януша Юзэфовіча ў Варшаве, то яна адбываецца. Я выходжу з песнямі і нешта расказваю – пра Нёман, пра Беларусь, і неяк весялю. Пяю ўжо пяты год у межах расійскага вечара – песні Акуджавы, Бернэса, а трэцюю песню – беларускую. Пастаноўкі адбываюцца раз, часам два на месяц цягам усяго года.
ПА-ЗА КАНКУРЭНЦЫЯЙ
– Ці сочыце за тым, што адбываецца ў беларускай музыцы?
– Канечне. У першую чаргу дзякуючы радыё – слухаю “Радыё Рацыя”, радыё “Культура”, радыё “Беларусь”. Манітору для сябе асабіста, што адбываецца на Першым канале беларускага радыё. На “Бардаўскую восень” прыязджаю штогод, каб паслухаць канкурсантаў. Хаджу на канцэрты, якія “Тузін” ладзіць. Сачу за магілёўскай музычнай школай.
– А ў сваім кірунку адчуваеце канкурэнцыю?
– Пакуль што не… Шмат хто, у тым ліку і аўдыторыя з такімі незалежніцкімі поглядамі, прымае маю творчасць за архаіку, таму яна не ў трэндзе, як кажуць. Па-другое, практычна ніхто больш не займаецца чужой паэзіяй. Звычайна так: выбег, спеў песню на Сыса ды ізноў вярнуўся на свой падворак. А так, каб планавана – верш за вершам, паэт за паэтам – такіх няма. Усе ў асноўным займаюцца эгаістычным прасоўваннем сябе як выканаўцы сваёй паэзіі. Таму канкурэнцыі не бачу.
Зміцер Вайцюшкевіч фатаграфуецца з прыхільніцамі, якія трымаюць у руках фотаздымак з Вайцюшкевічам, зроблены на сем гадоў раней за гэты, 2007 год
– А чаму трэба прасоўваць чужую паэзію, калі ёсць свая?
– Я асабіста вершаў не пішу, таму бяру творы іншых. Але мне яшчэ цікавае жыццё гэтых паэтаў. Таму што пры вывучэнні жыцця Маякоўскага можна пазбегнуць тых памылак, якія ён рабіў. Ці паглыбіцца ў паэзію Барадуліна – 10 гадоў таму я спяваў і паловы тэксту не разумеў ці не адчуваў як цяпер. Гэта для мяне неабходна, гэта мае ўніверсітэты, бо не кожны нараджаецца адразу такім разумным, як Віталь Рыжкоў ці Глеб Лабадзенка, які зрабіў у 25 гадоў тое, што іншы ў 40 не зробіць.
– Часта бывае такое, што вашае бачанне паэзіі не супадае з бачаннем аўтара?
– Мы з Някляевым дагэтуль спрачаемся на гэты конт. Ён піша верш, і ў ім сядзіць унутраны кампазітар, які прапаноўвае пад яго мелодыю. Уладзімір Пракопавіч, калі паказвае новы верш, часам яго напявае. Але гэтая мелодыя можа не супасці з маёй, і мы ваюем. З Камоцкім і Бураўкіным не было канфліктаў на гэты конт. З кожным з аўтараў былі асаблівыя адносіны. І ўсе яны для мяне маюць вялікую каштоўнасць.
– Што вас натхняе на новыя ідэі ва ўмовах поўнага адключэння ад радыё- і тэлеэфіраў, праблемамі з канцэртамі ў сваёй краіне ды іншых перашкодаў?
– Адсутнасць эфіраў на радыё кампенсуецца эфірамі на “Радыё Рацыя”, рэсурс у іх немалы. Усведамляю таксама, што прысутнасць на тэлебачанні і колькасць гэтых эфіраў зусім не гарантуе таго, што ты збярэш поўную залу, а на мае канцэрты людзі збіраюцца і без гэтых эфіраў. Таму гэта аніяк не ўплывае на мой настрой. А натхняе – зямелька і сонейка, якое свеціць (ці засвеціць) у акенца. У мяне была магчымасць вучыцца ў Піцеры ці паступіць у Акадэмію музыкі ў Варшаву ды стаць добрым кларнетыстам, але недзе вырашылі, што Вайцюшкевіч мусіць займацца беларускай справай. І мне гэта падабаецца. Я адчуваю сябе на сваім месцы.
Размаўляў Сяргей Будкін