«Дапамажыце зрабіць дзіця нармальным!» — такое часцяком чуюць сямейныя псіхолагі ці выхавацелі, калі да іх звяртаюцца бацькі. Маўляў, раней было дзіця як дзіця і раптам пачало скандаліць. І нічога з ім не зробіш.
Але дзіця ніколі не скандаліць проста так. Дзіця — такі ж член сям’і, як і ўсе астатнія. Як кажа педагог-псіхолаг, адна з кіраўніцаў ініцыятыўнай групы «Вучыцелькі.бай» Таццяна Говар, сям’я — гэта сістэма. Як ва ўсялякай сістэме, у сям’і ўсё узаемазвязана. І калі дзіця капрызуе — хутчэй за ўсё, яно рэагуе на тое, што робяць іншыя члены сям’і.
Калі дзіця раптам пачало паводзіць сябе дрэнна, то яму чагосьці не стае. Адна з самых распаўсюджаных прычынаў дзіцячых капрызаў — банальная барацьба за ўвагу. Калі бацькі не надаюць малому дастаткова ўвагі, яно пачынае прывабліваць гэтую ўвагу непаслушэнствам. Тады бацькі звяртаюць на дзіця ўвагу, і яно дамагаецца чаго хоча.
Але ў гэтым ёсць адмоўны фактар — калі бацькі звяртаюць увагу на дзіця толькі тады, калі яно паводзіць сябе дрэнна, то дзіця дамагаецца ўвагі толькі такім чынам: умацоўваецца нейкі «ўмоўны рэфлекс». А як толькі бацькі перастануць аддаваць увагу дзіцяці падчас дэманстрацыі дрэнных паводзінаў, а будуць заахвочваць добрыя ўчынкі, то малеча пачне паводзіць сябе добра.
Яшчэ адна распаўсюджаная прычына дрэнных паводзінаў, крыху супрацьлеглая першай, — гэта крыўда і жаданне адпомсціць. Дзіця можа злавацца на бацькоў або на аднаго з іх і рабіць насуперак. Крыўда ўзнікае ад таго, што бацькі звяртаюць увагу на любую памылку дзіцяці, крытыкуюць яго і выпраўляюць. І наогул, «ты яшчэ малы нешта патрабаваць». Выбудоўваючы межы дазволенага, мы свядома ці міжволі можам нанесці малому траўму або моцна пакрыўдзіць.
З гэтага іншым разам вынікае трэцяя прычына — барацьба за самасцвярджэнне. Дзіця адстойвае права на тое, каб самому вырашаць свае справы. Хутчэй за ўсё, у гэтай сітуацыі бацькі занадта кантралююць дзіця. І, нягледзячы на тое, што кожны хоча абараніць сваё дзіця ад небяспекі, ускладае на яго вялікія надзеі і імкнецца дапамагчы яму (часам замінаючы), трэба аддаць нейкія справы дзіцяці пад самакантроль.
Бацькі часам залішне перастрахоўваюцца. Бацька лічыць, што калі дзіця сутыкаецца з праблемай, то ён — дрэнны бацька: не папярэдзіў, не асцярог. Занадта канцэнтравацца на сям’і і дзецях у нашым грамадстве сацыяльна заахвочана, асабліва ў жанчын: «Я ж маці!»
Але абарона ад складанасцяў жыцця замінае і развіццю. Тым не менш можна навучаць дзіця самастойнасці паступова. Ёсць «зона найбліжэйшага развіцця» — нешта малому ўжо можна дазволіць рабіць самастойна. Штосьці нельга зрабіць без бацькоў, а нешта трэба рабіць разам з імі. Варта выстаўляць гэтыя межы, але ўвесь час карэктаваць: расце малеча — растуць не толькі яго патрабаванні, але і яго навыкі і ўменні.
