Вылучаны Беларусьсю фільм «Ўрокі фарсі» зьнялі з конкурсу на прэмію «Оскар»

09.01.2021 Кіно

Беларусь унесла ў конкурсную праграму на прэмію Амэрыканскай кінаакадэміі фільм Вадзіма Пэрэльмана «Ўрокі фарсі», паведамляе «Свабода».


Як піша ўплывовае амэрыканскае выданьне «Variety», беларускі прэтэндэнт на «Оскар» быў дыскваліфікаваны з міжнароднага конкурсу за прыз у галіне ігравога кіно.

Фільм «Урокі фарсі», які расказвае аб падзеях часоў Другой сусьветнай вайны, прадстаўляў на конкурсе Беларусь.

Variety паведаміў, што Акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук зьняла фільм з разгляду, паколькі ён не адпавядаў патрабаваньням катэгорыі, якія прадугледжваюць, што большасьць творчага ўнёску ў карціну павінна паходзіць ад жыхароў краіны, якая падала заяўку.

Драма часоў Другой сусьветнай вайны, сусьветная прэм’ера якой адбылася на Бэрлінскім кінафэстывалі ў мінулым годзе, адбываецца ў акупаванай Францыі ў 1942 годзе. Паводле сцэнару, бэльгійскі яўрэй пазьбягае пакараньня нацысцкай расстрэльвай камандай, калі заяўляе, што зьяўляецца персам. Затым яго заклікаюць выкладаць фарсі — на якім ён не размаўляе — для кіраўніка лягера, які марыць адкрыць рэстаран у Іране па заканчэньні вайны.

Фільм спачатку быў напісаны на расейскай мове, а потым перакладзены на англійскую і, у рэшце рэшт, на нямецкую.

Ільля Сцюарт, прадзюсар фільма, пацьвердзіў Variety, што ён зьняты з гонкі.

«Беларускі камітэт і нашы партнэры па вытворчасьці прадэманстравалі, што фільм адпавядае ўсім неабходным патрабаваньням для прадстаўленьня краіны на ўручэньні прэміі Акадэміі. Аднак той факт, што фільм зьяўляецца міжнароднай супольнай прадукцыяй з удзелам некалькіх краін, і што асноўная мова не зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны, якая прадстаўляе яго, заўсёды азначаў, што наш выпадак быў зусім унікальным», — сказаў Сцюарт.

«Хоць мы, вядома, вельмі расчараваныя, мы паважаем рашэньне Акадэміі і зь нецярпеньнем чакаем, што "Ўрокі фарсі" працягнуць свой шлях да міжнароднай аўдыторыі, нягледзячы на моўны барʼер, які, як ні дзіўна, зьяўляецца тэмай і прадметам фільму».

Фільм стварыла маскоўская кампанія Hype Film у супрацоўніцтве з берлінскімі кампаніямі «LM Media» і «One Two Films», а таксама «Беларусьфільмам».

«Свабода»