Калі з адчыненых дзвярэй караоке-клуба нясуцца фальшывыя ноты, пачынаеш неяк не вельмі добра адзывацца пра стваральнікаў гэтага дэвайса. Але ёсць людзі, у якіх атрымліваецца — без усякай адукацыі і трэніровак, а проста так, ад прыроды — спяваць не проста добра, а вельмі добра.
“Іншых паглядзець і сябе паказаць” — мэта міжнароднага фестывалю “Зорка караоке — 2012”, урачыстае адкрыццё якога адбылося 10 жніўня ў сталічным караоке-тэатры “Багема”, добра вядомым сярод прыхільнікаў караоке.
Фестываль сабраў больш за тысячу прыхільнікаў караоке і прадстаўнікоў караоке-індустрыі з 10 краін: Беларусі, Казахстана, Ізраіля, Расіі, Украіны. Прызавы фонд фестывалю складае 50 тысяч у.а.
У першы фестывальны дзень на сцэну паднялося 20 выканаўцаў, прадстаўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны. Некаторыя прыйшлі з групай падтрымкі, што было вельмі дарэчы, бо калі падымаешся на сцэну, яркае святло сафітаў можа каго заўгодна збіць з панталыку.
У гэты першы ўрачысты дзень рэпертуар быў дастаткова разнастайным: ад народных песень да арый з опер, ад вядомых сусветных хітоў да песняў савецкай эстрады.
Журы — прадстаўнікі фэшн-індустрыі, прадусары, акторы і кубінская спявачка, госця фестывалю Барбара Гала Кіперальда, — строга ацэньвалі кожнае выступленне ў трох катэгорыях: за вакальнае майстэрства, за сцэнічны вобраз і за складанасць выканання.
Як прызналася адна з фіналістак, мінчанка Аліна, што некалькі месяцаў шукала песню, вартую міжнароднага фестывалю, “у дзяцінстве я вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна і ненавідзела хор. А ў фестывалі вырашыла паўдзельнічаць, таму што проста люблю спяваць”. Сапраўды, саксафон, запрошаны Алінай у суправаджэнне, быў шыкоўны, а яе вакал — цудоўны. Усе дзясяткі ў гэты вечар атрымалі два канкурсанты, якім журы пасля 15-хвіліннай нарады прысудзіла першае месца.
Адчуць сябе канкурсантамі, а таксама падзяліцца ўражаннямі на сцэну падняліся і сябры журы.
У перапынку, калі астатнія чальцы журы адпачывалі, кубінская спявачка, чароўная, тэмпераментная, як усе жыхары поўдня, Барбара, запаліла публіку нястрымнай румбай. Уседзець на месцы не ўяўлялася магчымым.
Шкадаванне пра сваё строгае судзейства выказала спявачка Галіна Шышкова і пажадала канкурсантам далей удасканальвацца і развівацца. Пры канцы ўсе — і канкурсанты, і журы — разам праспявалі песню.
Адборачныя туры працягнуцца да 24 жніўня, калі на сцэне будзе выступаць ад 20 да 30 выканаўцаў. Трое найлепшых, паводле ацэнак кампетэнтнага журы (як і ўдзельнікі, яно змяняецца штодня), выйдуць у фінал, дзе і разыграюць Гран-пры. Свята толькі пачалося.
Зарына Кандрацьева