Калі гэтага не рабіць, можа ўзнікнуць яшчэ адна прычына дзіцячых «конікаў» — страта веры ва ўласны поспех і нізкая самаацэнка. Калі дзіця крытыкаваць, называць «крыварукім» і ўсё рабіць за яго — яно страчвае ўпэўненасць у сабе. Малеча вырашае, што ў яе ўсё роўна нічога не атрымаецца, а значыць, і не трэба старацца.
Выпраўляць дзіцячыя памылкі разам — добрая рэч. Але ў той жа час трэба заўважаць пазітыў. Цяпер многія бацькі баяцца перахваліць дзіця, думаюуь, што трэба хваліць толькі тады, калі ўсё ідэальна. У выніку няма пасылу, што мы верым у дзіця.
Безумоўна, малеча мае права на памылкі, але важна ўмець іх выпраўляць. Гэта вопыт, падрыхтоўка да рэальнага жыцця, калі трэба будзе самому пераадольваць цяжкасці. І, з дапамогай бацькоў, асэнсоўваць, што яно нешта зрабіла вельмі добра — для гэтага і трэба хваліць.
Але ў гэтым — у заахвочванні дзіцяці, у дапамозе яму самасцвярджацца — таксама можна «перайсці мяжу». Некаторыя бацькі думаюць, што захаваць добрыя адносіны з дзіцем можна толькі тады, калі размаўляць і стасавацца з ім на роўных. Альбо адваротны бок — што падтрымка дысцыпліны несумяшчальная з любоўю да дзіцяці. У сучасных сем’ях вядуцца спрэчкі, ці трэба дзіцяці паслухмянасць, наколькі самастойна яно павіннае прымаць рашэнні.
Самастойнасць для дзіцяці — важная рэч. Але бацькі ўсё ж галоўныя. Таму варта выпрацаваць мяжу: дзе дзіця можа быць самастойным, а дзе — не. Трэба, каб дзіця гэтую мяжу калі не ведала, то хаця б прыкладна разумела.
Але самая цікавая (і надзвычай важная!) прычына дзіцячага непаслушэнства — гэта паводзіны саміх бацькоў. Для дзіцяці менавіта бацькі з’яўляюцца мадэлямі паводзін. Калі бацька крычыць на дзіця, то цалкам лагічна, што дзіця будзе крычаць на яго. Калі бацька агрэсіўны ў дачыненні да дзіцяці або іншых членаў сям’і, то дзіця будзе гэтак жа паводзіцца са сваімі аднагодкамі. Калі маці схільная скандаліць дома і дамагацца нечага крыкам — дзіця разумее, што «і так можна». І пераймае ўсе гэтыя паводзіны з маленства.
Так што калі малечу не атрымліваецца адвучыць ад нейкага стылю паводзін — паназірайце за сабою!
Што можна рэкамендаваць бацькам? Галоўнае — не рэагаваць на дзіцячыя капрызы звычайным чынам. Калі дзіця змагаецца за ўвагу, важна павялічыць долю станоўчага ўплыву, рабіць акцэнт на станоўчых момантах, ігнаруючы непаслушэнства (хоць гэта, як падаецца бацькам, і цяжка). Калі дзіця самасцвярджаецца, то, наадварот, зменшыць кантроль, даваць яму магчымасць самому выбіраць заняткі або сяброў. Калі дзіця пакрыўджанае і хоча адпомсціць, трэба паспрабаваць высветліць і вынішчыць прычыну крыўды. А калі гэта немагчыма, абмеркаваць сітуацыю разам. Калі бацька адчувае віну перад дзіцем, важна папрасіць прабачэння, прызнаць, што вы не маеце рацыі, растлумачыць, што здарылася.
І вельмі важна перагледзець свае чаканні ад дзіцяці. Калі малое страчвае веру ва ўласны поспех, неабходна паменшыць свае прэтэнзіі да яго, наладзіць з ім цёплыя адносіны, быць больш адчувальным да яго індывідуальнасці і стану, часцей выконваць працу з ім, даваць шмат пазітыўнай увагі, не крытыкаваць, заахвочваць.
Гэта ўсё — пазітыўнае выхаванне.
Аліна Бялова, budzma.by