У Дзень роднай мовы МГА “Гісторыка” зладзіла вандроўку па Вялейскім краі 21 лютага.
Званіца ў Заброддзі
Беларусь – гэта не толькі мова, але і культура, і гісторыя, якая ёсць паўсюль. Прагная да гэтай гісторыі моладзь і людзі старэйшага ўзросту наведалі Вялейскі край, што ў Мінскай вобласці.
Экскурсавод Аляксей Сюдак
Нягледзячы на адлігу, якая папярэднічала экскурсіі, зранку ў нядзелю ішоў снег, пад якім экскурсанты мелі гонар абыходзіць вялізныя лужыны ў в. Куранец, каб наведаць могілкі паўстанцаў, што загінулі падчас паўстання К. Каліноўскага. Гэты нацыянальна-вызвольны рух быў актыўна падтрыманы ў Вялейскім краі.
У лесе, што каля вёскі Рэчкі, знаходзіцца гара з пячорамі натуральнага паходжання, да якіх ісці полем і лесам не менш за сто пяцьдзесят метраў. Самім пячорам каля трыццаці тысячаў гадоў. Каб паглядзець на іх, давялося вытаптаць сапраўдную сцежку ў глыбокім снезе. Пасля скіраваліся ў вёску Касцяневічы, дзе стаіць касцёл, пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Ён з’яўляецца архітэктурным помнікам. Наогул у Вялейскім краі такіх помнікаў няшмат, больш старых сядзібаў, якія паціху разбураюцца, багата камянёў-следавікоў, некаторыя з якіх з’яўляюцца культавымі. Напрыклад, камень Варацішын крыж (в. Камена). Вялікія камяні, такія як Гомсін (в. Куранец) нават маюць свае легенды. Людзі апавядаюць, што ў камень нібыта ператварылася сядзіба краўца Гомсы разам з ім. Гомса не верыў ні ў што і таму працаваў нават на Вялікдзень, за што быў пакараны. Кажуць, што калі на Вялікдзень прыкласці вуха да камня, то можна пачуць, як працуе кравец.
У вёсцы Заброддзе, у якой ужо амаль не засталося жылых хат, жыве мастак Барыс Цітовіч з сям’ёй. Ён уласнымі сіламі стварыў музей Першай сусветнай вайны: прывёў у парадак пахаванні на месцы ваеннага шпіталя, паставіў крыжы загінулым. Экскурсавод Аляксей Сюдак, гісторык з Вялейкі, прывёў словы мастака: “Чаму мы так шануем Другую сусветную вайну і зусім не ўзгадваем Першую? У ёй загінулі нашыя землякі і бацькі тых, хто ваяваў пасля”. На тэрыторыі сваёй сядзібы Б. Цітовіч пабудаваў каплічку, у якой можна паставіць свечку. Побач знаходзіцца невялічкі парк з дрэвамі, пасаджанымі роднымі загінулых у вайне і проста тымі, хто калісьці наведваў гэтае месца.
Сам горад Вялейка налічвае каля трыццаці тысячаў жыхароў. Афіцыйная назва пішацца праз “і” – Вілейка, яна ж праходзіць у сённяшнім справаводстве. Але калі спытаць у каго са старых жыхароў, як называецца горад, яны адкажуць: “Вялейка”. Адсюль варыяцыі назвы ракі: не Вілія, а Вялля. Пра існаванне гораду існуюць згадкі, датаваныя 1460 годам. Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі Вялейка некалькі гадоў была абласным цэнтрам. У горадзе экскурсія была нядоўгай: наведалі адну з дзвюх плошчаў, праехалі па некалькіх вуліцах. На цэнтральнай плошчы традыцына стаіць Ленін, адміністрацыйныя будынкі, два храмы – неагатычны каталіцкі (1914 году) і праваслаўная царква-мураўёўка (1865). Да вайны непадалёк стаяла і ўніяцкая царква. Цяпер на яе месцы банк.
Захаванне загінулых у паўстанні Каліноўскага
Людзям уласціва не ведаць мясцовай гісторыі, напрыклад, таго, што на месцы анкалагічнага шпіталя былі расстраляныя людзі, і пры будаўніцтве іх косткі вывозілі разам з грунтам. А такіх гісторый у гарадах Беларусі багата. Напэўна, таму некаторыя троху здзіўлена разглядалі людзей са здымачамі, які прыехалі з Мінску на цэлы дзень, каб слухаць гісторыю Вялейскага краю.
Святагеогріеўскі касцёл у Вялейцы
Гара з пячорамі
Вандроўка ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”